Беларускае грамадства саспела для стварэння нацыянальнага мэмарыялу ў Курапатах. Гэтая тэма абмяркоўвалася падчас тэлепраграмы «Клуб рэдактараў» у суботнім эфіры канала «Беларусь 1», перадае БелТА.
«Калі падсумаваць меркаванне грамадства па выніках круглага стала, які прайшоў у рэдакцыі «СБ. Беларусь сегодня», то нам неабходны агульнанацыянальны мемарыял смутку і памяці. Іншых меркаванняў не было выказана. Многія людзі разумеюць, што Курапаты — не звычайныя могілкі. Там спачываюць ахвяры незаконных амаральных палітычных рэпрэсій, якія, на жаль, адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Многія гады гэтае пытанне не вырашалася. Цяпер, напэўна, грамадская думка саспела», — сказаў рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня» Павел Якубовіч.
У планах газеты абвясціць дабрачынны праект з рахункам, каб кожны, хто можа, унёс сродкі на добраўпарадкаванне Курапатаў, на ўстанаўленне адзінага для ўсіх памятнага знака. «І, вядома, дзяржава павінна тут падставіць плячо. Вось гэта яднанне дзяржавы, грамадскіх арганізацый, усіх людзей з нармальным сэрцам — тады Курапаты стануць тым, чым яны павінны быць», — падкрэсліў Павел Якубовіч. На яго думку, грамадства гатовае дзейнічаць сумесна.
Удзельнікі тэлепраграмы таксама закранулі тэму будаўніцтва бізнес-цэнтра недалёка ад Курапатаў.
«Трэба сказаць, што да Курапатаў як да месца пахавання гэтая гісторыя з будаўніцтвам бізнес-цэнтра ў двары дома нумар 42 па вуліцы Мірашнічэнкі не мае ніякага дачынення», — адзначыў Якубовіч.
Як заўважыў старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, калі цяпер спыніць гэта будаўніцтва, то праз нейкі час, напрыклад, калі хтосьці захоча паставіць кіёск з марозівам за паўкіламетра ад Курапатаў, таксама пратэсты ўключацца.
«Курапаты сталі свідравінай, з якой апазіцыя вось ужо 30 гадоў прыватна пасмоктвае палітычны капіталец. Курапаты пара нацыяналізаваць раз і назаўсёды і зрабіць гэта месцам смутку, месцам справядлівасці і не рабіць з гэтага палітыку. Гэта наша агульная гісторыя», — рэзюмаваў ён.
Каментары