Беларуска расказала пра сваю працу ў анлайн— і звычайным казіно
А таксама здзівіла тым, колькі грошай казіно вяртае гульцам.
Госцем новага выпуску ютуб-канала «Максімальна» стала беларуска Стэфа, якая мае вопыт працы як у звычайным казіно ў Мінску, так і ў анлайн-казіно за мяжой.
Дзяўчына згадвае, што ў звычайным казіно яна працавала слот-аператарам.
«Я працавала чалавекам, які дапамагаў разбірацца са слотамі — на якія кнопачкі націскаць, расказваць правілы. Паўсміхацца, паслухаць жарты, пасмяяцца. (…) Прыносіць лёд, калі [кліенту] трэба, попельніцу памяняць, сказаць бармену, каб гэта зрабіў», — расказвае Стэфа.
Па словах дзяўчыны, галоўным патрабаваннем да супрацоўніц з'яўляецца знешні выгляд.
«Ты абавязкова павінен быць з макіяжам, з ярка-чырвонымі вуснамі, ярка-чырвоным манікюрам», — пералічвае Стэфа і дадае, што ўсе дзяўчаты павінны насіць абутак на абцасах мінімум 8 сантыметраў.
«У цябе форма, кожны дзень цябе фарбуе візажыст, робіць табе прычоску, душыць, правярае. (…) Прыходзіць адміністратар на змену, ты рукі і вусны наперад выцягваеш. Яна ўздоўж праходзіць і глядзіць усіх, (…) ці дастаткова вы ўсе таварнага выгляду, каб вас выпускаць у залу. Калі ў каго нешта не так, то ты сёння на змену не выходзіш. І гэты штраф з твайго кашалька дастануць».
У звычайным казіно Стэфа адпрацавала толькі тры дні. Гэтага часу ёй хапіла, каб ацаніць усе магчымыя наступствы для здароўя ад працы ў такім месцы.
«Дзяўчаты заходзяць пасля змены ў прыбіральню. Пачынаюць сціраць вусны, а потым проста рукамі здымаюць кавалачкі скуры, таму што ад вельмі шчыльнай памады ў цябе пачынаюцца раздражненні, і проста вусны літаральна аблазяць», — дзеліцца ўспамінамі Стэфа.
Акрамя гэтага, дрэннае ўздзеянне на здароўе аказвае закрытае, без натуральнага асвятлення памяшканне, дым ад цыгарэт, якія кураць кліенты.
Вынікам працы ў такіх умовах, як расказвае Стэфа са спасылкай на тых, хто доўга працаваў у гэтай сферы, становяцца праблемы з лёгкімі і пазваночнікам. У выніку ўсе зароблены грошы могуць быць выдаткаваны на дактароў.
Чаму рэклама анлайн-казіно такая агрэсіўнай
Цяпер дзяўчына працуе распрацоўшчыцай у анлайн-казіно і пагаджаецца, што рэклама такіх месцаў вельмі агрэсіўная.
Як тлумачыць Стэфа, асноўная частка аўдыторыі казіно — мужчыны. Таму «ўсё зроблена для таго, каб мужчыны акрамя таго, што яны пагуляюць, атрымалі яшчэ візуальнае задавальненне. Таму ўся рэклама будуецца на нейкай вялікай агрэсіі. Ты глядзіш фільм, а потым у цябе 1хВЕТ на ўсю кватэру. У цябе мікраінсульт, і ты такое ніколі ўжо не забудзеш. Гэта агрэсіўна, але яно працуе. (…)
У маркетынгу няма задачы, каб гэта спадабалася. Ёсць ідэя, каб гэта запомнілася. І калі цябе зусім прыцісне, ты такі: «1хВЕТ, я дакладна ведаю». Набіраеш, трапляеш на сайт — і ты ўжо гуляеш. А да гэтага ты тыдзень назад сварыўся, што ў цябе мікраінсульт здарыўся ад іх рэкламы. Яны, атрымліваецца, выканалі сваю канчатковую мэту, яны цябе прыцягнулі як карыстальніка».
Адносна таго факта, што рэклама анлайн казіно выглядае дастаткова танна, Стэфа заўважае, што асноўную аўдыторыю такіх месцаў складаюць людзі, якія самі схільныя ісці за сваімі жаданнямі і не выстаўляюць высокіх патрабаванняў да якасці рэкламы.
«Іх не трэба моцна цягнуць за ўсе выступаючыя часткі цела, каб яны патрапілі ў казіно, таму што яны ўжо адной нагой і так там. Ім трэба проста даць нейкі спускавы кручок, каб яны па выніку там апынуліся. Яны не будуць перабіраць 13 сайтаў (…)
Першы сайт, куды патрапіў, знайшоў больш-менш прывабны слот — і пагналі. Няважна, якая твая любімая гульня, жанр гульняў. Тут часта няма дарагога прадакшну для таго, каб максімізаваць прыбытак. Усё, што трэба зрабіць — падкінуць ідэю аб тым, што ты хочаш пагуляць і атрымаць свой кароткі дафамін».
Колькі можна выйграць у казіно
«Сістэма павінна быць у балансе», — заўважае Стэфа і расказвае пра гісторыю аднаго выйгрышу.
«Месяцаў шэсць таму была гісторыя, калі хлопец, здаецца, з Уганды, выйграў 500 тысяч даляраў. (…) Такія гісторыі бываюць, але яны настолькі разлятаюцца. (…) Яе хочуць падсвяціць усюды, каб людзі проста ведалі, што хаця б часам, зрэдку такія гісторыі здараюцца».
Дзяўчына расказвае, што ў анлайн-казіно паказчык РТП (Return to Player) складае 93-97%. Гэта значыць, што казіно абавязуецца вярнуць усім гульцам мінімум 93-97 рублёў ад пастаўленых 100. У рэдкіх выпадках працэнт можа скласці 103-106%. Гэта можа адбыцца, калі здараецца перараздача выйгрышаў. У такім выпадку казіно часова трапляе ў мінус.
Нягледзячы на тое, што прыбытак казіно складае некалькі працэнтаў, сумы вельмі істотныя. Як заўважае Стэфа, сярод гульцоў выдзяляюцца хайролеры ці кіты, колькасць якіх складае 2-4 працэнты ад агульнай колькасці. Але менавіта яны прыносяць казіно асноўную частку заробленых грошай.
Як святы і крызісы ўплываюць на гульцоў
Па словах Стэфы, у святы назіраецца рост прыбытку анлайн-казіно:
«Людзям вельмі моцна патрэбны той самы калядны цуд. (..) Забаўна, але нават ва ўмоўны Вялікдзень людзі робяць стаўкі. Таму што, магчыма, Бог з табою, і сёння ты можаш зарабіць трохі больш, чым звычайна. Усё ж велікодны цуд павінна быць нейкі».
Супрацоўніца анлайн-казіно заўважае, што крызісы і нестабільнасць, таксама спрыяюць павелічэнню трат у індустрыі анлайн-казіно. У перыяды валацільнасці людзі адчуваюць стрэс, панікуюць, але шукаюць спосабы хутка атрымаць задавальненне і абстрагавацца. Казіно дае такую магчымасць, дазваляючы парадавацца, не выходзячы з дому.
«Хтосьці пакутуе ад крызісу, але да нас гэта не адносіцца. Таму што мы тут на варце радасці, шчасця і ўтульнасці, калі так можна сказаць», — заўважае Стэфа.
Каментары