Сітуацыя з нафтаправодам «Дружба»: беларускія НПЗ працуюць на ранейшай сыравіне
З чацвярга, 19 снежня, транспарціроўка нафты па трубаправодзе «Дружба» прыпынена па тэхнічных прычынах. Спачатку пра гэта паведаміла агенцтва Reuters, пазней інфармацыю пацвердзіў «Белнафтахім» у каментары БелТА.
Цяпер абодва беларускія НПЗ працягваюць працу за кошт створаных запасаў. У «Белнафтахіме» адзначылі, што забяспечваюць адгрузкі нафтапрадуктаў у поўным аб'ёме як на ўнутраны рынак, так і на экспарт.
З Расіі нафта па «Дружбе» паступае таксама ў Венгрыю, Славакію і Чэхію. Расійская сыравіна з'яўляецца асноўнай для завода MOL у Венгрыі. Там, як піша Forbes.ua, разлічваюць, што пастаўкі адновяцца на працягу некалькіх дзён. Цяпер еўрапейскія заводы таксама працуюць за кошт створаных запасаў.
Раней, 2 снежня, у Польшчы паведамілі пра ўцечку на нафтаправодзе «Дружба». 4 снежня Чэхія заявіла, што спыніла атрымліваць нафту па трубаправодзе, аднак у «Транснафце» запэўнілі, што ўсе пастаўкі адбываюцца ў штатным рэжыме.
Нафтаправод «Дружба» пачынаецца ў Самарскай вобласці і даходзіць да адміністрацыйнай мяжы з Беларуссю, дзе ў Бранскай вобласці падзяляецца на дзве ніткі — паўночную і паўднёвую. Паўночная праходзіць праз Беларусь у Польшчу і Германію, а па паўднёвай нафта ідзе праз Беларусь (Мазыр) ва Украіну (Броды) і далей у Венгрыю, Славакію і Чэхію.
Каментары