Настаўнік замежных моў з Яраслаўля пераехаў у Беларусь і цяпер працуе ў беларускамоўным часопісе
Настаўнік Арцём Гурдаеў пераехаў з Яраслаўля ў Беларусь. Пра гэта малады чалавек марыў дастаткова доўга, і беларускую мову вывучаў спецыяльна, каб была магчымасць разумець бліжэй такую цікавую яму краіну. Адкуль з’явілася такая мара, чым захапіла Беларусь і як адбываўся працэс прывыкання да мясцовага менталітэту, Арцём расказаў карэспандэнту выдання «Слушна».
— Арцём, раней ты жыў у Яраслаўлі, навучаўся на выкладчыка нямецкай і англійскай моў…
— Так, я навучаўся на выкладчыка нямецкай і англійскай моў у Яраслаўскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя К. Д. Ушынскага з 2018 па 2023 год. З маленства мяне цікавілі замежныя мовы, і калі ў старэйшых класах паўстала пытанне выбару спецыяльнасці, я з упэўненасцю вызначыў, што паступлю на гэты напрамак.
Нягледзячы на тое, што навучанне ва ўніверсітэце доўжылася 5 гадоў, яно прамінула для мяне вельмі хутка. Мне дужа падабалася вучыцца, наведваць семінарскія і практычныя заняткі, праходзіць практыку ў школьных лагерах і ў школах Яраслаўля. Падчас практык я не меў ніякіх цяжкасцяў: мне было даспадобы распрацоўваць для дзяцей незвычайныя заданні, рыхтуючыся да тэмы заняткаў. Вучні бралі чынны ўдзел у маіх занятках, было відаць іх шчырую зацікаўленасць…
— Пасля заканчэння ўніверсітэта ты пераехаў у Беларусь. Чаму?
— Я пераехаў у Беларусь, бо марыў пра гэта з чатырох гадоў. Рэч у тым, што мая прабабуля — беларуска. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны яна разам з сям’ёй імігравала ў вёску Карміліцына, што пад Яраслаўлем. Я заспеў бабулю толькі ў сваім раннім дзяцінстве, але ў мяне засталіся ўспаміны пра тое, што яна размаўляла на нейкай прыгожай мове, якая адрознівалася ад рускай.
З тых часоў я меў трывалую прагу засвоіць беларускую мову, каб быць здольным вольна выказваць на ёй свае думкі. З гэтай прычыны ўжо ў малодшых класах школы я пачаў чытаць падручнік па беларускай мове, завучваць словы і выразы. Аднак затым маё знаёмства з мовай давялося прыпыніць, бо я цалкам занурыўся ў школьны навучальны працэс і да беларускай мовы вярнуўся толькі ў старэйшых класах.
Я не скажу, што вывучэнне беларускай мовы было для мяне цяжкім заняткам. Я зрабіў яго завядзёнкай, традыцыяй, вывучаючы штосьці новае кожны дзень. Як толькі надаралася вольная хвіліна, я не абмінаў магчымасці азнаёміцца з новай граматычнай тэмай і пачытаць творы класічнай беларускай літаратуры.
Калі навучанне ва ўніверсітэце набліжалася да заканчэння, у мяне зноў паўстала пытанне пра тое, куды рушыць далей. На той момант я ўжо даволі добра валодаў беларускай мовай. Адразу зразумеў: вось ён — мой шанец ажыццявіць мару і ўрэшце зладзіць пярэбары ў Беларусь.
Свой выбар я спыніў на Гродне, бо, шчыра кажучы, пабачыў фотаздымкі, і мне спадабалася, як гэты горад выглядае. Ад яго павявала даўніною, веліччу. Нездарма кажуць, што Гародня — каралеўскі горад. Я абмеркаваў свой намер з бацькамі, якія былі толькі радыя майму рашэнню, падрыхтаваў усе патрэбныя для пераезду дакументы, рэчы і… сеў на цягнік.
З першых хвілін знаходжання ў Беларусі я адчуў розніцу ў менталітэце. Адразу заўважыў памяркоўнасць жыхароў, іх гатоўнасць дапамагчы, падказаць, як зрабіць штосьці найлепшым чынам. Усе былі ў захапленні ад таго, што я размаўляў з імі па-беларуску.
Што да культуры Беларусі, мне вельмі спадабаліся традыцыйныя святы: Дажынкі, Багач, Дзяды, Каляды, Вялікдзень, Купалле… Яны своеасаблівыя, іх карані сыходзяць у даўніну і павязваюць традыцыі прашчураў з сучасным пакаленнем беларусаў.
Аднойчы, шпацыруючы па вулках, я раптоўна пабачыў велізарную шыльду, на якой было напісана па-беларуску: «Гродзенская праўда». Чамусь мне «цюкнула», што хачу працаваць менавіта тут. Я паспяхова прайшоў выпрабавальныя заданні, дзе трэба было адрэдагаваць тэксты на беларускай і рускай мовах, і быў прыняты на пасаду карэктара.
Зараз за тыдзень я правяраю ад 16 да 32 палос, у залежнасці ад таго, у якім фармаце выдаюцца раённыя газеты. Праца карэктарам патрабуе, на мой погляд, вялікай адказнасці, дасканалага ведання моў, уважлівасці, структураванасці, умення засяродзіцца нават у самай напружанай сітуацыі.
— Акрамя працы у цябе ёсць свой беларускамоўны гурток…
— Я лічу беларускую мову вельмі лагоднай, ласкавай і напеўнай. Было жаданне стварыць прастору, дзе людзі рознага ўзросту, размаўляючы па-беларуску, маглі б абмяркоўваць розныя цікавыя тэмы, распавядаць пра свае зацікаўленасці, незвычайныя выпадкі з жыцця, дзяліцца досведам.
Праз два тыдні знаходжання ў Гродне я выпадкам завітаў у краму-прастору «Шустры Вожык» на майстар-клас па лепцы. Там я пазнаёміўся з гаспадыняй гэтай установы і дамовіўся з ёю і маёй знаёмай, з якой мы ліставаліся ў сацсетках, аб стварэнні размоўнага гуртка. Мы ўтрох знайшлі добрую аўдыторыю для размоў, пачалі ладзіць гутаркі штосераду і зразумелі, што адных гутарковых сустрэч недастаткова, бо трэба ўдасканальваць свае веды ў беларускай мове, каб было лягчэй камунікаваць.
З гэтай нагоды па аўторках мы вырашылі праводзіць навучальныя сустрэчы і такім чынам дамагліся гарманічнага існавання клуба «Мова для ўсіх», які спрыяе пашырэнню асветы і атрыманню асалоды ад гутарак.
Зараз удзельнікамі клуба з’яўляюцца 30 чалавек рознага ўзросту: ад 18 да 70 гадоў. Сустрэчы наведваюць ад 7 да 10 чалавек. Часам надараюцца і аншлагі, калі прыходзяць 15—17 чалавек. Такое адбываецца, калі мы ладзім сустрэчы з адметнымі гасцямі: пісьменнікамі, мастакамі ці калекцыянерамі.
— Ты яшчэ і цудоўна малюеш. Вучыўся гэтаму ці карыстаешся праграмамі?
— Колькі сябе памятаю, заўсёды меў натуральны поцяг да малявання. Я не мог не маляваць, таму пры магчымасці адлюстроўваў на паперы сюжэты, што прыходзілі мне да галавы. Я не навучаўся ў мастацкай школе: усе веды я атрымаў ад матулі, якая таксама вельмі любіць маляваць, а таксама з навучальных відэа.
Пры маляванні на графічным планшэце я карыстаюся праграмаю Procreate, але больш за ўсё мне падабаецца маляваць на паперы, бо ў такім выпадку я магу адчуваць матэрыялы, якія выкарыстоўваю для малявання. Часцяком аддаю перавагу графітным і каляровым алоўкам, акварэлі. Асабліва люблю ствараць плаўныя градыенты, каб адзін колер непрыкметна пераходзіў у іншы. Гэта надае малюнку паветранасці і пэўнай чароўнасці.
Часцей за ўсё я малюю магічных істот, якія раптам усплываюць мне на думку, жывёл, гарадскія пейзажы, партрэты людзей. Маляванне для мяне тое ж самае, што і кісларод. Без яго я не магу ўявіць свайго жыцця. Яно дае мне энергію і магчымасць ствараць штосьці новае, непаўторнае.
— Расскажы, як ты пачаў супрацоўнічаць з часопісам «Бярозка»?
— Пабачыў у інстаграме, што «Бярозка» ладзіць конкурс для мастакоў, у межах якога трэба намаляваць персанажа-маскота, які асацыяваўся б з часопісам. Я адкладаў маляванне персанажа ў доўгую скрыню, а потым уцяміў, што магчымасці адтэрміноўваць больш няма і ў апошні дзень конкурсу даслаў свайго персанажа. Вельмі пераймаўся, што мяне ўжо не дапусцяць да ўдзелу, але мае хваляванні аказаліся марнымі.
Склалася так, што менавіта мой персанаж набраў аднолькавую колькасць падабаек разам з іншай карцінкай, таму быў праведзены дадатковы этап, па выніках якога я перамог. Ад таго моманту я пачаў супрацоўнічаць з «Бярозкай» на ўмовах ганарару, малюючы штомесяц па пяць карцінак з выяваю дзяўчынкі-бярозкі. Ад пачатку ліпеня 2024 года я ў штаце супрацоўнікаў часопіса ў якасці стыль-рэдактара.
Арцём таксама цікавіцца каліграфіяй, вязаннем шыдэлкам, анімацыяй і спевамі. Яго цягне да мастацтва і рамяства. Хлопец лічыць, што зробленае сваімі рукамі — найкаштоўнейшы падарунак для сваякоў і сяброў, якія, як прызнаецца Арцём, заўсёды былі для яго падтрымкаю і апірышчам.
— Калі б ты меў суперздольнасць, якая яна была б?
— Я хацеў бы ўмець чараваць, каб у патрэбны момант з’яўляўся неабходны мне прадмет. Напрыклад, сяджу я ў парку, разумею, што маю жаданне памаляваць, і з’яўляюцца скетчбук, пэндзлі ды алоўкі. Яшчэ мне бракуе здольнасці тэлепартавацца. Я жыву ў імклівым тэмпе, таму часам мне трэба хутка трапіць з адной лакацыі ў іншую…
Любімая фраза Арцёма: «Ты ўсё зможаш». Калі ён ў прыгнечаным стане, то некалькі разоў паўтарае гэтую фразу, упэўніваючы самога сябе ў тым, што цяжкасці часовыя і маюць уласцівасць заканчвацца. Пасля гэтага хлопец спакваля пачынае рабіць задуманае…
Астапеня: Мы перараслі той момант, калі думалі, што Беларусь будзе беларускамоўнай
«Паколькі Расійская імперыя ёсць пустка, залітая гаўном, то мы можам толькі з гэтай пусткі вырывацца»
Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?
«Адкрыта змагацца з беларускай мовай уладам будзе цяжка». Так сцвярджае амерыканскі даследчык, які ўсё жыццё прысвяціў яе вывучэнню
Каментары
нават крупіначка беларушчыны (ад прабабулі, якую бачыў да 4 год) прабілася і заквітнела такім цудоўным чынам у гэтым цудоўным хлопцы