Грамадства

«Калі не ведае Лукашэнка, то тварыцца беззаконне!» З’явілася відэа эмацыйнай прамовы вясковага рабацягі. Мы пагаварылі з ім

Па сацсетках шырока разышлося відэа з Карэліцкага раёна: на ім звычайны работнік сельскагаспадарчага прадпрыемства жорстка крытыкуе начальства. З крыкамі «Развалілі калгас!» мужчына выгаворвае пра ўсе праблемы, адзначаючы, што галасаваў за Лукашэнку і падтрымліваў яго. Падзеі адбываліся на птушкафабрыцы «Чырвонаармейская», гэта аграпрадпрыемства, у якое аб’ядналі і птушкафабрыку, і раслінагадоўчую вытворчасць. На відэа — трактарыст Антон Абрамовіч. Дакладней — ужо былы трактарыст. «Наша Ніва» адшукала мужчыну і пагаварыла з ім пра сітуацыю на прадпрыемстве. Абрамовіч распавёў, што адбывалася да і пасля з’яўлення гэтага відэа.

«Мне 52 гады. Я працаваў на трактары, займаў першыя месцы па паказчыках працы. Прапрацаваў недзе 26 гадоў, усё нармальна было», — кажа Абрамовіч. 

Прэтэнзіі ў Абрамовіча да новага начальства з’явіліся даўно, яшчэ да з’яўлення відэа. У пачатку чэрвеня на прадпрыемства прыйшлі новы дырэктар і яго намесніца.

«Як яны прыйшлі, я спаць не магу. Жонка прыходзіць з працы са слязьмі: навошта такая праца? — задаецца пытаннем трактарыст. — 

Набываюць сабе лядоўні, канапы, ёршыкі для прыбіральні. Я стаяў 15 дзён без запчастак — хоць работа і была. Але замест запчастак, кіраўніцтва набывае сабе мэблю, мерсэдэс купілі. 

У мяне жонка галоўны бухгалтар там жа. Да яе прынеслі паперы на подпіс, набывалі прэс расійскі. Жонка кажа: гэта ж парушэнне, трэба праводзіць тэндар і набываць беларускі прэс, за тыя ж грошы нашых можна тры купіць. Але ніякі тэндар ніхто аб’яўляць не збіраўся».

Жонка Абрамовіча расказвае:

«Новае начальства пачало прадаваць шмат бычкоў. Гэта праблема, бо, па-першае, быдла закладзенае ў банк. Па-другое, жывёлы — гэта грошы прадпрыемства на будучыню. 

Раней прадавалі ў адэкватных колькасцях, 40 галоў на месяц. А цяпер прадалі 300 галоў за 2 месяцы. Прычым, маладняк прадаецца пэўнай вагою, 400—500 кілаграмаў на Слонімскі мясакамбінат, выконваецца дзяржзаказ, прадпрыемства атрымлівае надбаўкі за мяса. А начальства не стала чакаць, прадало бычкоў вагой у 350 кілаграмаў, не на сам Слонімскі камбінат — такім чынам, прадпрыемства наша засталося і без жывёлы, і без часткі грошай, і без надбавак! І дзяржзаказ не выкананы — а гэта караецца, бо пасля праз гэта прадпрыемства можа застацца без ільготных крэдытаў». 

Абрамовічы кажуць, што ў адказ на прэтэнзіі начальства пачало іх «прэсаваць».

«Пачаліся прыдзіркі: мне кажуць звальняцца, жонцы таксама. Вось такое пайшло.

Пачалі прэсаваць мяне. Напрыклад, кажуць, стаў спарку: дадатковыя колы на трактар, каб зменшыць ціск на глебу. Я стаўлю, тут раз — дырэктар кажа, здымай спарку, едзь так. А гэта ж куча часу займае ставіць тыя колы. 

Ці адпраўляюць вазіць зерне, а пасля «зялёнку» — гэта трава, сілас. Прычым, на «зялёнцы» ёсць тэхніка, я там не патрэбны. Вязу «зялёнку», тэлефануюць: пасля едзь зноў на зерне. А гэта трэба пачысціць увесь прычэп. 

Я казаў: як жа мне працаваць з вамі? Вы не людзі, дзе вас выхоўвалі? 

Я ж кажу як ёсць. Бо як начальства размаўляе ў нас?

Харошы ў іх той, хто з імі «хіхі-хаха», а не той, хто добра працуе. Напрыклад, нашы ветэрынары працуюць шмат гадоў. Нармальныя людзі, годна працуюць. Але начальства прыцягнула сваіх, якія да абеду яшчэ недзе бадзяюцца, а пасля абеду на канапах спяць — гэта ўсе бачылі, проста баяцца людзі гаварыць.

І ў старых ветэрынараў заробак 400 рублёў, у новых гэтых — 1200! — абурана расказвае Антон Абрамовіч. — 

Сюды не трэба ісці нікому, тут тварыцца чорнае. 

Камбайнераў прымушалі зерне ўбіраць у дождж. А яго і ў сухое надвор’е лепш пазней, каб падсохла.

А там поле каля трасы, дык людзі спыняліся і здымалі на відэа з машын: маўляў, што робіцца!

І мы кажам начальству: глядзіце, усё зерне не вымалочвае! Адказ: я вам грошы плачу, валіце!

Начальства таксама змяніла нормы спісвання паліва: раней было па мотагадзінах, цяпер — па танажы. Але ж малая ўраджайнасць у нас, таму атрымалася так, што кіроўцы не ўпісваліся ў гэтыя нормы. І камбайнеры кажуць дырэктару: трэба вырашаць гэтую праблему, бо што, вы пасля на нас павесіце? Дырэктар кажа: каму не падабаецца, ідзіце дадому! 

Камбайнеры ў выніку не паехалі на поле. І з гэтага раздулі, што камбайнеры бунтуюць — а на справе гэтага не было».

Па словах жонкі Абрамовіча, пасля да гэтых камбайнераў, якія адмаўляліся працаваць праз новыя нормы на паліва, прыходзіла міліцыя, праводзілі вобшукі. Нікога, праўда, не забіралі.

«Шмоны пайшлі па дамах — правяраюць сельскую гаспадарку дома, ну вы зразумелі, пра што я», — горка пасміхаецца Абрамовіч. 

У выніку Абрамовічы напісалі заявы на звальненне. Але ў першы раз іх не звольнілі. Затым з’явілася тое відэа. Самога Антона Антонавіча не чапалі — прынамсі міліцыянты. Відэа выклаў не ён, адзін з калег. Абрамовіч кажа, што калегу таксама давялося звольніцца. 

«А калі старшыня райвыканкама прыязджаў, ён такі ж, як нашае начальства, так жа з людзьмі размаўляе. Хлопца, які выклаў тое відэа са мною, старшыня называў тлустай свіннёй. Я лічу, што гэта непрымальна. З людзьмі трэба нармальна размаўляць, — кажа Абрамовіч. — Але калі прыязджалі з раёна, то тады ўжо начальства мне сказала: шкада, што раней не падпісалі вашыя заявы».

Цяпер Абрамовіч звольніўся, кажа: працы не давалі, што было яшчэ рабіць? Яго жонка пакуль узяла адпачынак. Трактарыст спадзяецца, што нядбайнае начальства нарэшце здымуць і ён тады вернецца на працу.

«Я работнік добры, працу ніколі не зрываў, не алкаш. Гэта вам хто заўгодна можа пацвердзіць! — кажа Абрамовіч. — Але мне ў Карэліцкім раёне месца не будзе, пакуль не зменіцца старшыня райвыканкама».

Пры гэтым палітычныя погляды сям’і Абрамовічаў не змяніліся.

«Канечне, я падтрымліваю Лукашэнку! Думаю, калі ён даведаецца, што тут робіцца, ім мала не пакажацца!» — кажа Антон Абрамовіч.

Але ці не думае ён, што ў такой сістэме ёсць віна і Лукашэнкі?

«Нічога я не думаю!»

Жонка Абрамовіча кажа так: «Я падтрымліваю Лукашэнку таксама. Мы шматдзетная сям’я і мы маем гарантыі, сацыяльную падтрымку. Мы ні ў якіх забастоўках не ўдзельнічаем. 

Галасавалі за Лукашэнку мінулым летам. 

Як я стаўлюся да людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі? Не ведаю, што і адказаць. Ва ўсіх свае пазіцыі. Адзінае што, я глядзела мінулым летам выказванні кандыдатаў і Цапкала казаў, што скасуе размеркаванне пасля ўніверсітэтаў. Дык а хто тады пойдзе ў сельскую гаспадарку працаваць?

Я ведаю па сваім досведзе: прыязджае моладзь на адпрацоўку і адразу намагаецца неяк пераразмеркавацца. А калі адпрацоўку скасуюць, хто будзе тады працаваць у сельскай гаспадарцы? Бо ўсе ж хочуць ці за мяжу з’ехаць, ці недзе ў горадзе зачапіцца.

І як мы будзем без сельскай гаспадаркі жыць далей?» 

Каментары

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Усе навіны →
Усе навіны

Маск стварае свой уласны горад у Тэхасе1

«Цяпер страшна выйсці з дзецьмі з дому». У элітным ЖК пад Мінскам зграя бадзяжных сабак разарвала хатняга ката6

За «экстрэмізм» асудзілі хлопца, які некалі запускаў кампанію па віншаванні ветэранаў

У конкурсе на найлепшую паштовую марку трэці год запар перамагае работа, звязаная з сілавікамі2

Інстытут Мінэканомікі: Санкцыі прама закранаюць чвэрць эканомікі Беларусі1

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію13

Як рыхтавалася аперацыя па падрыве пэйджараў і рацый «Хезбалы»? Агенты «Масада» раскрылі падрабязнасці4

«Яндэкс Go» уводзіць падачу скаргаў на кошт таксі1

«Тры гадзіны адстаяла ў віртуальнай чарзе!» У продаж паступілі першыя квіткі на Viva Braslav — і ўжо скончыліся9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Галоўнае
Усе навіны →