Музыка

«Настаўнік казаў бацьку: «Лепш не мучыць, слыху ў яго няма». Беларус выйграў адзін з самых прэстыжных конкурсаў для дырыжораў

Вілейчанін Віталь Алексяёнак выйграў прэстыжны міжнародны конкурс дырыжораў імя Артура Тасканіні ў Італіі, атрымаўшы пры гэтым яшчэ і прыз глядацкіх сімпатый. Цяпер для яго адчыненыя дзверы міжнародных оперных тэатраў і аркестраў, але свой галоўны канцэрт ён марыць адыграць у свабоднай Беларусі.

Пагутарылі з ім пра качавы лад жыцця дырыжора, дзяцінства ў Вілейцы, знаёмства з Марыяй Калеснікавай і яго кніжку пра беларускі пратэст «Белыя дні Мінска».

Віталь Алексяёнак, фота Аляксандры Злуніца

«За апошнія месяцы беларускіх дырыжораў пазналі лепш у Еўропе і свеце»

«Наша Ніва»: Калі параўноўваць са сферай кінематографу, то перамога ў міжнародным конкурсе імя Артура Тасканіні для дырыжораў — гэта як што?

Віталь Алексяёнак: У Еўропе некалькі важных кінафэстаў: Канскі, Венецыянскі, дакументальнага кіно. Конкурс дырыжораў — гэта, акурат, як прэстыжны еўрапейскі кінафестываль. У Парму з’ехаліся прафесіяналы амаль з усяго свету (з намі, напрыклад, працаваў сусветна вядомы Фабіа Луізі — ён шмат гадоў з’яўляўся галоўным дырыжорам Цюрыхскай оперы, Дрэздэнскай оперы і інш.).

Па розным звестках, на конкурс прынялі каля 300 заявак, але абралі толькі 12 удзельнікаў. У паўфінале нас засталося шэсць, у фінале — трое. Калі агучылі, каму дасталася другое месца, я ўжо разумеў, што мне прызначылі першае. Гэта былі вельмі моцныя пачуцці. І феерверк вакол — свята з італьянскім тэмпераментам. 

Я вельмі рады, што мяне прызналі лепшым.

За апошнія месяцы беларускіх дырыжораў пазналі лепш у Еўропе і ў свеце. Яшчэ адзін важны конкурс у Капенгагене — імя Мікалая Малько — не так даўно таксама выйграў беларус — Зміцер Мацвіенка.

«НН»: Як так выйшла, на ваш погляд, што беларускім дырыжорам дастаюцца першыя месцы? Дзякуючы чаму?

ВА: Мне здаецца, тут няма нейкага цуду: трэба быць пераканаўчым дырыжорам, каб журы, аркестры і публіка паверылі табе і ў цябе. І тое, што маладыя беларускія артысты — дырыжоры, інструменталісты, спевакі — цяпер выступаюць на лепшых сцэнах свету, кажа пра тое, што мы здольныя выходзіць на міжнародны ўзровень.  

«НН»: Што вам дае перамога ў такім конкурсе?

ВА: Некалькі рэчаў: па-першае, міжнародную ўвагу і павагу. На конкурсе раздавалі спецпрызы. Напрыклад, я атрымаў спецыяльную адзнаку ад кансерваторыі Мілана, буду з імі цяпер рабіць канцэрт. За лепшае выкананне Расіні мяне запрасілі даць у наступным годзе канцэрт на оперным фестывалі Расіні ў Пезара.

Па-другое, гэта досыць вялікія грошы: за першае месца паложана 15 тысяч еўра плюс розныя іншыя прэміі.

Але асабіста для мяне найважнейшая ўзнагарода — гэта, вядома, магчымасць працаваць далей, атрымліваць запрашэнні ад добрых аркестраў, у знакамітыя тэатры. Гэта наступны крок у кар’еры.

Віталь на абвяшчэнні вынікаў конкурсу дырыжораў імя Артура Тасканіні у Італіі. Фота Luca Pezzani

«НН»: Як праходзяць працоўныя будні дырыжора? Бо гледачы бачаць толькі фінальную частку з выступам.

ВА: Па-першае, гэта пастаянныя падарожжы. Я жыву ў Берліне, але працую паўсюль. Я займаю пасаду дырыжора аркестра Мюнхенскага ўніверсітэта, але ў мяне таксама ёсць аркестр у Італіі (літаральна праз два тыдні будзе канцэрт у Турыне). Ва Украіне было шмат працы і будзе далей: з гэтага сезона на Харкаўскім музычным фестывалі я стаў артыстычным дырэктарам.

Праз раз’езды днямі зламалася чарговая валіза, яны ў мяне жывуць максімум паўгода. 

90% нашай працы — гэта тое, што адбываецца да першай рэпетыцыі з тэатрам. То-бок, падрыхтоўка, падчас якой я сяджу за сталом і вучу партытуры, чытаю кніжкі, граю матэрыял на раялі, шукаю інтэрпрэтацыі кожнага твора — гэта такія мастацкія мукі і роды.

Каб разумець, падрыхтоўка да дырыжавання чатырохгадзіннай оперы Вагнера «Трыстан і Ізольда» ў Кіеве заняла каля трох месяцаў. І гэтага было вельмі мала, проста больш часу ў мяне не было.

Няма нічога горшага за непадрыхтаванага дырыжора. Ён можа выцягнуць праект, нават калі аркестр слабы ці нематываваны.

Падчас рэпетыцыі «Трыстана і Ізольды». Фота Эльзы Жарабчук

«Бацька знайшоў у вёсцы баян і паказаў мне: «Пойдзеш у музычную школу»

«НН»: Вы ўпершыню ўзялі ў рукі дырыжорскую палачку ў 18 гадоў, ці назіраюцца ўжо нейкія прафесійныя балячкі?

ВА: Першая прафесійная дэфармацыя ў мяне звязаная з характарам: ён пагоршыўся. Я стаў больш настырным і строгім. Таксама ў прафесіі шмат стрэсу.

Агулам я не ведаю ніводнага дырыжора ў сталым узросце, у якога б не было праблем са спінай, хрыбетнікам. У мяне пакуль нічога такога няма. І я пачаў інтэнсіўна займацца спортам, гэта вельмі дапамагае.

«НН»: Калі адкруціць назад, то як вы прыйшлі ў музыку?

ВА: Я не з музычнай сям’і: бацька — механік, працаваў на малочным заводзе. Маці працавала зубным тэхнікам. Абое ўжо на пенсіі. 

Калі мне было восем гадоў, бацька знайшоў у вёсцы баян і паказаў мне: «Во, глядзі — баян! Пойдзеш у музычную школу».

Дарэчы, калі падчас паступлення туды правяралі мой слых, адзін з настаўнікаў вывеў бацьку ў калідор і параіў: «Лепш вам не мучыць дзіця, таму што слыху ў яго няма, нічога з яго не атрымаецца». Але мяне неяк ўзялі.

Праўда, любві з баянам і выкладчыкам не здарылася. Я хадзіў у школу без жадання.

Потым, калі мне было каля 11 гадоў, у мяне знайшлі астму і рэкамендавалі пачаць граць на духавым інструменце. Я пайшоў да іншага настаўніка ў Вілейцы. Ëн спытаў, на чым з духавых я хацеў бы граць, а я ведаў толькі саксафон. Саксафона ў Вілейцы для мяне не знайшлося, таму мне параілі трамбон.

І вось мой новы настаўнік Фёдар Міхайлавіч Гур улюбіў мяне ў музыку абсалютна. Ëн таксама дырыжаваў нашым аркестрам, і мы там шмат чаго гралі, але некласічную музыку, джаз, эстраду. Неяк так сталася, што я сам пачаў цікавіцца класікай, шмат музыкі пачаў слухаць, сам дыскі неяк вышукваў па горадзе. І так канчаткова зразумеў, што хачу займацца музыкай.

Вілейскі дзіцячы духавы аркестр, Віталь у самым куце зверху справа

У музычную вучэльню ў Мінску я паступаў на трамбон, але для ўсіх там быў прадугледжаны і курс па дырыжаванні. Так у мяне адбылася наступная сустрэча, якая змяніла лёс: з настаўніцай па дырыжаванні Таццянай Васільеўнай Міцягінай. 

«НН»: Вы з’ехалі з Беларусі яшчэ ў 2011-м. Што стала галоўнай прычынай?

ВА: Было ўсё разам. Па-першае, я хацеў развівацца далей, шукаць сябе, атрымаць добрую адукацыю. Таксама быў дэпрэсаваны палітычнай сітуацыяй у Беларусі: я быў на Плошчы ў 2010-м, бачыў, што адбывалася, на свае вочы. Пасля таго не хацелася знаходзіцца ў Мінску, калі шчыра… 

Разам з гэтым я паступіў у піцерскую кансерваторыю, бо разумеў, што там для мяне будзе больш магчымасцяў, чым у Мінску. Так і здарылася. Чаму ў Беларусі немагчыма развівацца? Таму што табе проста не даюць. З гэтым заўсёды складана пры аўтакратыях і дыктатурах. У нас усіх імкнуцца прычасаць на адзін лад. Сістэма накіраваная не на чалавека, а на паслухмянасць, каб проста адсправаздачыцца. Гэта інтэлектуальны гвалт. 

Калі нашы артысты прыязджаюць у Еўропу, яны ў шоку, што там не трэба ваяваць, каб нешта камусьці даказаць. Табе, наадварот, дапамагаюць.

«На вуліцах Мінска я зразумеў, што такое мастацтва, значна лепш, чым за ўсе гады навучання і працы»

«НН»: У вас вельмі шчыльны графік, але пры гэтым у 2020 годзе вы кінулі ўсё і прыехалі ў Беларусь, удзельнічалі тут у паслявыбарчых акцыях. Вы разумелі, што можаце хутка не вярнуцца да працы, калі вас затрымаюць?

ВА: Я калі прагаласаваў і пасля збіраўся на пратэсты, папярэдзіў сваіх блізкіх, што магу хутка не вярнуцца. Але запэўніў іх, што ўсё будзе добра. Хаця я не ведаў, як будзе. І мы бачым цяпер, што ўсё зусім не добра.

Я прыкладна разумеў, чаго чакаць, але больш па досведзе 2010 года: што могуць быць суткі, некалькі тыдняў у турме. Таго ўзроўню катаванняў, што меў месца, думаю, не чакаў ніхто. 

Мяне ледзь не затрымалі некалькі разоў у сярэдзіне жніўня, але я хацеў быць з маім народам, як і тысячы іншых беларусаў. Кожны тады быў важны. Таму я і прыехаў на радзіму ў 2020-м.

«НН»: Вы кажаце пра суткі і тыдні, а да вялікага тэрміну турмы былі гатовыя?

ВА: Я вельмі часта думаю пра палітвязняў і ўяўляю, што было б са мной на іх месцы. Я не хачу храбрыцца, бо не даведаюся насамрэч, як бы я сябе паводзіў за кратамі, у новых умовах.

Я знаёмы з Машай Калеснікавай, напрыклад, і яна ў турме без музыкі — ёй вельмі цяжка. Мне таксама было б цяжка, але мастацтва — гэта ж няпроста нейкія гукі. У сімфоніях і операх гаворка ідзе пра чалавечы досвед, пра эмоцыі, пра думкі. І турма — гэта таксама наш досвед і жыццё.

На вуліцах Мінска ў 2020 годзе я зразумеў, што такое мастацтва, значна лепш, чым за ўсе гады навучання і працы. Я пабачыў, на якім узроўні чалавек здольны адчуваць, на якім узроўні ён можа знаходзіцца эмацыйна — будзь тое аптымізм і салідарнасць ці жах ад гвалту і катаванняў. 

Фота Luca Pezzani

«НН»: Як вы пазнаёміліся з Марыяй Калеснікавай? 

ВА: Гэта адбылося, калі я ўжо жыў у Германіі. Мы коратка кантактавалі па тэлефоне ў лютым 2020-га, яшчэ да пандэміі. Планавалі сумесныя праекты на жнівень у Беларусі і ва Украіне, у Нямеччыне. Але вось адбыліся зусім іншыя праекты… 

Цяпер я падтрымліваю сувязь з яе сястрой, яна робіць вялізную працу на міжнародным узроўні, каб падымаць тэму палітвязняў (як і ўся беларуская дыяспара ў Германіі). Я таксама стараюся, як магу, падымаць беларускі парадак дня, бо як любы эмігрант адчуваю пачуццё віны: што вось ты не там, што не можаш дапамагчы людзям наўпрост.

Фота: Daniele Romano

Я спрабую камбінаваць мастацтва і грамадзянскую пазіцыю, хоць гэта і цяжка. Некалькі тыдняў таму ў Мюнхене быў канцэрт, для якога я зрабіў замовы тром беларускім кампазітарам — яны напісалі музыку на вершы Вальжыны Морт, Альгерда Бахарэвіча і Веры Жыбуль-Бурлак. Усё так ці інакш звязана са жніўнем-2020. Там пра страх, свабоду. З пытаннямі, адкуль мы, што такое Беларусь. Пасля я размаўляў са слухачамі, чытаў ім урыўкі са сваёй кніжкі пра пратэсты «Белыя дні Мінска».

На мой погляд, гэта абавязак публічных персон — нагадваць пра Беларусь у свеце, даносіць гэтую тэму ў замежным грамадстве. Лепш нам быць рупарам, чым нейкай гайкай у механізме.

Віталь са сваёй кнігай

«Мару зрабіць канцэрт на ўсю Беларусь і праспяваць пра нашу свабоду разам»

«НН»: Камплімент вашай кнізе выказвала нават Святлана Алексіевіч. Які лёс у выдання цяпер? Мабыць, рыхтуецца новы тыраж?

ВА: Я ведаю, што было прадададзена некалькі тысяч асобнікаў, яе працягваюць набываць і цяпер. Яна заўсёды неяк усплывае ў маім жыцці. Цяпер вось пра мяне даведаліся ў Італіі і таксама зацікавіліся кніжкай. Праўда, пакуль яна існуе выключна на нямецкай мове.

Але мая кніга — адна кропля, выйшла ўжо вельмі шмат літаратуры і іншых дакументаў пра Беларусь. І крута, што ў людзей увогуле ёсць магчымасць за мяжой купіць кніжку і даведацца пра нашу краіну і што ў ёй адбывалася (тым больш, нічога не скончылася). 

«НН»: Другой часткі не плануецца?

ВА: Я пісаў кніжку паўгода, амаль не займаўся музыкай пры гэтым і, калі шчыра, засумаваў па ёй. Таму цяпер я канцэнтруюся на музычнай працы. Час ад часу думаю, каб пісаць штосьці. У дзяцінстве я спачатку марыў стаць пісьменнікам. Казаў нават бацькам, каб на паўналецце яны падарылі мне друкарскую машынку. Я і кніжку адну паспеў напісаць, але яна недзе згубілася. Гэта былі прыгоды дзвюх банд — са зброяй і каханнем.

«НН»: А банды ў Вілейцы сапраўды былі? 

ВА: У суседнім доме здараліся небяспечныя сітуацыі. Там людзі толькі выходзілі з турмы, як зноў здзяйснялі злачынства. У беларускіх правінцыях шмат праблем, і я іх назіраў сам: алкагалізм, дэпрэсіі. Я ведаю людзей, з якімі вырас, мы вучыліся ў паралельных класах, але іх ужо няма, таму што спіліся і памерлі ад алкагалізму. Я рады, што не захрас у гэтым асяроддзі. 

«НН»: Што марыце зрабіць у першую чаргу, калі вернецеся ў Беларусь?

ВА: Па-першае, я б хацеў прайсціся па праспекце Незалежнасці: у мяне па ім моцная настальгія. Чамусьці, калі думаю пра Мінск, заўсёды перад вачыма раён ГУМа.

Мару сустрэцца там з тымі, з кім цяпер немагчыма сустрэцца: з тымі, хто ў турме ці не ў краіне. Мару зрабіць канцэрт на ўсю Беларусь і праспяваць пра нашу свабоду разам.

Каментары

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Грамадстваабноўлена

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Усе навіны →
Усе навіны

Прэм'ер-міністр Польшчы праінспектаваў новую лінію абароны на мяжы і назваў яе «інвестыцыяй у мір»5

Качанава рассказала пра планы закальцаваць Мінск веладарожкамі5

Якім будзе надвор'е ў першы тыдзень снежня1

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу50

«Дональд, як малады палітык, не разумее…» Што Лукашэнка раней казаў пра Трампа10

Жонка футбаліста зборнай параўнала цэны ў Zara ў Беларусі і Венгрыі16

Башар Асад вярнуўся ў Дамаск і рыхтуецца даць адпор паўстанцам16

Пратэсты ў Грузіі радыкалізуюцца: на вадамёты адказваюць феерверкамі і кактэйлямі Молатава23

Апошні рывок. Што будзе гэтай зімой на полі бою ва Украіне?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Грамадстваабноўлена

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Галоўнае
Усе навіны →