11 затрыманых і мала яснасці. Вось што вядома пра сітуацыю з Tut.by на гэты момант
Пасля таго, як раніцай 18 мая сілавікі ўварваліся ў галоўны і рэгіянальныя офісы Tut.by і ў кватэры некалькіх супрацоўнікаў, восем чалавек затрыманыя. Месцазнаходжанне многіх іншых было невядома да позняй ночы.
У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што ў дачыненні да службовых асоб ТАА «Тут бай Медыя» заведзена крымінальная справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Маючы статус рэзідэнта ПВТ, кампанія нібыта атрымлівала выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў, паведамляе партал.
Супрацоўнікі, якія былі ў галоўным офісе, і журналісты, што прыехалі да іх, перасталі выходзіць на сувязь. Многіх з іх пратрымалі ў будынку да позняй ночы.
Паралельна з гэтым Мінінфарм абмежаваў доступ да сайта Tut.by, спасылаючыся на тое, што Генпракуратура ўстанавіла факты парушэнняў закона аб СМІ ў частцы размяшчэння ў публікацыях забароненай інфармацыі. У прыватнасці незарэгістраванага фонду BYSOL. Абмежаваны доступ і да іншых інтэрнэт-рэсурсаў TUT.BY, уключаючы пошту mail.tut.bу і праект па зборы грошай на лячэнне help.blog.tut.by.
Ператрусы прайшлі ў галоўнага рэдактара Марыны Золатавай, рэдактараў Ганны Рудэнка, Вольгі Саўкіў, намесніка галоўнага рэдактара Максіма Гайко, журналіста Алены Талкачовай.
Ганна Рудэнка і Вольга Саўкіў пасля ператрусаў засталіся на волі. Марыну Золатаву і Алену Талкачову забралі на допыт у ДФР. Галоўны рэдактар паспела паведаміць, што яна, дырэктар ТАА «Тут бай медыя» Людміла Чэкіна і галоўны бухгалтар кампаніі Анжэла Асад могуць праходзіць па артыкуле 243 КК.
Максім Гайко выйшаў на волю ўвечары пасля допыту ў ДФР, у той час як некаторых супрацоўнікаў павезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.
У гэты ж дзень сілавікі прыходзілі таксама ў офісы Hoster.by і av.by.
На гэты момант затрыманыя 11 супрацоўнікаў TUT.BY:
— намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік
— намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка
— менеджэр Андрэй Аўдзееў
— рэдактар Вольга Лойка (знаходзіцца на Акрэсціна)
— журналіст Алена Талкачова (знаходзіцца на Акрэсціна)
— галоўны рэдактар Марына Золатава
— генеральны дырэктар Людміла Чэкіна
— галоўны бухгалтар Анжэла Асад
— намеснік дырэктара Ірына Рыбалка
— галоўны інжынер Ала Лапатка
— юрыст Кацярына Ткачэнка.
Статус затрыманых да гэтага часу незразумелы, па наяўнай інфармацыі, 18 мая адвакатаў у ДФР да затрыманых так і не дапусцілі.
Дагэтуль ні блізкім, ні адвакату невядома, дзе знаходзіцца ўдава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.
Каментары