Еўрапейцам парэкамендавалі стварыць запас прадуктаў на выпадак нападу Расіі
Жыхарам Еўрапейскага Саюза рэкамендуецца запасацца экстраннымі сродкамі на выпадак вайны або іншай буйной надзвычайнай сітуацыі. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы аб грамадзянскай і вайсковай гатоўнасці Еўропы, піша Newsweek.
Адным з аўтараў дакумента з'яўляецца Саўлі Ніінісцё — былы прэзідэнт Фінляндыі і спецыяльны дарадца старшыні Еўрапейскай камісіі.
У дакуменце адзначаецца, што ЕС не быў гатовы ні да пандэміі COVID-19, ні да агрэсіі Расіі супраць Украіны, і яму неабходна перайсці «ад рэактыўных захадаў да праактыўнай гатоўнасці».
У рамках гэтай стратэгіі ЕС рэкамендуе грамадзянам мець запас неабходных рэчаў і прадуктаў на 72 гадзіны ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. Аўтары справаздачы раяць еўрапейскім дзяржавам даць сваім грамадзянам рэкамендацыі па запасах, эвакуацыі і доступу да экстраных службаў.
Сярод іншага ў дакуменце рэкамендуецца запасацца прадуктамі харчавання, напоямі, медыкаментамі, ліхтарыкамі і радыёпрыёмнікамі на батарэйках.
Гэтыя рэкамендацыі накіраваныя на падрыхтоўку грамадзян ЕС да розных надзвычайных сітуацый — ад новай пандэміі да экстрэмальных умоў надвор'я або ўзброенай агрэсіі.
У дакуменце адзначаецца, што магчымае ваеннае ўварванне Расіі з'яўляецца адной з асноўных пагроз.
«У нас няма дакладнага плану, што будзе рабіць ЕС у выпадку ўзброенай агрэсіі супраць дзяржавы-члена. Пагроза вайны, якая паходзіць ад Расіі, ставіць пад сумнеў бяспеку Еўропы і прымушае нас разглядаць гэтае пытанне як цэнтральны элемент нашай гатоўнасці, не забываючыся пры гэтым пра падрыхтоўку да іншых сур'ёзных пагроз», — адзначаецца ў справаздачы.
Справаздача таксама прапануе шэраг мер, уключаючы выдзяленне не менш за 20% агульнага бюджэту ЕС на ўмацаванне бяспекі і гатоўнасці да крызісаў. Акрамя таго, у ёй прапануецца павялічыць абмен разведвальнай інфармацыяй паміж дзяржавамі.
Каментары