Грамадства

«Капітан сыходзіць апошнім, а не першым». Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» даў інтэрв’ю з СІЗА

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч ад 8 ліпеня знаходзіцца за кратамі. Руская служба Бі-бі-сі праз ланцужок пасярэднікаў (іх не называюць па меркаваннях бяспекі) змагла задаць Ягору пытанні і атрымаць адказы на іх.

«Са мной не размаўлялі, мяне білі, ім было ўсё роўна, што я скажу, — распавёў Ягор Марціновіч у лісце пра абставіны свайго затрымання 8 ліпеня 2021 года. — Пыталіся: «За каго галасаваў на выбарах?» І адразу ўдар. «Хто цяпер прэзідэнт?»

Нават калі адказваеш, што Лукашэнка, атрымліваеш па галаве кулаком.

Аператыўнікі, якія везлі мяне, самі крычалі [лозунгі апазіцыі] «Перамен», «Верым, можам, пераможам» — і працягвалі біць мяне. Яны лічылі гэта вельмі смешным».

«У «Нашай Нівы» заўсёды былі праблемы з выданнем і распаўсюджваннем — нас выкідалі з кіёскаў, друкарням забаранялі друкаваць нашы нумары, — распавядае Бі-бі-сі Ягор. — Гэта паслужыла штуршком развіцця сайта. Менавіта таму незалежныя медыя значна мацнейшыя за праўладныя СМІ анлайн. Улады проста не ўмеюць працаваць у інтэрнэце».

Марціновіч кажа, што «Наша Ніва» прынцыпова працавала легальна: з усімі рэгістрацыямі і ліцэнзіямі, выконвала законы.

«Бо наша задача — існаванне штодзённага беларускамоўнага медыя — найважнейшая за любыя рызыкі.

Галоўнае, каб грамадства магло атрымліваць інфармацыю на беларускай мове і з беларусацэнтрычнага пункту гледжання, — тлумачыць галоўны рэдактар. — Дзяржава апошняе дзесяцігоддзе мірылася з нашым існаваннем. Пакусвалі штрафамі, давалі мноства папярэджанняў, але не знішчалі».

Проста ўсе вакол выбухала

Ягора Марціновіча затрымалі ў самым пачатку масавых пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Гэта адбылося ў ноч на 11 жніўня, калі ён ужо вяртаўся дадому пасля акцыі, на якой працаваў як журналіст.

Рэшту ночы ён правёў лежачы на падлозе ў РУУС Заводскага раёна Мінска. 12 жніўня яго перавезлі ў ізалятар у Жодзіне, дзе пратрымалі яшчэ трое сутак — без выстаўлення абвінавачвання і наогул без афармлення дакументаў.

У ніводным спісе затрыманых Марціновіч не значыўся: і для сям'і, і калег ён проста прапаў без вестак.

13 жніўня Марціновіча вызвалілі — па асабістым загадзе міністра МУС Юрыя Караева. Ведамства нават папрасіла прабачэння за гэтае затрыманне, але 28 верасня галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і аштрафавалі на 405 рублёў.

Выданне працягнула асвятляць масавыя пратэсты, 20-га жніўня 2020 года было заблакавана па рашэнні ўладаў, але рэдакцыя абскардзіла гэта — і здолела дамагчыся адмены гэтага рашэння.

23 верасня 2020 года Ягора Марціновіча затрымалі на трое сутак па крымінальным абвінавачванні ў паклёпе, але потым адпусцілі пад абавязацельства не пакідаць краіну.

Новая атака пачалася праз 10 месяцаў — 8 ліпеня 2021 года. Ягора Марціновіча і яшчэ траіх супрацоўнікаў рэдакцыі затрымалі сілавікі (цяпер пад арыштам таксама застаецца кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко). Спачатку іх падазравалі ў арганізацыі незаконных пратэстаў, а сайт «Нашай Нівы» заблакавалі паўторна.

«Пасля таго, як улады разграмілі Тутбай — найбуйнейшае анлайн-медыя ў краіне — стала зразумела, што прыйдуць па ўсіх, — каментуе Ягор Марціновіч. —

Ці былі нейкія сігналы, што будуць біць канкрэтна па нас? Ды не, проста ўсё вакол выбухала. Але мы працягвалі працаваць падкрэслена легальна, чаго нам баяцца ў сваёй краіне».

«З мяне смяюцца нават ахоўнікі»

У выніку Ягору Марціновічу выставілі абвінавачванне не па палітычным, а па эканамічным артыкуле: прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу. Яна прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Ягор Марціновіч 23 верасня 2020 года пасля вобшуку ў ягонай кватэры

«З мяне смяюцца нават ахоўнікі, мне сорамна сукамернікам казаць, у чым мяне абвінавачваюць, — кажа Марціновіч. — Нібыта «Наша Ніва» плаціла за электраэнергію не па тым тарыфе, па якім была вінная [для фізічных асоб, а не для юрыдычных], і электрасеткам нанесены ўрон на суму 3500 рублёў. Пры гэтым само прадпрыемства ніколі не звярталася да нас з прэтэнзіямі. І нават цяпер, наколькі я ведаю, сцвярджае, што няма ніякага доўгу».

Марціновіч дадае, што з ліпеня з ім не праводзілася наогул ніякіх следчых дзеянняў.

«Мяне проста замкнулі з помсты за маю прафесійную дзейнасць, — кажа ён. — Самае складанае — зразумець, што марнуеш час, які можна было б правесці з карысцю. Прычым гэта ведаюць усе ўдзельнікі: і следчыя, і пракуроры. Але яны жывуць па прынцыпе «вы самі ўсё разумееце». І яшчэ цяжка ўсведамляць, што гэтая сітуацыя вымотвае родных».

«У мяне няма доступу да інтэрнэту, і мне застаецца толькі здагадвацца, як працуюць мае калегі, я не магу ні кантраляваць іх, ні падказваць ім. Але я ўдзячны ўсім незалежным журналістам, якія засталіся ў прафесіі і, нягледзячы на ўсе складанасці, працягваюць працаваць. Хачу сказаць, што вы вялікія малайцы і я вамі ганаруся», — кажа Ягор Марціновіч.

Капітан сыходзіць апошнім, а не першым

Цяпер галоўны рэдактар «Нашай Нівы» працягвае заставацца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

«Яно знаходзіцца ў былым Пішчалаўскім замку, многія сядзельцы нават жартуюць: хоць бы раз у жыцці пажывём у цэнтры горада», — піша ў сваім лісце Бі-бі-сі Ягор Марціновіч.

«18-гадовы наркадылер, у якога за спінай ужо некалькі судзімасцяў, развітваўся са мной словамі «Жыве Беларусь». 22-гадовы турак, якому далі больш за 10 гадоў, адказваў мне па-беларуску «Дзякуй» і «Смачна есці». У адну камеру трапілі фізрук і ягоны былы вучань, — апісвае Марціновіч атмасферу ў СІЗА. — Я пазнаёміўся з некалькімі дзясяткамі чалавек, амаль ніхто, акрамя палітычных, не казаў, што наогул невінаваты. Усе ўсведамляюць сваю віну, але ёсць пытанне, як кваліфікавалі іх злачынства і наколькі суровае пакаранне далі».

Ён кажа, што сядзіць з вялікай колькасцю людзей, якія шкадуюць аб тых выпадках у іх жыццях, якія прывялі іх за краты.

«Але ў мяне не было моманту, калі альбо «так», альбо «інакш». Галоўны рэдактар не можа ноччу з'ехаць з краіны, а потым напісаць у рэдакцыйным чаце: «Я ў бяспецы, а вы трымайцеся», — тлумачыць ён. — Капітан сыходзіць апошнім, а не першым. І я не мог адправіць з Беларусі ўсю каманду, пакуль заставаліся ўмовы для працы ўнутры краіны».

Праваабарончыя арганізацыі прызналі Ягора Марціновіча палітычным зняволеным.

У сваім апошнім кароткім паведамленні з СІЗА ён перадаў, што яго і яшчэ 19 чалавек цяпер утрымліваюць у падвальным памяшканні, дзе няма вокнаў і толькі невялікі праём пад столлю для вентыляцыі. Марціновіч напісаў, што задыхаецца і пакуль не можа падрабязна адказваць на лісты.

Ягор Марціновіч з СІЗА: У камеры — 19 чалавек, няма чым дыхаць

«Упершыню можаш прабегчыся не на месцы, а па-сапраўднаму ‒ хаця б на 8-9 крокаў». Кранальнае з лістоў Ягора Марціновіча

«Глядзіць, стаіць на парозе заяц»: Андрэй Скурко чытае казкі ВІДЭА

Каментары

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Усе навіны →
Усе навіны

Якім будзе надвор'е ў першы тыдзень снежня1

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу50

«Дональд, як малады палітык, не разумее…» Што Лукашэнка раней казаў пра Трампа10

Жонка футбаліста зборнай параўнала цэны ў Zara ў Беларусі і Венгрыі16

Башар Асад вярнуўся ў Дамаск і рыхтуецца даць адпор паўстанцам16

Пратэсты ў Грузіі радыкалізуюцца: на вадамёты адказваюць феерверкамі і кактэйлямі Молатава23

Апошні рывок. Што будзе гэтай зімой на полі бою ва Украіне?2

Сяргей Бульба вінаваціць у арэндных праблемах сваёй арганізацыі мінулае кіраўніцтва. Тое ўсё адмаўляе19

У Лідскім раёне загарэўся цягнік2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Галоўнае
Усе навіны →