15 фільмаў са Скандынавіі і Балтыі можна будзе паглядзець бясплатна — вось праграма
Сталі вядомыя фільмы балтыйска-нардычнай праграмы 8-га кінафестывалю «Паўночнае ззянне», які пройдзе з 20 па 30 лістапада бясплатна online. Зарэгістравацца на прагляд можна ўжо зараз.
У міжнароднай праграме будзе 15 фільмаў з краін Скандынавіі і Балтыі. Там ёсць месца кранальнаму баёпіку, драмедзі, эксперыментальнаму разважанню пра дом, жыццесцвярджальнай драме і нават палітычнаму трылеру — усё як у жыцці. Адкрые кінафэст душэўная дакументальная драма з Ісландыі «Уздымі планку», а закрые гісторыя сталення трох школьніц «Дзяўчаты, дзяўчаты». Чым яшчэ будзе здзіўляць праграма «Паўночнага ззяння — 2022»?
«Дамы»
2021, Латвія, дакументальны фільм
Паказ — 20 лістапада
Фільм-інсталяцыя Лайлы Пакалніня — паэтычная і эстэтычная ода дамашняму асяроддзю.
«Прэзідэнт»
2021, Данія, ЗША, Нарвегія, дакументальны фільм
Паказ — 21 лістапада
Захапляльны палітычны трылер аб барацьбе Зімбабвэ за дэмакратыю, спрадзюсаваны галівудскімі зоркамі Дэні Гловерам («Смяротная зброя») і Тандзівэ Ньютан («Свет Дзікага Захаду»).
«Неспакойныя розумы»
2021, Латвія, ігравы фільм
Паказ — 22 лістапада
Браты Абеле даследуюць тонкую грань паміж творчым геніем і ментальным разладам. Турбулентны паўімправізацыйны фільм-перформанс у духу Гаспара Ноэ.
«Мастацкі фільм пра жыццё»
2021, Літва, ігравы фільм
Паказ — 23 лістапада
Жыццесцвярджальная драма ў абліччы пахавальнай камедыі.
«Дзіцёнак-ніндзя»
2021, Нарвегія, ігравы фільм
Паказ — 24 лістапада
«Гэта не каханне. Гэта сперма». Кiнакомікс-драмедзi пра непажаданую цяжарнасць і прымусовае сталенне.
«Уку»
2021, Эстонія, дакументальны фільм
Паказ — 25 лістапада
Калі «мамчын сынок» гучыць стылёва: хроніка жыцця і прыгод андэграўнднага музыкі Уку Куута і яго маці і творчай партнёркі Мар'ю Куут.
«Сляпы, які не хацеў глядзець «Тытанік»
2021, Фінляндыя, ігравы фільм
Паказ — 26 лістапада
Пацешны і напружаны фільм-адысея, які перадае сэнсарны досвед невідушчага чалавека. У галоўнай ролі — сляпы і часткова паралізаваны акцёр-музыка Петры Пайкаляйнен.
«Дзесяць»
2022, Ісландыя, дакументальны фільм
Паказ — 27 лістапада
Душэўная «тусоўка» з гуртом Of Monsters and Men ад трохразовага намінанта на «Оскар» Дзіна ДэБлуа («Як прыручыць цмока»), якая адлюстроўвае Ісландыю з усімі яе «атрыбутамі»: там ёсць і швэдары, і характэрныя хаткі, і фолк-поп-песні, і, вядома ж, ф'ёрды.
«Цуму: куды вядуць мары?»
2022, Данія, Швецыя, дакументальны фільм
Паказ — 27 лістапада
Дакументальны калаж пра мары і надзеі зумераў з дэпрэсіўнай правінцыі Грэнландыі.
«Зацьменне»
2022, Нарвегія, дакументальны фільм
Паказ — 28 лістапада
Шматслойнае даследаванне калектыўнай памяці і адказнасці на прыкладзе Югаслаўскіх войнаў. Уладальнік галоўнага прыза фестывалю дакументальнага кіно CPX:DOX 2022.
«Каханне & расставанне»
2022, Швецыя, дакументальны фільм
Паказ — 29 лістапада
Цёплая чалавечая гісторыя аб экалагічным разводзе як адзіным спосабе захаваць каханне.
«Бягуха»
2021, Літва, Чэхія, ігравы фільм
Паказ — 29 лістапада
Беганіна па Вільні: хуткасная драма пра самаахвяраванне і таксічнае каханне.
«Скажы мне»
2021, Эстонія, Іарданія, дакументальны фільм
Паказ — 30 лістапада
Дваццаць два кінематаграфісты з усяго свету пад кіраўніцтвам эстонкі Марты Пулк візуалізуюць перажыванні людзей, зачыненых дома ў першую хвалю COVID-19.
Уся праграма ў online будзе даступная бясплатна па папярэдняй рэгістрацыі, якая ўжо пачала працаваць. Фільмы «Ззяння» будуць даступныя па 24 гадзіны згодна з раскладам на працягу кінафестывалю з 20 па 30 лістапада. Таксама вы можаце падтрымаць фестываль данатам.
Каментары