«Звычайна лісты даходзілі рэгулярна». Ад Рыгора Кастусёва няма лістоў паўтара месяца
Зяць палітыка Дзмітрый Антончык паведаміў «Вясне», што з пачатку траўня ад Рыгора Кастусёва на волю не дайшоў ніводны ліст — хоць раней такога вялікага перапынку ў ліставанні не было. Асуджаны на вялікі тэрмін палітвязень цяжка хворы.
67-гадовага старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ўтрымліваюць за кратамі ўжо больш за тры гады. У верасні 2022 года яго прызналі вінаватым у «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і прызначылі яму 10 гадоў калоніі.
У зняволенні ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне. У красавіку яму зрабілі аперацыю па вывядзенні катэтара з мачавіка, пасля якой адразу перавялі ў турэмную камеру.
Па словах Дзмітрыя Антончыка апошняя вестка ад палітвязня была 9 траўня:
«Апошняя паштоўка, нават не ліст, была 9 траўня з віншаваннямі да Дня народзін ягонай жонкі. Але бачна, што ў яго вельмі вялікія праблемы з ліставаннем, бо лісты яму не даходзяць. Бывае, піша, што «не атрымаў адказу, таму пішу зноў». Таму апошнія лісты былі больш перапісваннем аднаго таго ж».
Як вынікае з апошніх лістоў Рыгора Кастусёва, пасля аперацыі па вывядзенні катэтара з мачавіка, якая адбылася напачатку красавіка, у палітвязня былі запланаваныя ў траўні некалькі абследаванняў у Мінску.
«Звычайна там больш месяца не трымаюць, але амаль два месяцы ўжо няма лістоў. Таму невядома ні дзе ён, ні як. Раней не было такога, каб такія вялікія перапынкі былі ў ліставанні. Звычайна лісты даходзілі рэгулярна».
Дзмітрый Антончык мяркуе, што за гэты час Рыгора Кастусёва маглі пераводзіць у Бараўляны на абследаванне, таму маглі ўзнікнуць праблемы з ліставаннем на пэўны час. Але звычайна абследаванні займаюць менш часу, таму сваякі хвалююцца праз адсутнасць сувязі з палітвязнем.
Рыгор Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка 2021 года ў Шклове. 5 верасня суддзя Уладзімір Арэшка прызнаў Рыгора вінаватым і прысудзіў яму10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У івацэвіцкай калоніі № 22, дзе палітвязень спачатку адбываў тэрмін, яго некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА, а пазней перавялі ў ПКТ.
У судзе Івацэвіцкага раёна 15 студзеня адбыўся суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання. Па рашэнні Сяргея Кухацкавольца, Рыгора Кастусёва перавялі на турэмны рэжым у Гродна.
У зняволенні ў палітвязня выявілі падазрэнне на анказахворванне. Напачатку красавіка сваякам палітвязня стала вядома, што яму зрабілі аперацыю — вывелі катэтар з мачавіка. Аперацыя зняла небяспеку разрыву пузыра ў Кастусёва, але ўскладніла знаходжанне палітвязня ў турме.
Рыгор Кастусёў у вершаваных радках пакінуў тэстамент на выпадак смерці ў турме
«Калі выпадкова натрапіць на люстэрка, не можа паверыць, што яго давяло да такога стану» — зяць пра зняволенага Рыгора Кастусёва
«Пражыць 6 гадоў выглядае складанай задачай». Рыгор Кастусёў даслаў ліст з-за кратаў
Адсутнасць ныркі, пухліна ў галаве, рак. Хто з беларускіх палітвязняў мае за кратамі вялікія праблемы са здароўем
Каментары