Свет88

1xBet ладзіць тысячы фіктыўных матчаў, у тым ліку ў Беларусі. На іх зарабляюцца касмічныя сумы

Букмекерская кантора 1xBet арганізоўвае велізарную колькасць фіктыўных матчаў па розных відах спорту, у якую за грошы ўцягваюцца непрафесійныя гульцы і нават маленькія дзеці. Гэтыя матчы ладзяцца 24/7 у закрытых памяшканнях без гледачоў, людзей апранаюць у формы вядомых каманд свету, і дзякуючы стаўкам зарабляюць на іх гіганцкія сумы грошай. У якасці пляцовак для матчаў выкарыстоўваюць у тым ліку беларускія спартыўныя аб'екты.

Кадры з трансляцый скандальнага букмекера 1xBet, падчас якіх робяцца стаўкі на фіктыўных аматарскіх гульнях па розных відах спорту. Фота: Bellingcat / Josimar

Сумеснае расследаванне праекта Bellingcat і платформы спартыўных расследаванняў Josimar выкрыла дэталі маштабнай аферы.

Аматарскія турніры 1xBet транслююцца ва ўсім свеце, у іх выкарыстоўваюцца гульцы з Расіі, Беларусі і Украіны, у тым ліку маленькія дзеці.

Велізарную папулярнасць на трансляцыях нелегальных аматарскіх гульняў мае так званы кароткі футбол, які ўключае каманды з двух да пяці гульцоў з кожнага боку і доўжыцца ад дзесяці да дванаццаці хвілін. Калі матч канчаецца, гульцы змяняюць майкі і пачынаюць новую гульню на адным з суседніх палёў, якія аддзеленыя мж сабою заслонамі. Такім чынам, «Арсенал» можа ператварыцца ў «Амстэрдам» або «Дортмунд». Галоўнае тое, што дзеянне ідзе бесперапынна, і заўсёды ёсць гульня, на якую можна зрабіць стаўку, як днём, так і ноччу.

Стаўкі на падобныя матчы і турніры прымаюць усе букмекеры, але ў гэтым выпадку ідзе гаворка пра арганізацыю падобных спаборніцтваў канторамі з мэтай павышэння ўласных заробкаў.

Адны і тыя ж гульцы ў майках розных сусветна вядомых футбольных каманд гуляюць на бесперапынных нелегальных аматарскіх матчах, якія ладзяцца букмекерам 1xBet. Фоты: Bellingcat / Josimar

У нелегальных матчах па кароткім футболе можна таксама пабачыць такія каманды, як «Ліверпуль», «Рэал Мадрыд», «Барселона» і іншыя. Гульцоў апранаюць у формы гэтых сусветна вядомых каманд для лепшых праглядаў і высокага даходу на стаўках. Пры гэтым 1xBet — глабальны партнёр ФК «Барселона», а таксама ПСЖ, «Алімпік Ліль», Серыі А і Афрыканскай футбольнай канфедэрацыі (CAF).

Таксама гульцоў апранаюць у формы неіснуючых каманд, даючы ім фіктыўныя назвы і прыдумляючы новыя фальшывыя лігі.

За ўдзел у такіх гульнях, паводле Bellingcat і Josimar, людзі атрымліваюць грошы (аднак невядома, ці атрымліваюць грошы абсалютна ўсе гульцы). Адзін з удзельнікаў кароткага футбола, з якім пагутарылі расследавальнікі, заявіў, што кожны дзень кожнага тыдня за 5-гадзінную змену адгульвае мноства матчаў за розныя каманды. Па словах гульца, змены мяняюцца ўвесь час, гульні ладзяцца ў тым ліку па начах, і «некаторыя ўдзельнікі не вылазяць з пляцовак днямі», бо ім патрэбныя грошы.

Мужчына сцвярджае, што зарабляў за год больш, чым сярэдні доктар у Расіі (сярэдні заробак расійскага доктара ў месяц складае каля 80 тысяч расійскіх рублёў — гэта 3000 беларускіх рублёў).

Нелегальныя фіктыўныя матчы па кароткім футболе, якія ладзяцца нелегальным букмекерам 1xBet

Аналіз Bellingcat паказаў, што на сайце 1xBet у верасні на працягу 24 гадзін у жывым эфіры трансляваліся 1297 матчаў аматарскага кароткага футбола. Для параўнання, нямецкая Бундэсліга, англійская Прэм'ер-ліга і іспанская Ла Ліга праводзяць усе разам 1066 гульняў за ўвесь сезон.

1xBet ладзіць аматарскія фіктыўныя гульні кожны дзень, іх трансляцыя ідзе няспынна і іх глядзяць ад 5 мільёнаў гледачоў штомесяц. Гэта значыць, што колькасць аматарскіх футбольных матчаў, якія транслююцца на гэтым сайце кожны год, складзе амаль паўмільёна. І гэта толькі гаворка пра кароткі футбол.

Афера 1xBet была рэалізаваная ў прамысловых маштабах. Букмекер транслюе відэа з розных месцаў, дзе таксама ладзяцца непрафесійныя турніры па баскетболе, валейболе, флорболе, хакеі, тэнісе, настольным тэнісе і гэтак далей. Ёсць і абсурдныя віды спорту, напрыклад «Subsoccer» (таксама вядомы як «футбол на лаўцы»), дзе два гульцы спрабуюць забіць мяч у маленькую клетку з сеткі, седзячы на лаўках амаль побач адзін з адным.

Кадр з трансляцыі «Subsoccer» на сайце 1xBet

Усе нелегальныя аматарскія матчы праводзяцца на складскіх памяшканнях і пераабсталяваных арэнах, частка з якіх падобныя да дэкарацый з тэлесерыяла «Гульня ў кальмара», адзначаюць праекты Bellingcat і Josimar.

Дагэтуль было невядома, дзе менавіта ладзяцца гэтыя кароткія матчы, і сам 1xBet ніколі не раскрываў гэтага, рэгулярна правяраючы некаторых гульцоў на дэтэктары хлусні з намерам высветліць, ці распавядалі тыя каму-небудзь характар іх занятасці і месцы правядзення гульняў.

Аднак журналісты здолелі вылічыць месца знаходжання некалькіх пляцовак, і частка з іх знаходзіцца ў Беларусі. Так, 1xBet ладзіць закрытыя фіктыўныя тэнісныя спаборніцтвы пад эгідай «Daily Aqua Tour» у прыватнай тэніснай акадэміі Avante Club у Мінску і арганізоўвае нелегальныя баскетбольныя матчы на пляцоўках дзяржаўнага спартыўнага комплексу «Алімпіец» у Магілёве, які служыць базай для Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы (прычым гэтыя баскетбольныя матчы ладзяцца фіктыўнымі камандамі ў рамках так званай «Беларускай нябеснай лігі», якой у краіне афіцыйна не існуе).

Ні Avante Club, ні Магілёўскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы не адказалі на запыты праектаў Bellingcat і Josimar даць каментар па сітуацыі. 

Характэрна, што сам букмекер 1xBet афіцыйна прыпыніў дзейнасць у Беларусі і перастаў абслугоўваць беларускіх кліентаў, забараняючы ім рабіць стаўкі, ствараць дэпазіты і выводзіць сродкі.

Закрытыя фіктыўныя тэнісныя спаборніцтвы для 1xBet ладзяцца на базе тэніснай акадэміі Avante Club у Мінску. Скрыншот расследавання Bellingcat / Josimar
Закрытыя фіктыўныя баскетбольныя спаборніцтвы для 1xBet ладзяцца на базе дзяржаўнага спартыўнага комплексу «Алімпіец» у Магілёве. Скрыншот трансляцыі 1xBet з расследавання Bellingcat / Josimar

У Расіі, дзе 1xBet афіцыйна забаронены і пераследуецца за парушэнні законаў, букмекер таксама ладзіць мноства нелегальных матчаў. Так, журналісты-расследавальнікі вылічылі, што падпольныя гульні 1xBet рэгулярна ладзяцца:

  • на стадыёне «Мардовія Арэна» (адзін з самых вялікіх стадыёнаў Расіі, які будаваўся спецыяльна пад чэмпіянат свету па футболе — 2018),
  • на базе прафесійнай футбольнай школы імя Аляксандра Сцёпіна ў Бранску, якая супрацоўнічае з кіруючай расійскай партыяй «Адзіная Расія» і энергетычнай дзяржкарпарацыяй Газпрам,
  • на стадыёне «Беламорац» на базе комплексу фізічнай культуры і адпачынку «Зорачка» ў Северадзвінску.

У пералічаных вышэй месцах у фіктыўныя гульні 1xBet таксама ўцягваюцца дзеці ад 14 да 16 гадоў (як хлопчыкі, так і дзяўчаткі), а таксама ладзяцца дзіцячыя вайскова-патрыятычныя мерапрыемствы, дзе навучаюць карыстацца зброяй, паведамляюць праекты Bellingcat і Josimar.

Фіктыўны матч па баскетболе на стадыёне «Мардовія Арэна» за 15 кастрычніка 2024 года (зверху). Вайскова-патрыятычнае мерапрыемства са зброяй на той жа «Мардовія Арэне» (знізу). Фоты: Bellingcat / Josimar
Фіктыўны матч па кароткім футболе на базе прафесійнай футбольнай школы імя Аляксандра Сцёпіна ў Бранску (зверху). Вайскова-патрыятычнае мерапрыемства з тымі ж дзецьмі (знізу). Фоты: Bellingcat / Josimar
Фіктыўны матч 1xBet па флорболу на стадыёне «Беламорац» у Северадзвінску, у які ўцягнулі дзяўчатак узростам 14-15 гадоў. Кадр з трансляцыі 1xBet за верасень 2024.

Расследавальнікі знайшлі таксама адно месца для нелегальных гульняў 1xBet ва Украіне, дзе букмекер быў афіцыйна забаронены пасля пачатку расійскага ўварвання. Аднак фіктыўныя матчы па баскетболе дагэтуль ладзяцца на Svoi Arena ў Кіеве. 

Кіраўніцтва Svoi Arena, адказваючы на запыт праектаў Bellingcat і Josimar, заявіла, што «нічога не ведае аб супрацоўніцтве з 1xBet».

Адзін з фіктыўных матчаў 1xBet па баскетболе, які ладзіўся на кіеўскай Svoi Arena у верасні 2024. Кадр з трансляцыі 1xBet

Галоўнымі заснавальнікамі і арганізатарамі нелегальнай букмекерскай канторы 1xBet з'яўляюцца расіяне Дзмітрый Казорын, Раман Семіохін, Сяргей Каршкоў. Усе яны родам з Бранска.

Хто стаіць за нелегальным букмекерам 1xBet? Forbes выпусціў сваё расследаванне

Арганізатары 1xBet (злева направа): Дзмітрый Казорын, Раман Семіохін, Сяргей Каршкоў

У сярэдзіне 2000-х Семіохін з партнёрамі адкрыў камп'ютарны клуб — у падвале ў адным са спальных раёнаў Бранска. Акрамя падлеткаў, прыходзілі людзі старэйшыя, якія заходзілі ў інтэрнэт для ставак на спорт. Часам стаўкі перавышалі дзённую выручку клуба. Тады Семіохін задумаў стварыць сетку кантор па прыёме ставак пад крылом «Фанбет».

Свой першы пункт ён адкрыў у Доме культуры мясцовага машынабудаўнічага завода. Там жа выступала каманда КВЗ, капітанам якой быў Сяргей Каршкоў (у будучыні ён стане кіраўніком упраўлення па барацьбе з кіберзлачыннасцю).

Калі ў 2009 годзе ў Расіі закрылі казіно, наступіў росквіт букмекерскіх кантор.

Некалькі гадоў таму гандлёвая марка 1xBet перакачавала на кіпрскі афшор. Расійскім легальным брэндам засталася «1хставка».

Расійскае следства ацаніла нелегальны даход букмекераў за перыяд з 2017 па 2022 год у 63 мільярды расійскіх рублёў (848 мільёнаў даляраў). Уладальнікаў канторы абвясцілі ў міжнародны вышук і выдалі ордар на іх арышт.

Да таго моманту бранскія мільярдэры ўжо атрымалі кіпрскія пашпарты і дагэтуль сядзяць на востраве.

У кіпрскім офісе букмекераў толькі айцішнікаў працуе 400 чалавек. Працэнтаў 80 з іх — людзі з Бранска. Ёсць работнікі і з Беларусі. Айцішнік там атрымлівае ад 3500 еўра. Плюс кампанія будуе дамы і раздае супрацоўнікам беспрацэнтныя крэдыты на кватэры.

Каментары8

  • очэнь интярэсна
    22.10.2024
    дак а хто гэта ўсё глядзіць? Менчукі?
  • Шарашка ватная
    22.10.2024
    Жэка, сотрудник 1хйБет науй, если написано УЕФА, то и играть должны команды УЕФА! Не так ли?)
  • Жэка
    22.10.2024
    Шарашка ватная, так а дзе ты бачыш УЕФА? На сайце букмекераў таксама пра УЕФА ні слова.

«Непадкупным» беларускім дыпламатам у Малдове аказаўся кадравы супрацоўнік КДБ

«Непадкупным» беларускім дыпламатам у Малдове аказаўся кадравы супрацоўнік КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

У Керчанскім праліве трэснулі напалам і тонуць адначасова два расійскія танкеры10

Беларусь і Аман плануюць адкрыць авіярэйс1

Мядзведзеў заявіў пра магчымую акупацыю новых рэгіёнаў суседніх краін12

Даследчыца фальклору — пра спевы, якія ратуюць у эміграцыі, старавераў і беларускі парадокс18

Дырэктара сеткі будаўнічых крам «Мацярык» будуць судзіць за ўдзел у маршах пратэсту10

Навукоўцы знайшлі ў сэрцы «міні-мозг». Што гэта азначае?8

У Іране затрымалі спявачку, якая праспявала без хіджаба. Але нечакана яе адпусцілі1

«Зрабіць са свайго жыцця рэаліці-шоу». Беларус, які апынуўся на вуліцы, збірае грошы на прытулак для бяздомных у Варшаве6

У небе над Херсонам збілі ўкраінскі штурмавік Су-25. Пілот загінуў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Непадкупным» беларускім дыпламатам у Малдове аказаўся кадравы супрацоўнік КДБ

«Непадкупным» беларускім дыпламатам у Малдове аказаўся кадравы супрацоўнік КДБ

Галоўнае
Усе навіны →