Былы санаторый, у якім адпачывалі беларускія касманаўты, прадалі за 420 рублёў
На гандлёвай пляцоўцы Беларускай універсальнай таварнай біржы за 420 рублёў прадалі комплекс будынкаў былога санаторыя-прафілакторыя «Нача», размешчанага ў Крупскім раёне.
У часы СССР гэты санаторый, пабудаваны ў 1973 годзе, быў папулярнай здраўніцай, куды прыязджалі на адпачынак у тым ліку і беларускія касманаўты Уладзімір Кавалёнак і Пятро Клімук.
Яшчэ ў канцы 1990-х санаторый быў закрыты, а ў апошнія гады Крупскі райвыканкам вёў пошук новага гаспадара. У выніку комплекс, а гэта чатырохпавярховы будынак з прыбудовай, 9 будынкаў гаспадарчага прызначэння, лазня, пральня і іншыя аб'екты, быў прададзены за сімвалічныя 420 рублёў.
Тры гектары зямлі пад абслугоўванне санаторнага комплексу аддадзеныя новаму ўласніку ў арэнду на паўстагоддзя.
Комплекс купіў чалавек, які не збіраецца змяняць прызначэнне аб'екта і пасля рамонту адкрые тут новы санаторый. Ён аказаўся адзіным ахвотным набыць аб'ект, таму ён і адышоў яму па стартавай цане, павялічанай на 5%.
Раней комплекс неаднаразова спрабавалі прадаць даражэй, але ахвотных на яго не знаходзілася.
Каментары