Грамадства

«Гонар, што я жыву ў адной з вамі краіне». Мінск накрыла лавіна ўзаемадапамогі з вадой

Памятаеце, як беларусы дапамагалі адно аднаму, калі абрынуўся снежны ўраган «Хаўер»? Ёсць новая прычына сабой ганарыцца. У Мінску сур'ёзныя праблемы, у двух раёнах нельга піць ваду з вадаправода. Увесь гэты час звычайныя людзі купляюць і прывозяць ваду пенсіянерам, маладым мамам з дзецьмі, якім цяжка доўга стаяць у доўгіх чэргах да пітных цыстэрнаў. Яшчэ ўчора ў телеграме і вайберы з'явіліся каналы «Узаемадапамога з вадой Мінск», у якіх ужо больш за дзве тысячы чалавек. Аб'ядноўваюцца ў групы ўзаемадапамогі і ў іншых чатах. Tut.by пагутарыў з людзьмі, якім не ўсё адно.

Фота: тэлеграм-канал «Узаемадапамога з вадой Мінск». 

«Прывозілі ваду ў кватэры, у якіх стаяў смурод хлоркі з ёдам»

Аляксандру Браташу — 30 гадоў, ён музыка, гукарэжысёр. Кажа, быў адным з першых, хто зайшоў у чат «Узаемадапамога з вадой Мінск», які зараз стаў вельмі папулярным.

- Людзі пачалі пісаць, каму патрэбна вада, і я разумеў, што магу купіць ваду або дапамагчы данесці, але няма машыны. І тут у чаце дзяўчына напісала, што можа развозіць ваду.

Потым аказалася, што дзяўчына — вядомая блогерка Лера Яскевіч. Яна развозіла ваду па горадзе разам з сяброўкай — узялі на борт і Аляксандра.

— Паехалі разам у краму ў раёне Аўтазавода, купілі 12—13 бутэлек пяцілітровых. Прычым іх спецыяльна для нас на складзе знайшлі. А ў чаце людзі пачалі пісаць, дзе жывуць бабулі, дзе жывуць іх сем'і, якім патрэбна вада. У Сухарава зрабілі пяць ходак.

Спачатку ваду куплялі ў крамах, потым сталі пісаць людзі з тых раёнаў Мінска, якія не закранула бяда: «Прыязджайце, набірайце колькі заўгодна. Магу пусціць у душ». Такіх паведамленняў у чаце — сотні.

— Мы ездзілі да людзей, якія набіралі ваду на Валгаградскай, і так зрабілі некалькі заходаў. У кватэрах у пацярпелых раёнах часам стаяў страшны смурод. Такі пах — ёду з хлоркай, — распавядае Аляксандр.

Мінчук кажа: У гэты час яшчэ ўсе чыталі навіны з каментарамі ўладаў, што ўсё ў парадку, вада не небяспечная.

— Ад такога інфармавання хацелася плявацца.

Вазілі ўжо амаль ноччу ваду і да дзіцячага дома на вуліцы Адзінцова.

— Мы пад'ехалі, а разам з намі да яго пад'ехалі яшчэ пяць машын! Мяне гэта вельмі здзівіла, узрушыла! Калі чытаеш, што ў іншых краінах людзі так дапамагаюць адзін аднаму — гэта адно. Але тут вось такое ў Беларусі — гонар! І ўсе перапісваліся: у каго ёсць 70 літраў, у каго 80 — і пыталіся, куды яшчэ падвезці. 

«Мне прывезлі ваду — я яе раздаў. Потым замовіў яшчэ і раздаў зноў»

Станіславу — 19 гадоў, ён жыве на Ляшчынскага, 17. Хлопец ўражаны тым, што цяпер робяць мінчукі адно для аднаго. Кажа: яго дапамога іншым пачалася з таго, як… ваду прывезлі яму.

— Я ўспомніў, што ў мяне і суседзі з дзецьмі, і сталыя людзі ёсць. Раздаў ім тое, што прывезлі мне, папрасіў хлопцаў на машынах прывезці яшчэ, раздаў і гэта. Потым выйшаў на вуліцу і ўбачыў натоўп. Вырашыў напісаць у чаце — і мы сталі дапамагаць людзям напаўняць каністры.

З-за пандэміі і недахопу наведнікаў ва ўстановах грамадскага харчавання хлопец літаральна на днях стаў беспрацоўным. Так што час дапамагаць ёсць. Ганарыцца, што беларусы так адгукаюцца на дапамогу адно аднаму.

— Да нас учора ўвечары павінна была прыехаць машына з вадой, дзяржаўная, прыехала на паўгадзіны, нават палове людзей у чарзе не налілі і з'ехалі — распавядае Станіслаў. — За вечар прыехала больш за сем машын валанцёраў. Людзі прыязджаюць, бяруць тару, набіраюць ваду ў сябе дома, потым вяртаюцца і раздаюць. Дапамагаў ім учора на працягу двух гадзін, людзі дапазна чакалі яшчэ — не хапае вады.

Ведаю, што толькі людзі раздалі каля 700 літраў вады. Ходзім па пад'ездах да пажылых людзей — адна жанчына распавяла, што раніцай выпіла шклянку вады з-пад крана і атруцілася, уся бледная.

 «Пажартаваў на выступе пра ваду, прыехаў дадому і зразумеў, што адбываецца трэш»

Дзмітрый Нарышкін дапамагаў учора ўвечары развозіць ваду разам з камандай мінчукоў з супольнасці@bycovid19. Кажа, што яшчэ ў дзевяць вечара не думаў, што менавіта так правядзе час.

— У сераду, гадзін да 22, я працаваў у клубе — я комік. Быў трохі ў курсе, што ёсць праблема з вадой, але падрабязна навіны не чытаў. Пажартаваў на выступе: «У Мінску зараз будуць карыстацца асаблівай папулярнасцю мужчыны з бутэлечкай «Дарыды». Калі прыехаў дадому і стаў чытаць навіны, то зразумеў, што адбываецца нейкі трэш, — распавядае Зміцер.

— Я зайшоў у краму ў раёне Пуліхава, дзе з вадой усё ў парадку, і скупіў, напэўна, усе бутэлькі, — распавядае Зміцер. — Прыехаў яшчэ адзін валанцёр, Ілля Смірноў з @ bycovid19. Высветлілася, што мінчукі за 50 хвілін, якія прайшлі ад публікацыі закліку, ужо закрылі патрэбы дзіцячага дома. Але высветлілася, што, магчыма, патрэбна вада ў іншы дзіцячы дом, у раёне вуліцы Гурскага. Паехалі туды, там на месцы ўжо былі хлопцы маладыя на БМВ і на «Лексусе» — таксама ваду прывезлі. Пакінулі за плотам, каб выхаванцы маглі раніцай хаця б папіць і памыцца.

— У дзявятай бальніцы на Сямашка сустрэлі медсясцёр. Яны распавялі, што з вадой усё дрэнна. Мы сталі выгружаць ваду — у яшчэ аднаго хлопца, Эндру, быў поўны багажнік пяцілітровых бутэлек, і нават 20-літровая бутэлька была. Усё гэта разабралі па аддзяленнях. Потым хацелі з'язджаць — доктар высунуўся з акна бальніцы. Крычыць: «Хлопцы, можна я вам тару дам, а вы з'ездзіце і нам вады набераце?». Забралі тару і паехалі ў горад — шукаць чыстую калонку.

Трэба сказаць, што да таго моманту гараджане зарыентаваліся і ўжо стварылі карту чыстых крыніц вады ў Менску, яна выдатна дапамагала мінчукам, якія развозілі ваду іншым.

Напарнік Дзмітрыя Ілля дадае: вечарам і ноччу валанцёры @bycovid19 развозілі ваду кропкава.

— Сёння раніцай падключыліся бізнэсы і далі ваду. Частка нашай каманды арганізавала транспарт і развозяць гэтую ваду па медустановах. Зараз працягваецца працэс — адвозім ваду па запытах бальніц і радзільняў. Будзем бачыць, што будзе ўвечары.

Такіх прыкладаў, вялікіх і маленькіх, — мноства. Напрыклад, аптэкі ADEL і «Добрыя лекі» ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах арганізавалі стыхійную дапамогу жыхарам бліжэйшых мікрараёнаў — знялі з продажу пітную ваду, каб раздаць яе бясплатна.

 

«Таксіст прапанаваў дапамогу — ужо праз 15 хвілін мы куплялі 75 літраў вады ў краме»

Ідуць паведамленні і пра таксістаў, якія дапамагаюць развозіць ваду. Мянчук Дзяніс распавядае, што спісаўся з адным з такіх кіроўцаў. Там таксама людзі арганізавалі дастаўку вады пацярпелым.

— Таксіст прапанаваў бясплатна падвезці ваду. Ужо праз 15 хвілін мы закуплялі 75 літраў вады ў краме. Паехалі праз Рафіева, там не выявілі велізарных чэргаў з тых, каму патрэбна вада, так што адправіліся ў самае загружанае месца на Гарэцкага. Баяліся, што будуць расхопліваць ваду, але прайшло ўсё больш чым культурна, раздалі ваду пенсіянерам і адной жанчыне з дзіцем. Затым таксіст падвёз мяне да дома, мы падзякавалі адзін аднаму за супрацоўніцтва — і развіталіся. Пацешна, што за паўтары гадзіны мы нават не даведаліся імёнаў адзін аднаго. Была мэта — мы да яе прыйшлі … вішанькай на торце стала забарона на ўжыванне вады ад «Мінсквадаканала», якая з'явіўся апоўначы. Дзе вы былі раней, гэй?

Дзяніс дагэтуль не разумее, чаму гараджанам не рассылалі эсэмэскі, што ваду піць нельга.

— Дзякуй каардынатарам і ўсім, хто развозіў ваду па дамах, у бальніцы, дзіцячы прытулак і нават прытулак для жывёл, усім, хто дапамагаў з бензінам, тарай. Нягледзячы на тое, што цяпер дзеецца ў краіне, найбольш часта мяне наведвае цяпер такое пачуццё — гонар. Гонар, што я жыву ў адной з вамі краіне, што мы — адзін народ.

Дарэчы, вечарам 25 чэрвеня Міністэрства аховы здароўя падзякавала «неабыякавым грамадзянам за гатоўнасць аказаць дапамогу ўстановам аховы здароўя Мінска па дастаўцы пітной вады».

— Усе бальніцы і паліклінікі, якія сутыкнуліся з праблемамі якасці вадаправоднай вады, забяспечваюцца чыстай вадой сіламі МНС, Мінабароны і «Мінсквадаканала» ў поўным аб'ёме. Прапануем усім валанцёрам пераключыцца на дапамогу адзінокім, інвалідам і пажылым грамадзянам, якія маюць цяжкасці з забеспячэннем сябе пітной вадой.

…Пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял, журналісты размаўлялі з многімі мінчукамі. Некаторыя людзі, якія проста зараз накатваюць кіламетры, каб дапамагчы іншым, вельмі прасілі застацца ананімнымі, не называць імёнаў, прозвішчаў. Спасылаліся на нервовую абстаноўку апошніх дзён з арыштамі на гарадскіх вуліцах — ці мала чым народу адгукнецца чарговая салідарнасць. Спадзяемся, што — павагай да людзей, якія яе праяўляюць, піша tut.by.

Каментары

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром3

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →