«Я не шкадую». Пасля сустрэчы з ябацькамі стэндапер адсядзеў 45 сутак, згубіў працу і з'ехаў з Беларусі
Мінскі стэндапер Цярэнцій Марыніч у красавіку выклаў відэа сваёй размовы з удзельнікамі «ябацькаўскага» мітынгу. Ролік шырока разышоўся па сацыяльных сетках, але папулярнасць прынесла хлопцу толькі праблемы: спачатку ён правёў 45 сутак за кратамі, а пасля ўвогуле з’ехаў з Беларусі. Пра гумар, зняволенне і эміграцыю Цярэнцій распавёў «Нашай Ніве».
«У Мінску я працаваў маркетолагам у IT-кампаніі. Стэндап быў хутчэй як хобі, выступаў на англійскай і рускай мове. Гэтым я не зарабляў, проста аматарскае захапленне.
25 красавіка я ехаў прадаваць фітнес-браслет. Пакупнік папрасіў пад’ехаць ва Уручча. Браслет аддаў і выпадкова гляджу: стаяць гэтыя красаўцы са сваім мітынгам. І тут узяла такая злосць — яны стаяць, а іншых людзей саджаюць за паперку на шыбе, — расказвае Марыніч. — Я падышоў. Мэта мая была — проста пагаварыць. Хто ім даў дазвол і гэтак далей. Тэлефон я ўключыў, каб пасля не было праблем, каб пасля мне не «прышылі», што я мацюкаўся ці яшчэ што. Ніякі пранк рабіць з гэтага я спачатку не збіраўся. Здымаў на ўсякі выпадак, каб быў доказ, што я паводзіў сябе прыстойна і ў межах закона.
Я ўжыў выраз «лашкі-петушкі». Але не адрасна, канкрэтна так нікога не назваў, проста ўжыў у паветра. Ябацек гэта вельмі трыгернула, яны пачалі мне пхаць чырвона-зялёны сцяг са словамі «О, змагар падышоў!». Але мне не зашкварна было з ім пастаяць, я ўзяў. Усе загагаталі: аха-ха, змагар з нашым сцягам!
Бабулі пачалі задаваць на іх думку каверзныя пытанні, тыпу: «А вы любіце АМАП?», але я не вёўся.
І шчыра, я не да ўсіх удзельнікаў таго мітынгу адчуваю негатыў. Бо там былі і тыя, хто яўна разумеў усё, што адбываецца ў краіне, і проста стаяў там са сваімі мэтамі. А былі і тыя, хто стаяў абсалютна шчыра, хто шчыра верыў у ідэю, у Лукашэнку.
Пасля я пераглядзеў відэа — гэта быў проста агонь. Я шчыра смяяўся, калі пераглядаў. Брату паказаў, ён таксама ацаніў.
Тады я скінуў відэа ў некалькі каналаў, якія цяпер прызналі экстрэмісцкімі.
Пра праблемы я нават не думаў, я ўважліва ставіўся да сваёй бяспекі. Бо я ж нічога не парушаў, за што мяне прыцягваць да адказнасці?»
Але ж беларускія сілавікі палічылі інакш. Відэа хутка разляцелася па каналах і неўзабавае па Цярэнція прыйшлі.
«Праз два дні я стаяў на прыпынку. Падняў галаву, паглядзеў на расклад тралейбусаў, адпусціў галаву — і перада мною выраслі пяцёра сілавікоў, а на прыпынку ўжо стаяў іх бус. «Прайдзёмце! Імя-прозвішча?» Я быў у навушніках, гэта было так нечакана, што аж язык заняло, — кажа Цярэнцій. —
Пасадзілі мяне ў бус. Я назваўся, пачаў патрабаваць адваката. Сілавікоў гэта падбешвала. Мне сказалі, што павязуць у аддзяленне для высвятлення асобы.
Прывезлі ў Першамайскае РАУС, перадалі міліцыянту. Ён прышпіліў мяне кайданкамі да скамейкі ў калідоры. Калупаліся ў маім тэлефоне — ён быў нават не запаролены, бо я лічыў, што мне баяцца няма чаго.
Аформілі дакументы, пасадзілі ў камеру. Там я правёў ноч. Далей Першамайскі суд. У мяне была дамова з адвакаткай, калі яна прыехала і праглядзела дакументы, аказалася, што я нібыта мацюкаўся і біў нагамі па дзвярах у РАУСе. Суддзя Ляйкоўская вырашыла, што гэта цягне на 15 сутак. Пасля зноў РАУС, і а 6-й раніцы павезлі на Акрэсціна».
Тады Цярэнцій яшчэ не ведаў, што правядзе на Акрэсціна не 15 сутак, а больш за месяц.
«Я амаль увесь час сядзеў у адной камеры. Перагрузу не было: 4 месцы і 4 чалавекі. Матрасы далі. Толькі адзін раз нас чамусьці адводзілі ў такую камеру, але на іншым паверсе. І там у чатырохмясцовай было чалавек 16, без матрасаў. У той камеры я правёў ноч, пасля мяне вярнулі ў «маю».
Першыя дні перадачы мне аддавалі. Пасля перасталі.
А недзе на 13 суткі да мяне прыехалі з новым пратаколам: там быў распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі, што я рэпоснуў запіс аднаго з каналаў», — згадвае Марыніч.
Хлопец кажа, што сядзеў разам з каментатарамі, якіх масава пазабіралі за допісы пра смерць пілотаў пад Баранавічамі.
«Некаторыя з іх пісалі сапраўды абразлівыя каменты. А некаторыя — звычайныя. Адзін мужык напісаў: «Гэта быў гераізм ці тупасць?» Па яго прыйшлі. Хтосьці каментаваў у тэлеграме, хтосьці на «Анлайнеры». Да іх спецыяльна прыязджаў нейкі мужык з ГУБАЗіК, зайшоў, скамандаваў: абаражальнікі налева, астатнія направа! Крычаў на іх: «Вось яны, героі канапныя!»
Калі іх вадзілі на суды, то супрацоўнікі Акрэсціна таксама крычалі амаль увесь час, што ім крыміналка пагражае, усякае такое, — расказвае Цярэнцій. —
Падчас зняволення на Акрэсціна прыязджалі бацюшкі — павіншаваць нас з Вялікднём. Нас вывелі ў калідор. Бацюшкі раздалі ручнікі (іх мы не бралі) і нейкія салодкія трубачкі. Падчас гэтага стаяў, як я зразумеў, начальнік ЦІПа, які мне пасля «мерапрыемства» кажа: стаяць. А ў мяне былі тапкі з надпісамі: на адным Fuck, на другім Off. Ён паглядзеў на іх і пацікавіўся, ці ёсць у мяне яшчэ абутак, а пасля сказаў: ці тапкі здымаеш, ці пачынаеш «претерпевать тяготы и лишения». Я выбраў ахвяраваць тапкамі.
Пасля 30 сутак мяне вывезлі зноў у Першамайскі РАУС. Я не разумеў, што адбываецца, пытаўся: я затрыманы? Міліцыянт мне адказваў: «Не затрыманы. Але будзеш затрыманы». Я патрабаваў адваката, адказ быў: «Ты ж разумееш, што не магу даць адваката». Таксама міліцыянт казаў мне: пасядзіш зараз яшчэ на Акрэсціна, а пасля на Валадарку, падумаеш там пра свае паводзіны.
На мяне склалі новы пратакол, маўляў, я выйшаў з РАУСа і пачаў хапаць мінакоў за рукі.
І праз пару гадзін мяне вярнулі на Акрэсціна. На наступны дзень суд па скайпе, рашэнне — 15 сутак. Адвакат пыталася, дык а дзе тыя, каго я нібыта хапаў за рукі? Адказ быў: ну адмовіліся ад дачы тлумачэнняў».
Па словах Цярэнція, апошнія 15 сутак ён сядзеў без палітычных сукамернікаў, шмат дзён увогуле ў адзіноце.
«Самае непрыемнае было — невядомасць. Нават пасля 45 дзён я не ведаў, гэта ўсё ці яшчэ мне штосьці дадуць», — кажа хлопец.
11 чэрвеня ён выйшаў на волю. А ўжо 20 — з’ехаў з Беларусі.
Сёння Марыніч знаходзіцца ў Кіеве.
«Мяне нават не звольнілі пасля сутак, мяне чакалі на працы і паставіліся да сітуацыі нармальна. Але кампанія працавала з беларускім банкам, і гэта не прадугледжвала працы на адлегласці, трэба было быць у краіне. Таму я звольніўся сам. Цяпер зарабляю фрылансам, як кантэнт-маркетолаг, пішу для блога таксама.
Я баяўся, што могуць прыйсці зноў, таму выехаў ва Украіну. І баяўся, мяркую, недарма. Бо мне ўжо званіў нехта з Беларусі, кажа: вы праходзіце сведкам па крымінальнай справе, пад’едзьце ў Цэнтральнае РАУС, літаральна на 15 хвілін.
Я адказваю: ага, я ўжо заязджаў у РАУС, пасля 45 сутак правёў на Акрэсціна.
Суразмоўца кажа: вы ж разумееце, што калі не прыедзеце, то вас прывязуць?
Я кажу: окей! Я зараз у цэнтры Кіева, давайце, выклікайце нарад! — пасміхаецца Марыніч. — Насамрэч я б вельмі хацеў вярнуцца ў Беларусь. Часам думаеш: купіў квіток за 500 грывень — і ты ў Гомелі! Але гэта пакуль небяспечна. Я разумею, што мяне лёгка і хутка знойдуць».
Пры гэтым Цярэнцій кажа, што шкадаванняў пра тую сустрэчу з ябацькамі ў яго няма.
«Першыя 15 сутак я думаў: калі з працы не звольняць, то гэта было варта таго. Другія 15 сутак я думаў: ну, калі толькі 30, то таксама не дарма, калі яшчэ накінуць, то можа і не варта было.
А цяпер, адсядзеўшы 45 сутак, я не шкадую. Нават каб я загадзя ведаў, што правяду 45 сутак за кратамі, згублю працу і прыйдзецца эміграваць — усё роўна б падышоў да тых ябацек. Яны самі сабе выставілі такімі на тых відэа. Хай людзі ведаюць».
Каментары