На конкурсе «Міс Viva Braslav» перамагла беларускамоўная студэнтка з БДЭУ ФОТЫ
На опэн-эйры «Viva Braslav» выбралі сваю каралеву прыгажосці. Пераможцай стала Вераніка Адамовіч — беларускамоўная студэнтка БДЭУ.
Вераніка родам з Глыбокага. Вучыцца на маркетолага-эканаміста. На конкурсах прыгажосці яна ўдзельнічала і дагэтуль.
— Першы быў «Міс БДЭУ», там я перамагла і прыйшла на конкурс «Каралева Вясна», дзе дайшла да міжнароднага этапу, — расказвае Вераніка.
На «Міс Viva Braslav» яна вырашыла падаць заяўку, калі ўбачыла, што першае месца там летась заняла знаёмая ўдзельніца «Каралевы Вясна». «Падумала пра сябе: можа, у мяне таксама атрымалася б у гэтым конкурсе перамагчы, — усміхаецца Вераніка. — І проста класнае мерапрыемства «Viva Braslav» — я ніколі на ім не была раней, хоць і жыву ў Глыбокім».
У фінале дзяўчына абышла 14 канкурсантак. Пераможца атрымала 1000 рублёў і паездку на конкурс прыгажосці ў Італію ў верасні.
Родную мову Вераніка добра ведае яшчэ са школьных гадоў.
— Я вучылася ў беларускамоўнай гімназіі, у мяне была цудоўная настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якая прышчапіла любоў да ўсяго роднага. Таксама ўдзельнічала ў алімпіядзе, таму добра ведаю беларускую мову і размаўляю на ёй.
Каментары