Рэцэпт на выхадныя. Шведскія фрыкадэлькі ў вяршковым соусе — знакамітая страва скандынаўскай кухні
Гэтую страву любіў Карлсан, яе ж шукаюць у замежных шведскіх рэстаранах тыя, хто ведае гэты ўнікальны смак. Мясныя фрыкадэлькі — перліна шведскай кухні, і сёння мы раскажам, як іх можна прыгатаваць.
Каб згатаваць шведскія фрыкадэлькі ў вяршковым соусе, вам спатрэбіцца:
- 1 сталовая лыжка аліўкавага алею,
- 1 дробна нарэзаная цыбуліна,
- 1 дробна нарэзаны зубок часнаку,
- 600 грамаў свінога фаршу,
- 4 дробна нарэзаныя філе анчоуса (можна замяніць кількай ці ў найгоршым выпадку сялёдкай),
- 100 грамаў паніровачных сухароў,
- 1 яйка,
- 50 мілілітраў малака або вяршкоў з 18% тлушчу,
- 25 грамаў масла,
- 25 грамаў мукі,
- 100 мілілітраў белага віна,
- 500 мілілітраў ялавічнага булёну,
- 2 сталовыя лыжкі вяршкоў з 18% тлушчу,
- 1 сталовая лыжка бруснічнага варэння або жэле з чырвонай парэчкі,
- палова чайнай лыжкі духмянага перцу,
- чвэрць чайнай лыжкі мускатнага арэху,
- соль,
- свежамолаты чорны перац.
- Разагрэйце духоўку да 200 градусаў.
- Разагрэйце на патэльні алей і смажце цыбулю, пакуль яна не стане мяккай і празрыстай. Дадайце часнок і тушыце яшчэ хвіліну. Зніміце з агню і пакіньце астываць.
- Пакладзіце ў вялікую міску смажаныя лук і часнок, а таксама фарш, філе анчоуса, сухары, яйка, малако, духмяны перац, мускатны арэх, соль і свежамолаты чорны перац (на смак). Старанна перамяшайце рукамі. Сфармуйце з сумесі шарыкі, трохі большыя за грэцкі арэх і вагай каля 40 грамаў, у вас павінна атрымацца каля 24 фрыкадэлек. Пакладзіце іх на бляху і выпякайце 12-15 хвілін да гатоўнасці.
- Каб прыгатаваць соус, растапіце масла ў вялікай патэльні — такой, каб туды маглі змясціцца ўсе фрыкадэлькі. Дадайце муку і перамешвайце сумесь 5-10 хвілін на агні, пакуль мука і масла не змяшаюцца і не стануць залаціста-карычневымі. Дадайце белае віно і інтэнсіўна ўсё перамешвайце, пакуль сумесь не стане больш аднароднай. Потым паступова дадайце ў патэльню ўвесь булён, старанна памешвайце сумесь перад дадаваннем кожнай порцыі булёну, каб у ёй не было камячкоў, пакуль падліўка не пачне трохі гусцець. Дадайце вяршкі і варэнне, перамяшайце. Запраўце соллю і перцам.
- Дастаньце фрыкадэлькі з духоўкі і пакладзіце ў патэльню з соусам. Тушыце іх 8-10 хвілін, каб водары фрыкадэлек і соусу змяшаліся. Перад падачай пасыпце фрыкадэлькі кропам, пакладзіце каля іх трохі варэння і шмат бульбянога пюрэ.
Каментары