Зяленскі адмовіўся назваць лічбу ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку вайны
Пры гэтым ён адмовіўся раскрыць дакладную лічбу.
Узброеныя сілы Украіны (УСУ) падчас поўнамаштабнай вайны з Расіяй страцілі загінулымі менш за 80 тысяч чалавек, заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, піша Moscow Times.
«Сёй-той нядаўна, мне здаецца, што ў амерыканскай прэсе, падаў інфармацыю, што ўкраінцаў загінула 80 тысяч. Але я хачу вам сказаць, што не. Менш. Нашмат менш, нашмат», — сказаў Зяленскі ў інтэрв'ю Kyodo News. Пры гэтым ён адмовіўся раскрыць дакладную лічбу.
Пра тое, што Украіна страціла 80 тысяч вайскоўцаў загінулымі, раней паведамілі крыніцы Wall Street Journal у Кіеве. Па іх даных, колькасць параненых вайскоўцаў дасягнула 400 тысяч. У той жа час The Economist прыводзіў звесткі заходніх разведак, згодна з якімі Украіна магла страціць ад 60 да 100 тыс. вайскоўцаў забітымі, а цяжкія раненні атрымалі каля 400 тыс. салдат.
Па даных сайта Ua Losses, на 3 снежня пацверджана гібель 65289 украінскіх вайскоўцаў. Сярэдні ўзрост на момант смерці склаў 38,2 года. Рэальная лічба можа быць значна вышэйшай, паколькі на кожнага загінулага прыпадае ад 6 да 8 цяжкапараненых.
Між тым, згодна з ацэнкай Пентагона, да лістапада агульныя страты Расіі склалі 615 тыс.: 115 тыс. забітых і 500 тыс. параненых.
Мінабароны РФ апошні раз раскрывала страты ў верасні 2022 года — 5937 чалавек. У чэрвені Уладзімір Пуцін заяўляў пра страты УСУ і параўноўваў іх з расійскімі. З ягоных слоў вынікала, што за 27 месяцаў вайны Расія страціла забітымі блізу 135 тысяч чалавек.
Каментары