Афіцыйна нічога не паведамлена, але рахункі заблакаваныя. Streamline выдаў афіцыйную заяву ў справе сваёй ліквідацыі
Эдуард Цалюк, заснавальнік і дырэктар Навучальнага цэнтра «Адукацыйныя тэхналогіі», пад эгідай якога працавалі моўныя курсы Streamline, «з глыбокім шкадаваннем» паведаміў пра «няпростыя прававыя абставіны, якія склаліся ў дачыненні да Навучальнага цэнтра».
Паводле слоў Эдуарда Цалюка, 22 кастрычніка ва ўпраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама да супрацоўнікаў цэнтра была даведзена інфармацыя аб пачатку працэдуры яго ліквідацыі.
Пры гэтым у даведзенай інфармацыі
«прававых падстаў, якія паслужылі падставай для ліквідацыі, не змяшчаецца. Афіцыйным шляхам само рашэнне аб ліквідацыі Навучальны цэнтр не атрымаў, працэдура і парадак ліквідацыі да нас не даведзеныя».
У сувязі з гэтым Навучальны цэнтр накіраваў ліст у Мінгарвыканкам з просьбай даць доступ да рашэння аб ліквідацыі і паведаміць пра парадак яе правядзення.
Пры гэтым разліковыя рахункі цэнтра з 3 кастрычніка заблакаваныя, што робіць немагчымымі любыя разлікі, у тым ліку выплаты па заработнай плаце, вяртанне грошай за неаказаныя паслугі і іншыя выплаты супрацоўнікам і кліентам.
Пакуль што ўсе звароты аб разблакаванні рахункаў дзеля выканання фінансавых абавязкаў застаюцца без адказу.
«Улічваючы сітуацыю, якая склалася (рашэнне Мінгарвыканкама аб ліквідацыі і блакаванне ўсіх рахункаў навучальнага цэнтра), у найбліжэйшы час мы будзем вымушаныя спыніць ажыццяўленне выкладчыцкай дзейнасці, аказанне паслуг кліентам і працу з контрагентамі; пры гэтым у цяперашні час Навучальны цэнтр не мае аб'ектыўнай магчымасці вярнуць грашовыя сродкі навучэнцам за неаказаныя паслугі», — канстатуе Эдуард Цалюк.
Звяртацца па тлумачэнні і адносна абароны сваіх законных правоў ён раіць у Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама, а таксама ў іншыя ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы і ў суд.
«Мы шчыра дзякуем усім і кожнаму з вас за тое, што вы былі з намі ўсе гэтыя гады, за давер і сумесныя дасягненні ў засваенні новых ведаў», — завяршае сваю заяву дырэктар Навучальнага цэнтра «Адукацыйныя тэхналогіі».
Каментары