Чаму растуць чэргі з фур на мяжы? Прычына не толькі ў навагодніх святах
У кастрычніку-лістападзе чэргі з грузавікоў на выезд з Беларусі скарачаліся, але цяпер назіраецца адваротная тэндэнцыя.
Як было раней? Калі 1 кастрычніка выезду з Беларусі ў суседнія краіны ЕС чакалі больш за 2700 грузавікоў, то ўжо 1 лістапада — усяго 640.
На значнае змяншэнне чэргаў на мяжы паўплывалі санкцыі ЕС ад 29 чэрвеня 2024 года. Рэч у тым, што, за некаторымі выключэннямі, абавязкі па кантрактах, заключаных да 1 ліпеня 2024 года, маглі выконвацца да 2 кастрычніка 2024 года.
Пасля таго, як абмежаванні запрацавалі напоўніцу, спіс тавараў, якія можна экспартаваць з ЕС у Беларусь, значна скараціўся. Адпаведна паменшаў і грузапаток. Здавалася, што вялізарныя чэргі застануцца ў мінулым, але апошнім часам яны зноў растуць.
Натуральна, што ніякага паслаблення ў санкцыях не адбылося, таму пра значнае павелічэнне грузапатоку казаць не выпадае.
Пры гэтым варта адзначыць, што перад навагоднімі святамі чэргі з грузавікоў традыцыйна падрасталі нават у дакавідныя часы, калі на межах працавалі ўсе пункты пропуску.
Але статыстыка Дзяржпагранкамітэта і сведчанні кіроўцаў-дальнабойшчыкаў сведчаць, што гэта не адзіны фактар, які ўплывае на сітуацыю.
Рэч у тым, што ў кастрычніку і пачатку лістапада праз два літоўскія і адзін латвійскі пункт пропуску за суткі з Беларусі ў ЕС праязджала каля 300 грузавікоў (па 100 у кожным з пунктаў пропуску). Апошнім часам прапускная здольнасць значна паменшала.
Так, напрыклад, за першыя суткі снежня з Беларусі ў гэтым кірунку выехала толькі 184 грузавікі. Днём пазней — 176.
Антырэкорд быў зафіксаваны 9 снежня. Па стане на 10 раніцы за суткі з Беларусі ў Латвію праз «Грыгароўшчыну» выехала толькі 42 грузавікі. У Літву праз «Беняконі» — 28, а праз «Каменны Лог» — усяго 11. Атрымліваецца 81 грузавік на ўсе тры пункты пропуску.
Апошнія дні праз два літоўскія і адзін латвійскі пункт пропуску з Беларусі ў ЕС выязджае каля 150 фур (супраць 300 у кастрычніку і лістападзе).
Чэргі на адзіным дзейным грузавым пункце пропуску на мяжы з Польшча наогул б'юць рэкорды. Па стане на 12 гадзін 16 снежня, выезду з Беларусі праз «Казловічы» чакае 2160 фур, а на піку а 22-й гадзіне 15 снежня ў чарзе налічвалася 2300 велікагрузаў.
Пры гэтым, праз гэты пункт пропуску за суткі праязджае ў некалькі разоў больш грузавікоў, чым праз тры астатнія. Польскі бок прымае каля 650-750 фур у суткі. І гэтыя паказчыкі ў адрозненні ад пераходаў з Латвій і Літвой застаюцца стабільнымі.
Дальнабойшчык тлумачыць з'яўленне шалёных чэргаў на мяжы з Польшчай тым, што перавозчыкі па магчымасці стараюцца пазбягаць праезду праз Латвію і Літву.
«Літоўцы сталі вельмі марудна працаваць, асабліва апошнім часам. Калегі кажуць, што чарга можа па некалькі гадзін стаяць колам.
Таму чаргу з 1000 фур «на Польшчы» можна праехаць нашмат хутчэй, чым калі стаіць 300 фур на «Каменным Лозе». Калі бачыш на «Казловічах» 200 машын перад сабой, то гэта чарга на пару гадзін. А ў «Каменным Лозе» — на пару сутак», — скардзіцца кіроўца.
Кіроўца мяркуе, што пры жаданні чэргі на мяжы з Літвой даўно маглі знікнуць.
«Цяпер жа нават такога трафіку з легкавікоў і аўтобусаў няма. Загружанасць стала меншай, але яны наадварот яшчэ больш марудзяць з грузавікамі», — падзяліўся суразмоўца.
Каментары
Шкада вельмі што наогул грузавікі прапускаюць. Пасажырскіх пунктаў пропуску цалкам дадстаткова. Любыя грузавікі - грошы ў кішэню лукі і на турмы для палітвязьняў.
О людях подумайте. Режим и приблеженные как раз таки меньше всего страдают