Грамадства4343

Стала вядома, колькі зарабілі на продажы БелАЗаў пасярэднікі з колаў малодшых Лукашэнкаў — гэта сотні мільёнаў даляраў на год

«Наша Ніва» дэталёва апісвала выгоды схемы, па якой сябры кіруючай сям'і забіраюць сабе прыбыткі прамысловага гіганта. На прыкладзе адной кампаніі-дыстрыб'ютара мы паказалі, што завод недалічваецца больш за палову дададзенай вартасці сваёй прадукцыі. Цяпер жа, дзякуючы Белполу, стаў вядомы поўны спіс кампаній-падзельнікаў, і мы можам прыкладна вылічыць, колькі ж соцень мільёнаў даляраў на год ідзе невядома куды і невядома каму. 

У чэрвені мы выпусцілі дэталёвы тэкст пра тое, як бізнэсмены з кола старэйшых сыноў Лукашэнкаў атрымліваюць вялізныя прыбыткі на продажах прадукцыі БелАЗа. 

Чытайце: «Мы адна сям’я». Дылеры БелАЗа, звязаныя з сынамі Лукашэнкі, зарабляюць, як сам БелАЗ

Архітэктура паставак зладжана так, што эксклюзіўныя дылеры пры пастаўках у Расію пакідаюць на сабе больш за палову ўсяго экспартнага прыбытку. Заводу, які нясе ўсе вытворчыя і крэдытныя рызыкі, дастаецца менш. 

Мы разлічвалі нашы табліцы на прыкладзе кампаніі «Аўтатэхінмаш», пра якую дакладна было вядома, што яна адзін з дыллераў БелАЗ. 

Яе заснавальнікі Юрый Хоміч і Ігар Падгорны

20 верасня 2020 года. У Беларусі пратэсты, а Юрый Хоміч едзе следам за Віктарам Лукашэнкам на адным з мерапрыемстваў Minsk H.O.G Rally. На ім чырвоны шлем. Фота Sputnik.by

Вось тая табліца разлікаў удзелу ў прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі БелАЗа за гады, па якіх была справаздачнасць па ўсіх кампаніях з гандлёвага ланцужка (з 2021-га статыстыка завода засакрэчана). 

2018 2019 2020
Сабекошт (пры цане адзінкі прадукцыі 100 рублёў) 47,61 руб 50 руб 46,9 руб
Прыбытак (пры цане адзінкі прадукцыі 100 рублёў) 52,39 руб 50 руб 53,1 руб
Прыбытак дылера «Аўтатэхінмаш» 25,9 руб (49,4% ад прыбытку)  26 руб (52% ад прыбытку) 28,3 руб (53,2% ад прыбытку)
Прыбытак дыстрыб'ютара «ГД БелАЗ» 5,1 руб (9,7% ад прыбытку) 4,7 руб (9,4% ад прыбытку) 5 руб (9,4% ад прыбытку)
Прыбытак вытворцы БелАЗ 21,39 руб (40,8% ад прыбытку) 19,3 руб (38,6% ад прыбытку) 19,8 руб (37,2% ад прыбытку)

Якая новая важная інфармацыя з'явілася цяпер, што мы вярнуліся да гэтай тэмы? На момант першай публікацыі поўны спіс дыллераў, якія адораныя правам дыстрыбуцыі прадукцыі БелАЗ у Расіі, быў невядомы.

Раней журналісты ведалі толькі пра «Аўтатэхінмаш» і «Б-24». Пра сувязь заснавальнікаў апошняй з Дзмітрыем Лукашэнкам вычарпальна расказваў Беларускі расследавальніцкі цэнтр. 

Пра іншых дыстрыб'ютараў інфармацыі ў публічным доступе не было, і аб маштабе прыватызаваных прыбыткаў мы маглі толькі вылучаць тэорыі, грунтуючыся на сярэдніх лічбах па дзвюх вядомых кампаніях. 

Цяпер жа Белпол перадаў «Нашай Ніве» дакумент, з якога становяцца вядомы ўсе ўдзельнікі схемы. 

Перадгісторыя ў тым, што пры канцы 2023 года быў затрыманы генеральны дырэктар БелАЗа Сяргей Нікіфаровіч. Каб паспрабаваць яго выратаваць, дылеры БелАЗ напісалі калектыўны ліст да Дзмітрыя Гары, старшыні Следчага камітэта. 

Тэкст ліста ўяўляе сабой пералік заслуг Нікіфаровіча (на думку паручальнікаў): дзякуючы камунікабельнаму Нікіфаровічу дыстрыб'ютары «мінімальна адчулі наступствы траплення прадпрыемства пад санкцыі». Больш за тое, Нікіфаровіч нават ашчаслівіў «Белшыну», прапанаваўшы ёй дзяліцца прыбыткамі са сваёй дыстрыб'ютарскай сеткай. 

Сяргей Нікіфаровіч. Фота: belaz.by

Пры канцы ліста даецца поўны спіс кампаній-паручальнікаў: 

1) Гендырэктар «ГД БелАЗ» Лямін А.

2) Гендырэктар «Б-24» Дудзінец Д. 

3) Заснавальнік «Аўтатэхінмаш» Хоміч Ю. 

4) Гендырэктар «ГПФК» Патапаў А. 

5) Упраўляючы «БелТрансЛагістык» Дзюбенка С. 

6) Дырэктар «Прамтэхснаб» Піменаў Я. 

7) Гендырэктар «Сервіс кар'ерных машын» Утачкін С. 

8) Гендырэктар «Haul Trucks-CA» Макараў К. (Узбекістан). 

9) Дырэктар «Спатсервіс» Ляднёў А. 

З данымі ўсіх дыстрыб'ютараў далейшыя падлікі сталі справай тэхнікі. Для ілюстрацыі мы ўзялі толькі 2023 год.

Згодна з фінансавай справаздачай «ГД БелАЗ», праз які на расійскі (асноўны) рынак ідзе прадукцыя завода, сабекошт продажаў «ГД БелАЗ» — 82 417 827 000 расійскіх рублёў.

Сабекошт продажаў — гэта бухгалтарскі тэрмін, які абазначае, за колькі «ГД БелАЗ» закупіў усё, што потым прадаў (паставіў дыстрыб'ютарам).

Іншымі словамі, «сабекошт продажаў» «ГД БелАЗ» роўны выручцы завода БелАЗ.

Па сярэднеўзважаным курсе расійскага рубля да даляра за 2023 год (85,24 за $1) выручка беларускага завода склала каля $967 мільёнаў. З разлікаў за папярэднія гады мы ведаем, што рэнтабельнасць завода вагалася каля 30%, і калі лічыць, што нічога не змянілася, то валавы прыбытак завода будзе каля $290 мільёнаў. 

Валавы прыбытак нічога не скажа нам пра чысты прыбытак, таму што мы не ведаем, якая частка з гэтай сумы пойдзе на пагашэнне абавязкаў і працяг дзейнасці. Нам важная толькі фінальная лічба — каля $290 мільёнаў. 

Цяпер давайце глянем дыстрыб'ютараў, якіх мы цяпер ведаем пайменна. Па тым жа прынцыпе іх «сабекошты продажаў» павінны быць у суме роўныя выручцы «ГД БелАЗ». 

Дыстрыб'ютар Сабекошт продажаў за 2023 у расійскіх рублях
«Б-24» 35 056 709 000
«Аўтатэхінмаш» 20 881 575 000
«ГПФК» 11 064 222 000
«БелТрансЛагістык» 6 875 112 000
«Прамтэхснаб» 9 264 745 000
«Сервіс кар'ерных машын» 1 524 261 000
«Haul Trucks-CA» Узбекістан Наўпрост невядома, але праз ускосны падлік ≈3 129 209 000
«Спатсервіс» 475 002 000
Усяго 85 141 626 000 + (≈3 129 209 000)
«ГД БелАЗ» Выручка за 2023 у расійскіх рублях
88 270 835 000 

Так і атрымліваецца — выручка «ГД БелАЗ» супадае з сабекоштам продажаў дыстрыб'ютараў. Статыстыку ўзбецкай кампаніі «Haul Trucks-CA» мы лічым як розніцу паміж выручкай «ГД БелАЗ» і сабекоштам продажаў дыстрыб'ютараў з вядомымі паказчыкамі. 

З той жа адкрытай справаздачнасці па кожнай кампаніі мы бачым іх выручкі і валавыя прыбыткі.

Іншымі словамі, мы ўжо ведаем, за колькі яны атрымалі прадукцыю і колькі на гэтым прыкладна зарабіў БелАЗ. І цяпер можам параўнаць з тым, колькі зарабілі пасярэднікі. Паказчыкі выручкі мы апусцім, ахвотныя падлічыць рэнтабельнасць могуць паглядзець гэта самастойна на расійскім сайце фінансавай справаздачнасці. Прыводзім толькі лічбы валавага прыбытку. 

Дыстрыб'ютар Валавы прыбытак за 2023 год у рас. рублях
«Б-24» 8 374 522 000
«Аўтатэхінмаш» 8 529 904 000
«ГПФК» 5 067 132 000
«БелТрансЛагістык» 2 178 409 000
«Прамтэхснаб» 2 757 203 000
«Сервіс кар'ерных машын» 421 861 000
«Haul Trucks-CA» Узбекістан Невядома. Пры рэнтабельнасці продажаў у 25% ≈782 302 250
«Спатсервіс» 206 864 000
Усяго ў далярах ≈ $ 329 790 000
Завод БелАЗ Валавы прыбытак за 2023 год у далярах пры рэнтабельнасці продажаў 30%
≈ $ 290 000 000 

Пры разліках мы зрабілі дапушчэнні адносна рэнтабельнасці продажаў узбецкай «Haul Trucks-CA», экстрапаляваўшы на яе сярэднія рэнтабельнасці продажаў іншых дылераў. 

Таксама мы зрабілі дапушчэнне адносна рэнтабельнасці продажаў БЕЛАЗ, экстрапаляваўшы сярэднюю рэнтабельнасць завода за апошнія гады.

Такім чынам атрымліваецца, што валавы прыбытак кампаній, якія нічога не вырабляюць, складае прыкладна траціну мільярда даляраў у год і перавышае прыбытковасць самога завода. 

Пакуль жодзінскі завод у асобныя гады траціць частку свайго прыбытку на выплаты па крэдытах, закупку абсталявання і мадэрнізацыю сродкаў вытворчасці, пасярэднікі выводзяць сотні мільёнаў даляраў у дывідэнды.

Далейшы лёс гэтых сродкаў невядомы, але раней апытаныя «Нашай Нівай» дэвелаперы і банкіры выказваюць здагадкі, што афіцыйныя заснавальнікі кампаній-дыстрыб'ютараў не з'яўляюцца рэальнымі бенефецыярамі гэтых квітнеючых бізнэсаў, таму што не відаць, куды ўкладаецца гэты капітал.

Прыватызацыя прыбыткаў толькі аднаго прамысловага гіганта Беларусі адбываецца пад шматгадовую бязлітасную крытыку пасярэднікаў Аляксандрам Лукашэнкам. 

Раней Беларускі расследавальніцкі цэнтр вычарпальна расказаў пра сувязі заснавальнікаў «Б-24» з сям'ёй Дзмітрыя Лукашэнкі. 

«Наша Ніва» таксама знайшла перасячэнні ў біяграфіях заснавальнікаў «Аўтатэхінмаша» з коламі Віктара Лукашэнкі. 

Біяграфіі іншых фармальных бенефіцыяраў кампаній-дыстрыб'ютараў пакуль невядомыя, раскрыць іх — справа журналісцкай супольнасці. 

Каментары43

  • Матан
    18.08.2024
    Метады расследвальнікаў так сабе. Экстрапаляцыя даходаў за папярэднія гады на год цяперашні - няўдзячная справа. Зараз лічбы даходаў могуць значна адрознівацца.
  • Семейка ......
    18.08.2024
    Семейка постоянно растет, растут и ее аппетиты. Превратили страну в ЗАО «Белоруссия», которую клан Лукашенок доит по полной. Мимо бюджета страны и государственных предприятий уводят миллиарды долларов, и идут они в карман семейки вот через такие прослойки и схематозы. А могли бы идти в рабочим на предприятии, на его развитие, в бюджет. Ведь все эти предприятия государственные, они принадлежат всему народу, а не семейке, дорвавшейся до власти. Но всю маржу с гос предприятий снимает именно семейка Лукашенок. А если взять какого нибудь простого частника, который занимается обычным мелким оптом, лукашенковские проверяющие органы сдерут с него три шкуры за то, что он как посредник заработал 30% с оборота. А когда тоже самое делают приближение к семейке кланы, присосавшись к гос предприятиям как паразиты с миллионными оборотами, то за это им ничего. Семейке можно все в стране, им не до законов, а простых беларусов нагнут по полной.
  • Пан Усялян
    18.08.2024
    Беня, Ротшыльды і Ракфелеры не кралі грошы ў сваіх народаў. Завод-вытворца зарабляе меньш, чым зграя лукашэнкаўскіх барыгаў. Нават не хочацца нічога каментаваць... Менавіта так выглядае сацыяльная эканоміка ў разуменні лукашэнкі. А зараз на хвілінку ўявім сабе, што ўсе гэтыя сродкі падзеленыя паміж барыгамі вяртаюцца на прадпрыемства?! Я мяркую, з такімі даходамі, БелАЗ мог бы функцыянаваць на адным узроўні з японскім і амерыканскімі канкурэнтамі на рынку цяжкой тэхнікі (не кажам зараз пра санкцыі). Не будзем будаваць ілюзій, такія самыя схематозы па высмоктванню дзяржаўных грошай працуюць на ўсіх прадпрыемствах, дзе ёсць вялікія грошы...

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі4

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка пахваліўся, што за яго ўжо напісалі 700 тысяч подпісаў14

Генштаб Украіны запэўнівае, што расійскай арміі не ўдалося ўвайсці ў Купянск і акупаваць Ільінку1

У Мінску купілі пентхаус амаль за мільён даляраў2

У Оршы ля крамы зрабілі прыгожую фотазону. Пасярод дня адтуль скралі вялікае медзведзяня10

Аўтобус Гомель — Уроцлаў з'ехаў у кювет у Польшчы

У Мінску сутыкнуліся пяць легкавікоў

Цяжкое выпрабаванне: у Паўднёвай Карэі здаюць экзамен, які доўжыцца 8 гадзін і цалкам вызначае будучыню4

«У хляве сляды ад лап, усё ў крыві». Зграя сабак парвала дарагіх авечак пад Слуцкам2

Даляр абнавіў абсалютны максімум3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі4

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →