Грамадства

«Калі ў вас застанецца палова цяперашняга заробку ‒ гэта будзе добра». Рынак працы ў Беларусі чакае шок

Санкцыі адносна Расіі і Беларусі праз вайну ва Украіне ўжо якасна змянілі рынак працы ў Беларусі. HR Ксенія Кручыніна прагназуе, што для многіх кампаній красавік стане крытычным месяцам, а абараніцца ад страты працы цяпер практычна немагчыма. Яна распавяла Office Life, хто рызыкуе ў першую чаргу і чаму мы хутка ўбачым новы рынак працы і ў Беларусі, і ў свеце.

Саджаць бульбу — не найгоршы варыянт

Ксенія Кручыніна кажа, што на цяперашнюю сітуацыю яна глядзіць з вялікай доляй песімізму, пры гэтым большасць кампаній у пытаннях працы з персаналам яшчэ не ўсвядомілі ўсю глыбіню крызісу і маштабу змен, якія адбываюцца.

— Як традыцыйна адбываецца амаль на ўсёй постсавецкай прасторы, пакуль крытычны момант не наступіў, вельмі шмат хто жыве ў надзеі, што нічога не адбудзецца, — перакананая эксперт. — Цяпер — тое самае: усе бачаць, як сыходзяць сусветныя брэнды, як гэта часткова ўжо закранае беларусаў, але ніякіх глабальных дзеянняў па працы з персаналам не робяць. Праўда, ведаю выпадкі, калі па ўжо адпрацаванай у 2020 годзе схеме кампаніі запрашаюць псіхолагаў для працы з калектывам і пачынаюць праводзіць заспакаяльныя зборы.

На думку эксперта, бізнэс цяпер павінен шчыра сказаць работнікам: калі ў вас застанецца палова вашай цяперашняй зарплаты — гэта будзе добра, такая сітуацыя можа працягнуцца шмат месяцаў — падрыхтуйце свае бюджэты і свае семʼі да гэтага. І ніхто не кажа, што, на жаль, многія хутка рызыкуюць застацца без працы.

— Многія жартуюць у сацсетках: маўляў, хутка мы паедзем на дачу саджаць ненавісную бульбу. Але для многіх гэтыя жарты могуць стаць рэальнасцю ўжо гэтай вясной. І гэта, дарэчы, будзе не самым горшым варыянтам, — кажа Ксенія Кручыніна.

Яна лічыць, што задача бізнэсу цяпер — падрыхтаваць людзей да рэальнасці, а не проста казаць аб тым, што ўсё будзе добра.

— У постсавецкіх краінах часта кажуць: мы ўжо жылі пад санкцыямі, перастроімся і ў гэты раз, але мне здаецца, што гэта ілюзія. Як раней ужо не будзе.

Тым, хто цяпер страціць працу, зʼязжаць не будзе куды

Праўда, ёсць і тыя, хто на крызіс адрэагаваў імгненна: успомніце масавую рэлакацыю айцішнікаў. На думку Ксеніі Кручынінай, у IT-сектары застаюцца цяпер тыя, каго ў Беларусі трымаюць «якары» ‒ дзеці або пажылыя бацькі. А таксама тыя, хто або маладасведчаны ў IT і не патрэбны еўрапейскаму рынку працы, або тыя, хто не ведае англійскую на належным узроўні — тыя катэгорыі, якім і ў Беларусі было складана знайсці працу, а на Захадзе гэта будзе амаль немагчыма.

Разам з тым цяпер на нашым рынку працы не адбываюцца масавыя скарачэнні.

— Натуральна, наём замарожаны амаль цалкам. Прымаюць толькі спецыялістаў на ключавыя пазіцыі, якіх ужо можна купіць танней, чым раней, таму што яны паменшылі свае зарплатныя апетыты. І гэта правільная стратэгія і для працадаўцаў, і для кандыдатаў, — кажа эксперт.

У першую чаргу скарачаць будуць той дадатковы персанал, які набіралі ў «тлустыя» гады, — тых, каго бралі, каб стала «лепш і эфектыўней» у працэсах, у паказчыках бізнэсу, у хуткасці абслугоўвання кліентаў, або, напрыклад, наймалі пад развіццё бізнэсу альбо новыя праекты.

— Усе, каго прымалі на працу са словамі «а давайце возьмем добрага спецыяліста», будуць звольненыя рана ці позна. І хутчэй рана.

У першую чаргу кампанія будзе пакідаць і захоўваць базавую каманду, якая ўплывае на бізнэс і без якой ён не зможа працаваць, — тых, хто наўпрост стварае прадукт і дастаўляе яго спажыўцу. Усе, хто «дапамагаў» працэсу стаць лепш, застануцца не пры справе.

Можна меркаваць, што змогуць выжыць тыя, у каго тут была лакальная вытворчасць, якая не моцна залежала ад паставак з-за мяжы. Такія кампаніі змогуць паспрабаваць сябе на суседнім рынку, і гэта можа дапамагчы захаваць частку супрацоўнікаў. Але гэта толькі гіпотэза. Большая частка беларускага бізнэсу так ці інакш выкарыстоўвала ў вытворчасці нейкую долю заходніх камплектуючых, таму будаваць прагнозы пакуль немагчыма.

Пакуль сыход сусветных брэндаў не накрыў нас так, як суседзяў, але калі нейкія кампаніі будуць прыпыняць дзейнасць, дык цярпець будзе не толькі іх персанал, але і тыя прадпрыемствы, якія з імі супрацоўнічалі. Тут гаворка часам можа ісці пра горадаўтваральныя беларускія прадпрыемствы, таму пытанне з працаўладкаваннем у гэтых людзей будзе стаяць асабліва востра.

— Трэба разумець, што зʼехаць на заробкі, як раней, з Беларусі цяпер будзе амаль немагчыма, — канстатуе эксперт. — Ва ўсіх суседзяў свае праблемы. Польшча і Прыбалтыка ўласныя патрэбы, асабліва ў працоўных пазіцыях, ужо задаволілі за кошт першай хвалі міграцыі беларусаў і цяперашняй хвалі міграцыі з Украіны.

Упершыню за 20 гадоў у нас рынак не работніка, а наймальніка

Успрымаць навіны пра тое, што сусветныя брэнды спыняюць працу, але працягваюць часткова плаціць заробкі супрацоўнікам, на думку эксперта, трэба без лішняга аптымізму.

— Яны так дзейнічаюць, таму што так прынята на развітых рынках. Калі замежныя кампаніі зразумеюць, што сітуацыя зацягваецца, да таго ж, калі будзе ўзнятае пытанне аб нацыяналізацыі такіх прадпрыемстваў, думаю, усё зменіцца. Мяркую, што ўжо ў красавіку шмат якія супрацоўнікі застануцца і без гэтых мінімальных выплат. Хутчэй за ўсё, красавік і для беларускага рынку працы стане крытычным месяцам, калі ўсе пачнуць паступова ўсведамляць, што гэта надоўга.

Па словах Ксеніі Кручынінай, абараніцца ад звальнення цяпер не можа амаль ніхто. Добра працаваць будуць сферы і бізнэсы, якія жыццёва неабходныя людзям: ежа, вада, здароўе, на фоне крызісу нейкі росквіт можа чакаць сельскую гаспадарку.

— Упершыню за 20 гадоў я бачу рынак працадаўцы, калі толькі ён дыктуе заробак, у яго можа быць на адну пазіцыю некалькі найвыдатнейшых кандыдатаў, і ўжо не трэба гандлявацца з прэтэндэнтам і спяшацца з прыняццем рашэння.

І так будзе як мінімум да ліпеня-жніўня 2022 года.

А потым? Потым кампаніі, якія ўжывуцца з крызісам, наладзяць новыя ланцужкі паставак, паступова ачуняюць ад шоку спажыўцы, але хуткага аднаўлення эканомікі сапраўды не праглядаецца, і пра «сытныя» гады мы ўспомнім не так хутка, як хацелася б.

Што цяпер рабіць работнікам? Не чакайце, калі звольняць!

  • Кажуць, што цяпер трэба «замерці». Ні ў якім разе! Не чакайце, што вас звольняць: прапануйце кіраўніцтву шляхі выхаду з крызісу. Хтосьці можа прыцягнуць дадатковыя грошы (напрыклад, знайсці новых кліентаў), хтосьці — прыдумаць новы ланцужок паставак, хтосьці — як скараціць выдаткі. Цаніць будуць тых, хто прыносіць грошы.

  • Калі вы разумееце, што вас наймалі на праект ці накірунак, які могуць закрыць, прадумвайце запасны аэрадром і ўжо ідзіце шукаць працу, пакуль хоць нейкая праца ў краіне ёсць.

  • Не бойцеся асвойваць новыя прафесіі. Толькі не трэба ісці ў тэсціроўшчыкі ‒ гэта рашэнне мінулага. Пры гэтым трэба разумець, што вельмі хутка пасля навучання працу вы не знойдзеце, але чым лепш будзеце падрыхтаваныя, тым прасцей вам будзе гэта зрабіць.

  • Тым, хто апынуўся ў пошуку працы прама цяпер: калі вам падабаецца праца, вы бачыце ў ёй перспектыву, трэба пагаджацца на той мінімальны заробак, які можаце сабе дазволіць.

Што рабіць з заначкай у беларускіх рублях? Парады эканаміста

Колькі вы зможаце пражыць без заробку? Правілы, як падрыхтавацца і выжыць у крызіс

Каментары

Стала вядома пра затрыманне 77-гадовага Васіля Густыра, аднаго з найлепшых аграрыяў Беларусі4

Стала вядома пра затрыманне 77-гадовага Васіля Густыра, аднаго з найлепшых аграрыяў Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

У Гомелі адкрылі беларускамоўны фаст-фуд15

Беларуса будуць судзіць за нож для грыбоў2

Па дамоўленасці з сірыйскімі паўстанцамі байцы курдскіх Сірыйскіх дэмакратычных сілаў пакінулі раён Алепа

Расследаванне крушэння самалёта DHL у Вільні: Доказаў тэракту няма

Карэспандэнт BBC Стыў Розэнберг напісаў песню для маскоўскай прадавачкі газет

Камуністы збіраюць подпісы адразу з двума бюстамі Леніна ФОТАФАКТ4

Ва ўсіх таксі Беларусі ўстановяць схаваныя камеры5

Экс-міністра Карлюкевіча знялі з пасады галоўнага рэдактара газеты «Звязда»9

За «здраду дзяржаве» судзяць супрацоўніка новастворанага Дэпартамента крымінальнай разведкі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома пра затрыманне 77-гадовага Васіля Густыра, аднаго з найлепшых аграрыяў Беларусі4

Стала вядома пра затрыманне 77-гадовага Васіля Густыра, аднаго з найлепшых аграрыяў Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →