Смерць ад каранавіруса: заслужаны артыст Беларусі Віктар Дашкевіч
У Віцебску памёр заслужаны артыст Беларусі, акцёр тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч. У яго быў дыягнаставаны Covid-19, з 19 сакавіка ў яго было запаленне лёгкіх.
Гэтую горкую навіну «Нашай Ніве» паведаміла жонка артыста.
У яе таксама запаленне лёгкіх — але яна ізаляваная дома, дачка прыносіць ёй прадукты і пакідае пад дзвярыма.
Што адбываецца ў Віцебску? Інфармацыя ад уладаў скупая, людзей трывожаць шматлікія пнеўманіі
У мужа і жонкі Дашкевічаў з Віцебска адначасова дыягнаставалі пнеўманію. Іх адправілі ў тубдыспансэр, «але там было перапоўнена. Таму мы адпрасіліся дадому, дактары далі нам антыбіётыкі і адпусцілі», — расказала «Нашай Ніве» спадарыня Дашкевіч.
Аднак хвароба не адступала, тэмпература расла, і пару зноў шпіталізавалі — ужо ў іншую ўстанову, таксама пераабсталяваную пад лячэння лёгачных захворванняў.
«Дома ў мужа паднялася тэмпература. Нас накіравалі ў скурвендыспансэр, які цяпер абсталявалі пад пульманалогію. Паклалі ў розныя палаты. Там узялі аналізы на каранавірус, але сказалі, што аналіз адмоўны», — працягвае спадарыня Дашкевіч.
24 сакавіка 75-гадоваму Віктару Дашкевічу, заслужанаму артысту Беларусі, стала горш, і яго перавялі ў яшчэ адну ўстанову, якая, трэба разумець, цяпер таксама вызначаная пад лячэнне лёгачнікаў, — у чыгуначную бальніцу.
Як вядома, Covid-19 выклікае ўскладненні ў выглядзе спачатку сухога кашлю, а пасля — пнеўманій, частка якіх працякае ў цяжкай форме.
Віктар Дашкевіч доўгі час знаходзіўся ў рэанімацыі, на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Сітуацыю ўскладняла тое, што ў яго была хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх. Як вядома, каранавірус найбольш небяспечны для людзей з хранічнымі хваробамі.
Няясна, чаму праз доўгі час пасля выяўлення пнеўманіі ў артыста Дашкевіча (і ягонай жонкі), ужо калі яны знаходзіліся ў бальніцы, тэст на каранавірус быў нібыта ў абаіх адмоўны, а пасля стаў станоўчы — толькі ў мужа, пасля таго як ягоны стан пагоршаў.
Незразумела таксама, чаму немаладую жанчыну з пнеўманіяй ужо праз пяць дзён пасля шпіталізацыі выпісалі дадому — прытым што ў гэты ж дзень у яе мужа пацвердзілі каранавірус. Звычайна курс лячэння пнеўманіі даўжэйшы. Да таго ж, калі каранавірус у мужа, а пнеўманія адначасова ўзнікла ў яго жонкі, то лагічна было б, каб у яе ўзялі паўторны аналіз і трымалі пад назіраннем.
«У мяне паўторны аналіз не бралі, сказалі ізалявацца і быць дома 14 дзён, — кажа спадарыня Дашкевіч. — Дачка мне носіць прадукты, пакідае іх у пад’ездзе».
Такія рацыянальныя меры перасцярогі сям'я прымае з улікам пагрозы заражэння.
Віцебскі тэатр імя Якуба Коласа адмяніў спектаклі. Па словах спадарыні Дашкевіч, сем артыстаў тэатра знаходзяцца ў бальніцы. У пяці з іх пнеўманія.
Усяго па стане на 30 сакавіка ўлады Беларусі заявілі пра 152 выяўленыя выпадкі каранавіруса. У адрозненне ад іншых краін у Беларусі не публікуецца афіцыйнай інфармацыі пра геаграфічную лакалізацыю выяўленых выпадкаў Covid-19, што дае падставу для розных чутак. Мінздароўя тлумачыць такі падыход нежаданнем правакаваць паніку.
Вядома пра выпадкі каранавіруса ў Мінску — на сталіцу, паводле звестак «Нашай Нівы», прыпадае прыкладна палова агульнай колькасці інфікаваных у краіне.
Акрамя таго, трывожныя весткі прыходзяць з Віцебска.
Пра адзінкавыя выпадкі ці невялікія кластары заражэння паведамлялася з Гродна, Гомеля, Лельчыцкага, Капыльскага, Іўеўскага, Лепельскага раёнаў.
Каментары