Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»
Бі-бі-сі апублікавала спіс 100 натхняльных і ўплывовых жанчын з усяго свету за 2024 год. Сярод іх і карэйская стралок Кім Е Джы.
Бі-бі-сі апублікавала спіс 100 натхняльных і ўплывовых жанчын з усяго свету за 2024 год. Сярод іх — лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру Надзя Мурад, ахвяра згвалтавання і актывістка Жызэль Пеліко, актрыса Шэран Стоўн, спявачка Рэй, мастачка Трэйсі Эмін.
Трапіла ў спіс і карэйская стралок Кім Е Джы, якая запомнілася стыльнымі паводзінамі на Алімпіядзе, не горай за таго самага спакойнага і вытрыманага турка Юсефа Дыкеча.
Сёлета Кім Е Джы скарыла свет сваімі спартыўнымі дасягненнямі і харызмай, піша Бі-бі-сі.
На сваіх першых Алімпійскіх гульнях у Парыжы яна заваявала срэбра ў стральбе з пнеўматычнага пісталета на 10 метраў сярод жанчын. Некалькімі месяцамі раней яна ўстанавіла сусветны рэкорд па стральбе з пісталета на 25 метраў.
Яе відэаролікі ў сацыяльных сетках імгненна сталі віруснымі. Гледачоў скарылі яе стрыманасць і спакой, а таксама неверагодная харызма і майстэрства абыходжання са зброяй. Ну і вядома, яе нязменныя футурыстычныя акуляры.
Кім Е Джы адкрыта кажа пра тое, якой ёй уяўляецца адказнасць, якая прыходзіць да жанчын з мацярынствам. Яна вырашыла ўзяць перапынак у спартыўнай кар'еры, каб праводзіць больш часу і са сваёй шасцігадовай дачкой.
«У спорце важныя стойкасць, цвёрдасць і камандны дух. Я лічу, што гэтыя каштоўнасці выходзяць далёка за рамкі спартыўных пляцовак і могуць натхніць на больш шырокія змены ў грамадстве», — кажа Е Джы.
Каментары