Беларус хоча адкрыць ферму цвыркуноў і прапануе ўжываць іх у ежу ФОТА
Цвыркуны – новая галіна бізнэсу па ўсім свеце. Іх выкарыстоўваюць у якасці кармоў, а адходы — у якасці ўгнаенняў.
Новым трэндам у такім «аграбізнэсе» стала ўжыванне іх у ежу. Ужо сёння ў Еўропе і ЗША можна пабачыць муку і батончыкі з цвыркуноў. Сяргей Макараў трэці год вырошчвае гэтых насякомых, а таксама плануе адкрыць цэлую ферму.
«Я паўтара года працаваў ва Украіне на тэлебачанні. Выпадкова аднойчы паглядзеў па Discovery праграму «Dirty Jobs» («Брудная праца»). І там у адной з серый распавядалі пра ферму цвыркуноў. І мяне так натхніла гэтая перадача, што я проста пайшоў ды набыў пяць цвыркуноў. Вядома ж, у мяне адразу нічога не атрымалася і яны памерлі праз тры дні. З часам я пачаў будаваць спецыяльныя інкубатары, утрымліваць насякомых у спецыяльных тэмпературных умовах і правільна карміць іх. Паколькі я жыў з жонкай і дзіцём, я захоўваў іх у бацькоўскім доме ў сваім пакоі. Маці была ў шоку, бо яны размножыліся і пачалі поўзаць па ўсёй кватэры. Сёння яны там і жывуць, але я за імі сачу і, паколькі не маю патрэбных дакументаў, проста раздаю іх усім ахвотным».
Важныя цвыркуны
Ёсць вялікая колькасць цвыркуноў, але разводзяць тры віды: бананавыя, хатнія і чорныя-двухплямістыя. Я гадую бананавых, бо яны ніколі і нічым не хварэюць. Сёння іх выкарыстоўваюць дзе толькі можна.
Напрыклад, цвыркуны надзвычай папулярныя ў рыбакоў. 80% амерыканскіх фермаў, якія вырабляюць гэтых насякомых, гандлююць у сферы рыбалоўства. У нас жа раней лавілі на конікаў, але ж цвыркуны лепшыя! Самы галоўны плюс – яны вялікія і з крыламі, таму імі добра будзе лавіць на нахлыст.
Таксама іх ядуць экзатычныя жывёлы накшталт павукоў, яшчарак.
Нарэшце – цвыркуновы памёт. Ён найлепшы па азотнай насычанасці. Таксама цвыркуноў перамолваюць на камбікорм для перапёлак і цацарак. Але мне больш падабаецца тэма з ўжываннем цвыркуноў у ежу. Гэта жывёльны бялок, нуль тлушчу і ўвогуле добры аналаг спартыўнага харчавання. Толькі ў цвыркуновай муцэ ўтрымліваюцца ўнікальныя амінакіслоты. Таксама ў іх складзе прысутнічае вельмі важны вітамін B12, разам з кампанентамі, з якімі добра засвойваецца. Гатаваць іх вельмі проста. Дастаткова проста некалькі дзён патрымаць іх без ежы, а пасля проста смажыць ці правесці тэрмічную апрацоўку. Больш нічога не трэба, бо ў мяне яны знаходзяцца ў стэрыльных умовах.
Выгадны бізнэс
Я вяду перамовы пра бізнэс у Беларусі. Але для ўсіх гэта новы рынак і ніхто не бачыць у гэтым перспектывы. У адной з фірм мне ўвогуле сказалі, што калі яны зробяць, напрыклад, партыю пратэінавых батончыкаў з цвыркуноў, то пасля ім давядзецца выкінуць усё абсталяванне. Але, па сутнасці, там няма нічога брыдкага – цвыркуновая мука, арэхі, мёд і астатнія натуральныя кампаненты. У Еўропе ўжо існуе ферма для гадавання цвыркуноў для рэстаранаў, у Фінляндыі хлопцы робяць батончыкі з іх. У нас на рынку зараз адзін цвыркун каштуе каля 0,1 рубля. На порцыю корма для таго ж хамелеона набываюць 100 цвыркуноў на тыдзень, для павука – 10. Жывуць яны нядоўга – 2 месяцы. Праз месяц пасля нараджэння самкі з самцамі спарваюцца і самка адкладае яйкі. Карміць таксама проста – на 10 тысяч цвыркуноў трэба пачак аўсянкі, тры пачкі гамаруса (бялок, каштуе 18 тысяч за пачак), 2 кг мукі і літр вады. Ну і падтрымліваць тэмпературу +24 градусы і патрэбную вільготнасць. Пры гэтым адна самка ў сярэднім адкладае 200 яек з выжывальнасцю 90%.
Пра рэгістрацыю
Справа ў тым, што з такім бізнэсам нерэальна прайсці ні адну санстанцыю. Ёсць правіла, паводле якога не павінна быць ніякіх насякомых, і на ім мая ферма «правальваецца». То бок калі я напішу пра мэтавае прызначэнне памяшкання, то будзе так: «Цвыркуновая ферма. Што разводзіце? Насякомых. Да пабачэння!» Але мне тэлефануюць шмат людзей, попыт ёсць. Але я не магу прадаваць, бо незарэгістраваны. Толькі сёлета ў нас адкрылася магчымасць разводзіць насякомых і плаціць падатак прыкладна як пчалаводы. Але санстанцыя паправак не ўносіла, таму адкрыць я нічога не магу, бо пакуль усіх даведак не атрымаеш, цябе не аформяць у падаткавой.
Пра ферму
Я запусціў краўдфандыг на ulej.by, але бачна, што ідэя для Беларусі трошкі нерэальная. Зараз я размаўляю з нашым мінскім заапаркам. Я збіраюся адкрыць там ферму, дзе спачатку буду рабіць корм для жывёл. Я вырашыў абраць тэрыторыю заапарку, бо там я змагу развівацца. Там можна будзе зрабіць і розныя рэчы для рыбалоўства, угнаенні, ежу для людзей… З цвыркуноў жа можна рабіць і сувеніры — напрыклад, заліваць у пластык. Чакаю адказу і спадзяюся, што справы пойдуць угару.
Каментары