Грамадства2424

«Я шчаслівы, што разваліўся Савецкі Саюз, што разваліўся камунізм». Доктар Хадоркін расказаў сваю асабістую гісторыю

Кожны дзень, цягам 30 гадоў у калідорах сваёй клінікі ён чуе мацюкі тых, каго прывялі кадзіраваць ад п’янства, і слёзы тых, хто прывёў кадзіраваць. Аляксей Хадоркін, доктар, чыё імя даўно стала намінальным, лечыць алкагалізм — хваробу, якая стала бедствам для Беларусі і не абмінула нават блізкіх самога доктара. «Нашай Ніве» ён расказаў гісторыю сваёй сям'і, пра няпростыя адносіны з канкурэнтамі па бізнэсе — доктарам Сайковым і сёстрамі Данскімі. А таксама пра тое, якім методыкам аддаюць перавагу беларусы.

«Я выпрацаваў сабе схему працы, каб самому не звар’яцець. Тры тыдні працую, тыдзень адпачываю. За гэты тыдзень еду або за мяжу ў падарожжа, або да дачкі ў Прагу, або дадому, у вёску Гарадок, што пад Маладзечнам», — кажа 56-гадовы Аляксей Хадоркін. 

На малой радзіме доктара Хадоркіна мы і сустрэліся. Тут, на хутары за вёскай Гарадок, у Аляксея Хадоркіна жыве яго 87-гадовая мама. А ў доме па суседстве — сярэдні брат Генадзь.

Аляксей Хадоркін.

Пра брата Аляксей расказвае неахвотна. Толькі сказаў, што брат ужо на пенсіі, што жыве тут, на малой радзіме, пастаянна. Затое мясцовыя жыхары не ўпускаюць магчымасць расказаць, што пакуль малодшы брат усю краіну лечыць ад запояў, сярэдні — часты госць у краме ў Гарадку.

«Усіх не вылечыш, ды і без асабістага жадання чалавека гэта, на жаль, немагчыма», — разводзіць рукамі Аляксей Хадоркін.

З гэтай жа прычыны, кажа Аляксей, рэдка сустракаецца і з аднакласнікамі, сябрамі дзяцінства.

Аляксей Хадоркін злева на возеры ў Гарадку. 

«Сумна глядзець на тое, як народ співаецца. Але я не настроены да такіх людзей варожа. Гэта выбар кожнага: піць ці курыць. Я таксама магу выпіць у святы ў добрай кампаніі. А курэнне? Вы ведаеце, што яно скарачае жыццё на 17 гадоў»? — кажа Аляксей Хадоркін.

Маленькі Лёша, ці як яго называе мама, Алік, марыў стаць доктарам з дзяцінства.

Будучы доктар Хадоркін. 

«Мой бацька, таксама Аляксей, быў вясковым доктарам, мама — настаўніцай геаграфіі ў мясцовай школе. Такая тыповая вясковая інтэлігенцыя. Таму і выбару асабліва не было: ці ў дактары, ці ў настаўнікі. Цешча старэйшага брата была ветэрынарам, мы, калі прыязджалі да іх у госці, дзіву даваліся, што стол заўсёды ламіўся ад розных ласункаў. Дык вось, гледзячы на ўсё гэта, я думаў, што трэба і мне ісці ў ветэрынары. Але мама адгаварыла», — расказвае Аляксей Хадоркін.

Бацька Аляксея Хадоркіна працаваў участковым доктарам.

Мама Аляксея Хадоркіна, Людміла Канстанцінаўна, усё жыццё адпрацавала настаўніцай, а затым і завучам у гарадоцкай школе. У Гарадку яна і нарадзілася. Сям’я перажыла ўсе перыпетыі гісторыі гэтых месцаў: і пагрозу раскулачвання, і вайну, і немцаў, і партызанаў. Некалькі разоў сям’я была на мяжы гібелі.

Прадзед выменяў жыццё на пяць залатых, а бацька на каністру спірту

Прадзед Аляксея Хадоркіна быў заможным селянінам. У яго было 12 гектараў зямлі і 5 гектараў лесу — нямала па тых часах.

Аднойчы ён вярнуўся дадому і ўбачыў, што яго жонка з маленькай дачкой Людай сядзяць на возе. У вёску прыйшлі бальшавікі і загадалі тэрмінова збірацца з мінімумам рэчаў у Сібір. Тады дзед Хадоркіна ўзяў пяць залатых чырвонцаў і рушыў у кантору. Там падкупіў галоўнага і яму выпісалі ліпавую даведку аб тым, што ён не выкарыстоўваў на сваёй зямлі працу чужых людзей. Так сям’я засталася жыць у Гарадку.

«А магло ж быць інакш. Адправілі бы сям’ю маці ў Сібір і не было б мяне. А колькі такіх выпрабаванняў было падчас вайны? Дзеду некалькі разоў то немцы, то партызаны пісталет да галавы прыстаўлялі. Мама расказвала, што яе тата падчас вайны ўсю сям’ю распранаў амаль дагала. Пакідаў толькі лахманы, а ўсю добрую вопратку штовечар закопваў пад домам, бо, калі прыбягалі партызаны, то забіралі ўсё», — расказвае Аляксей Хадоркін.

«А яшчэ нашых то каня, то карову партызаны шэсць разоў за вайну зводзілі. І столькі ж разоў вярталі. У 1941 годзе у сям’ю Люды Хадоркінай немцы засялілі савецкага ваеннапалоннага. Ён працаваў, жыў у доме. А пасля ў наваколлях Гарадка стварыў партызанскі атрад. Стаў там камандзірам. Але дабро нашай сям’і не забыўся. Калі мая мама прыбягала ў атрад шукаць нашу скаціну, камандзір заўсёды распараджаўся вярнуць яе назад», — дадае Людміла Хадоркіна.

Аляксей Хадоркін са сваімі бацькамі. 

А пасля вайны маглі б забіць і бацьку Аляксея Хадоркіна.

«Ведаеце, у першыя пасляваенныя гады ў лясах яшчэ шурудзілі так званыя «лясныя браты». Дык вось неяк раз некага там падстрэлілі. Яны высачылі майго бацьку, які вяртаўся на кані з бальніцы, бо ведалі, што ён доктар. Адвялі ў свой лагер і прымусілі вылечыць таго бандыта. А пасля камандзір сказаў, што, маўляў, доктар, ведае дзе наша сховішча, ён нас здасць. Яго трэба расстраляць. І павялі ў лес.

А бацька ў той дзень як раз у бальніцы атрымаў каністру спірту для медыцынскіх патрэб. Ён і прапанаваў тым, хто павёў яго на расстрэл, адкупіцца спіртам. Так, алкаголь яшчэ да майго нараджэння, саслужыў добрую службу маёй сям’і», — жартуе Аляксей Хадоркін.

Мама Аляксей Хадоркіна Людміла Канстанцінаўна.

Я па прыродзе сваёй хутаранін, не мог працаваць на кагосьці

Пасля заканчэння школы Аляксей вырашыў падаваць дакументы ў ваенна-марскую акадэмію ў Ленінградзе з тым разлікам, што калі не паступіць туды, то паспрабуе паступіць у Мінск. У Ленінградзе дакументы прымалі на месяц раней. Але іспыты Аляксей вытрымаў і быў залічаны ў Акадэмію.

Аляксей Хадоркін у другім радзе другі справа падчас вучобы ў Ленінградзе. 

Пасля яе заканчэння служыў доктарам на флоце, пасля да развалу Савецкага Саюза працаваў на кафедры нервовых захворванняў у той самай ваенна-марской акадэміі. Калі СССР распаўся, вярнуўся ў Беларусь. Стаў працаваць доктарам-неўролагам у Барысаве, у гарадской бальніцы.

«За паўдня заканчваўся прыём, я паспяваў запоўніць усе паперкі. А пасля абеду з калегамі гулялі ў прэферанс. Так прайшло шэсць гадоў, пакуль я зразумеў, што так можна праседзець усё жыццё. Тады я і вырашыў, што магу паспрабаваць заняцца прыватнай практыкай. У вайсковай акадэміі я шмат чаму навучыўся, там, сапраўды, была моцная неўралагічная школа. Пасля вывучыў методыку доктара Даўжэнкі і зразумеў, што я ведаю больш за яго», — расказвае Аляксей Хадоркін.

І праца пайшла.

«Не ўсё было гладка, як здаецца. Сёстры Данскія вельмі ўзрушаліся, калі я з’явіўся на гарызонце. Пісалі і скаргі, называлі шарлатанам. Сайкоў адзіны, хто не пісаў на мяне скаргі. Мы не перашкаджалі працаваць адзін аднаму. Працавалі паралельна. Ён цяпер вельмі хварэе, і я вельмі за яго хвалююся. Работа ў нас усё ж нервовая».

Пра тое, чаму ж Хадоркін, а не Сайкоў стала імем намінальным, Аляксей дакладна не ведае.

«Магчыма, не трэба для гэтага было спяваць песні, калі ў цябе няма голасу і змагацца з быкамі, як гэта рабіў Сайкоў. Мне было дастаткова сумленна працаваць усе гэтыя 30 гадоў. Спяваць я, дарэчы, люблю. Але раблю гэта дома.

Ды і па натуры я хутаранін. У мяне продкамі закладзена ў падсвядомасці: не высоўвайся. Ды і сістэмы я не люблю. Калі пачаў працаваць на сябе, толькі тады адчуў сябе сапраўды шчаслівым. Я шчаслівы ад таго, што разваліўся Савецкі Саюз, я шчаслівы, што разваліўся гэты камунізм. Таму што я на прыкладзе сваёй сям’і адчуў, як гэта, калі ў цябе забіраюць нейкія дурні тваю ўласнасць», — расказвае Хадоркін.

Сярод моладзі алкаголікаў усё менш 

Прыём у доктара Хадоркіна распісаны на год наперад.

Аляксей Хадоркін ля роднага дому ў мястэчку Гарадок. 

У асноўным, канечне, звяртаюцца лячыць залежнасць ад алкаголю.

«Але ў моладзі алкагалізм выцясняецца інтэрнэт-залежнасцю. Часта звяртаюцца людзі з гульнявой залежнасцю. Самыя каштоўныя пацыенты — гэта тыя, хто прыходзіць да доктара сам. Такіх, канечне, вельмі мала. Але такія людзі вылечваюцца назаўсёды.

У асноўным, пацыентаў з залежнасцю прыводзяць не жонкі. Калі ўжо жонка плюне, прыводзіць мама. Плача, расказвае, які ў яе харошы сын. І што на гэтым тыдні не піў ужо два разы. Наш народ любіць ампутацыйную методыку. Прыходзяць з праблемай да доктара і той ў выніку псіхатэрапеўтычнага стрэсавага ўздзеяння адсякае гэтую праблему. І такая методыка вельмі цяжкая для доктара. Чаму хварэе Сайкоў, чаму рана памёр Даўжэнка — бо вельмі цяжка гэта вытрымліваць. Разумныя людзі гадуюць сабе вучняў. Але я не настаўнік. Не ўмею навучыць. Іншая методыка — псіхарэсурсная. Такія методыкі рэканструююць асобу. Але ў гэтым разе трэба наведваць доктара працяглы час, а на гэта як правіла, няма ні грошай, ні часу, ні сілы волі», — кажа доктар Хадоркін.

Пры гэтым, Аляксей Хадоркін паўтарае, што сам не настроены варожа да людзей, якія выпіваюць.

«Я сам люблю выпіць у кампаніі, але раблю гэта вельмі рэдка. Большае задавальненне мне дастаўляе іншы спосаб адпачыць. Не спорт, ні ў якім разе. Я ўсё жыццё прытрымліваюся думкі, што спорт здароваму чалавеку не патрэбен, а хвораму наогул шкодзіць. Фізічная актыўнасць павінна быць, але нельга бегаць як лашара і зношваць свае суставы…. Я хадзіць люблю, плаваць. Кніжкі чытаць. Ад «Гульні тронаў» фанацею. Хаджу на паляванні з 12 год. У бацькі была вялікая калекцыя ружжаў. Я пасля школы браў стрэльбу і ішоў у лес. Тата казаў: «Калі ўбачыш якую інспекцыю, кідай стрэльбу і кажы, што яна не твая». У лес хаджу ягад паесці, грыбы збіраць люблю», — расказвае доктар Хадоркін.

На пенсію ж доктар Хадоркін пакуль не збіраецца.

«Буду працаваць, пакуль дазваляе здароўе. Тры гады таму я цяжка хварэў. Быў цалкам паралізаваны. І як толькі ў мяне крыху пачалі варушыцца рукі, адразу стаў працаваць. Работа — гэта сэнс майго жыцця».

Каментары24

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні

Усе навіны →
Усе навіны

На плоце магілёўскага прадпрыемства з'явіўся гістарычны мурал ФОТАФАКТ1

У Варшаве хлопец пагражаў нажом беларусу і ўкраінцы. Яму не спадабалася мова, на якой яны размаўлялі10

«Мне не далі жыцця — увесь час правяралі, трэціравалі». Былы палітвязень расказаў, чаму праз тры гады пасля вызвалення ўсё ж выехаў з Беларусі1

Расійскі блогер сыграў у S.T.A.L.K.E.R.2 і выразаў літару Z на забітым персанажы. Ён жыве ў ЗША7

Лукашэнка даў прытулак суддзі Шміту, які ўцёк з Польшчы2

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны7

«Атрута для нашых дзяцей». У ЗША разгарнуліся вялізныя спрэчкі пра штучныя фарбавальнікі ў прадуктах

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні

Галоўнае
Усе навіны →