Пасля падліку 90 працэнтаў галасоў лідзіруе Сацыял-дэмакратычная партыя, якую ўзначальвае дзейны прэм'ер-міністр Марчэл Чалаку.
У Румыніі ў нядзелю адбыліся парламенцкія выбары. Больш за 18 мільёнаў выбаршчыкаў выбіралі 136 сенатараў і 329 дэпутатаў з больш чым 10 тысяч кандыдатаў. За ходам галасавання сачыла Румынская служба Радыё Свабода.
Яўка перавысіла 52 працэнты, гэта значна вышэй, чым на выбарах 2020 і 2016 года (31,8 і 39,4 працэнта адпаведна). Такая яўка сёлета была зафіксаваная ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў.
Пасля падліку 90 працэнтаў галасоў лідзіруе Сацыял-дэмакратычная партыя, якую ўзначальвае дзейны прэм'ер-міністр Марчэл Чалаку. Яна можа набраць 23,4 працэнта ў Палату дэпутатаў і 23,9 працэнта ў Сенат. Яе саюзніца па ўрадавай кааліцыі, правацэнтрысцкая Нацыянальная Ліберальная партыя, набірае 14 і 14,6 працэнта адпаведна.
Другое месца, паводле апытанняў, у Альянса правапапулісцкіх партый «Альянс за аб'яднанне румын» (17,5 і 17,8 працэнта), трэцяе месца — у цэнтрысцкага Саюза выратавання Румыніі (11,1 у абедзве палаты).
Парламенцкія выбары праводзяцца праз тыдзень пасля першага тура выбару прэзідэнта.
У ім нечаканую перамогу атрымаў незалежны кандыдат Кэлін Джарджэску, які раней знаходзіўся ў «Альянсе за аб'яднанне». Другое месца атрымала лідар «Саюза выратавання» Алена Ласконі. Яна ўсяго на некалькі тысяч галасоў абышла прэм'ер-міністра Чалаку.
28 лістапада Канстытуцыйны суд Румыніі абавязаў Цэнтральнае выбарчае бюро пералічыць вынікі першага тура з-за выяўленых парушэнняў. У выпадку, калі суд не зацвердзіць вынікі галасавання, яго давядзецца праводзіць паўторна.
Каментары