Уладальнік фэнтэзі-сядзібы пад Навагрудкам абвясціў пра закрыццё «аб'екта праз шматлікія скаргі на дом»
Сяргей Коваль, уладальнік фэнтэзі-сядзібы Літоўка пад Навагрудкам, абвясціў аб закрыцці «аб'екта праз шматлікія скаргі на дом».
«Шкадуем, але вымушаныя закрыць наш аб'ект на невядомы тэрмін у сувязі са шматлікімі скаргамі людзей на дом», — паведаміў уладальнік сядзібы ў інстаграме.
Пра тое з чыйго боку паступілі скаргі, не паведамляецца.
Аб стварэнні гэтай незвычайнай сядзібы стала вядома тры гады таму, калі прадпрымальнік Сяргей Коваль на свае сродкі пабудаваў у вёсцы Літоўка незвычайны аўтобусны прыпынак.
Прадпрымальнік Сяргей Коваль, які будаваў па суседстве дом, аформіў прыпынак па матывах паэмы Адама Міцкевіча «Гражына».
Літоўка знаходзіцца ўсяго за 2,5 км ад раённага цэнтра. Сюды масава прыязджалі турысты з усяго свету, каб убачыць незвычайны дом, які Сяргей Коваль стварыў на сваёй малой радзіме, гаварылася ў сюжэце праграмы «24 гадзіны» на СТБ.
Па-першае, таму што ў гэтым доме калісьці бываў Уладзімір Высоцкі з Марынай Уладзі. А па-другое, там усё зроблена ў стылі фэнтэзі.
Бізнесмен прызнаецца, што ў гэтым месцы ён грошы не зарабляе, а траціць, бо праект не камерцыйны, а для душы: «Я хачу, каб пра горад Наваградак даведаўся ўвесь свет. Увесь свет. Гэта вялікі горад, гэта мая радзіма малая».
Наведаць сядзібу мог кожны, абсалютна бясплатна. Даведацца пра гісторыю гэтых месцаў, атрымаць сваю дозу культурнага шоку на экскурсіі.
«Побач з домам праз раку збудаваны вось такі масток, пад якім металічны цмок ахоўвае каменнае яйка. Увогуле, гэта месца ва ўсіх выклікае розныя пачуцці, але, безумоўна, абыякавым не пакідае нікога», — адзначалася на СТБ.
Каментары