Культура

«Усё вырашаецца ў першыя 15 хвілін». Віталь Алексяёнак распавёў, як стаў дырыжорам Нямецкай оперы на Рэйне

Гэты малады беларус робіць бліскучую дырыжорскую кар’еру. Летась Віталь Алексяёнак сенсацыйна перамог на конкурсе імя Артура Тасканіні. З італьянскай Пармы ён прывёз не толькі першае месца, але і прыз сімпатый гледачоў. Апошнія два месяцы дырыжор працаваў у Міланскім Ла-Скала. На легендарнай сцэне ён паставіў (!) оперу П’еранжэла Вальтыноні «Маленькі прынц». А днямі Віталь падзяліўся яшчэ адной прыемнай навіной: яго запрасілі на працу ў Нямецкую оперу на Рэйне. У тэатрах Дзюсельдорфа і Дуйсбурга беларус затрымаецца на два гады. «Будзьма» паразмаўляла з ім.

«Ужо пераехаў з Берліна», — дзеліцца навінамі дырыжор, а згодна з нямецкай традыцыяй — капельмайстар Віталь Алексяёнак.

— Пасяліўся каля Дзюсельдорфа, бо мушу жыць і працаваць фактычна на два гарады. У кватэры адзін маленькі пакойчык адвёў пад свой кабінет. Даўно марыў пра месца, дзе буду толькі працаваць. Нічога пампезнага, сапраўдная келля, дзе будуць мае партытуры, мой дом, дзе я буду праводзіць вельмі шмат часу.

— Які від з вашага акна?

— Дрэвы і неба. Кожны дзень абсалютна рознае. Неба мяняецца па тысячу разоў на дзень, і гэта самая цікавая карцінка.

Віталь жартуе, што ў Германіі яго нарэшце напаткала беларуская стабільнасць:

— Я заўсёды працаваў як фрылансер, ездзіў па свеце. Зараз больш буду знаходзіцца на адным месцы.

Кантракт з Операй на Рэйне беларус падпісаў на два гады. У сезоне — плюс-мінус 25 спектакляў. «Звычайная дырыжорская нагрузка», — тлумачыць маэстра. У яго графіку ўжо ёсць «Тоска» Пучыні, «Чароўная флейта» Моцарта і «Гензель і Грэтэль» Хумпердзінка.

— Афіша мяне зачаравала. На сезон яны робяць каля дзесяці прэм’ер, акрамя таго ідуць рэпертуарныя спектаклі. З кожнага вядомага кампазітара па два-тры творы. Гэта і сучасная музыка, і барока, і класіка, шмат Вагнера. Я патроху пачынаю адчуваць сябе вагнерыянцам, таму для мяне гэта ідэальнае месца, каб вывучыць новы рэпертуар. Тут выдатныя салісты з моцнымі прыгожымі галасамі. Усё працуе на вельмі круты мастацкі вынік.

— Горад зачараваў таксама?

— Дзюсельдорф мне вельмі нагадвае Мюнхен. Такі ж шыкоўны. Тут шмат элегантных людзей, шмат бізнэсу, моды, міжнародных праектаў. Ёсць нават японскі квартал, таму што вялікая колькасць японцаў пражывае ў Дзюсельдорфе. Стары горад вельмі гістарычны, вельмі прыгожы, вельмі розны. І самае неверагоднае — гэта Рэйн, вялізная рака!

«Усё вырашаецца ў першыя 15 хвілін»

— Як у сучасным свеце адбываюцца падобныя запрашэнні: стаць дырыжорам Нямецкай оперы на Рэйне?

— Часта тэатры арганізоўваюць конкурсы, але канкурэнцыя такая высокая, што можа прыйсці пад тры тысячы заявак. Таму на ўнутраным тэатральным рынку людзі проста цікавяцца сітуацыяй і думаюць, каго можна запрасіць. Мне падказалі, што Нямецкая опера на Рэйне будзе шукаць дырыжора. Мы скантактаваліся, і мяне запрасілі правесці маленькую рэпетыцыю на 20-30 хвілін. Гэта быў першы тур. А потым проста кінулі ў халодную ваду: без рэпетыцый я прадырыжыраваў «Чароўную флейту» Моцарта.

— У вашых оперных калег творчае жыццё пачынаецца надзвычай рана. Калі ў 25 ты не зорка, то зрабіць бліскучую кар’еру шанцаў амаль не застаецца. Ёсць адчуванне, што дырыжорскі свет таксама сёння маладзее?

— Цяпер ёсць шмат маладых людзей, якія і ў 25 гадоў становяцца галоўнымі дырыжорамі вялікіх і вельмі паважаных аркестраў. І гэта вельмі прыемна, што ёсць такі давер. Шмат людзей зразумела, што і маладым ёсць што сказаць. Думаю, увесь музычны свет сёння сканцэнтраваны на адкрыцці новых імён. Так, у маладых няма такога досведу, кампетэнцый, але ёсць энергія, эмоцыі, ідэі.

— Для працы з аркестрантамі маладосць — гэта плюс ці мінус?

— Усё вырашаецца ў першыя 15 хвілін: ці ты будзеш дырыжыраваць аркестрам, ці аркестр табой. Ёсць пэўны момант пераканання. Вельмі стрэсавы, але вельмі важны.

Людзей трэба пераканаць, разумееце? Хаця ў Італіі, напрыклад, ад пачатку вельмі высокая павага да маэстра. Але яна ёсць дзень, два, але калі ты не працуеш на высокім узроўні… Трэба даказваць, што ты заслугоўваеш гэтай павагі.

— Сусветная прэм’ера оперы «Маленькі прынц», якую вы паставілі ў Ла-Скала, прайшла з вялікім поспехам. На працу натхняліся толькі музыкай?

— Графік быў вельмі насычаны, але я ўсё ж паглядзеў горад, падняўся на Міланскі сабор, а таксама ўбачыў «Апошнюю вячэру» Леанарда да Вінчы ў Санта-Марыя-дэле-Грацые. Спачатку нашу групу — гэта чалавек 30-40 — на дваццаць хвілін пакінулі ў прасторы побач. Гэта робіцца для таго, каб цела астыла і не парушыла сваёй тэмпературай мікраклімат, не сапсавала фрэску. А потым адбылося штосьці неверагоднае. У мяне было адчуванне, што я адзін на цэлым свеце і гэта ўсё — для мяне. Кожная дэталь, адчуванне гэтай прасторы, гэтай царквы. Такое цяжка забыць, гэта было вельмі інтымна.

«Пасля першага акта падумаў: ну ўсё, можна ісці дадому»

— Віталь, оперная музыка — гэта вышэйшая ліга ў дырыжыраванні?

— Гэта неверагодны механізм — хор пад 100 чалавек, аркестр, кожны саліст як асобны сусвет, вялікія дыстанцыі, сцэна, дэкарацыі, рэжысура. Аб’яднаць усё гэта можа толькі дырыжор. Каб салісты маглі арыентавацца і бачыць яго з любога месца, вакол сцэны нават ставяць спецыяльныя маніторы.

— А як чуе салістаў дырыжор? Скажам, калі яны знаходзяцца далёка ад вас і спяваюць ціха?

— У Ла-Скала, напрыклад, ёсць такі акустычны нюанс: гук са сцэны ідзе паверх ямы і не змешваецца з аркестрам. Розніца ў дэцыбелах даволі значная, і дырыжор часам дрэнна чуе спевакоў, бо іх перакрывае гук аркестра. У такіх выпадках трэба дасканала ведаць тэкст салістаў, кожную іх фразу. Увогуле, кожны зал — гэта свой музычны сусвет, свая акустыка. У Дзюсельдорфе, напрыклад, даволі добрая акустыка, і што цікава, вельмі вялікая аркестравая яма.

— Вашая дырыжорская тэхніка моцна змянілася? Як паўплывала на яе праца ў тэатры?

— Спектакль — як марафон. Скажам, «Трыстан і Ізольда» Вагнера з антрактамі доўжыцца больш за пяць гадзін. Памятаю, пасля першага акта я падумаў: «Ну ўсё, можна ісці дадому». А напрадзе быў другі і самы складаны трэці акт.

Так што опера — гэта стратэгічнае мысленне. Трэба разлічваць свае сілы. Мы не можам сабе дазволіць страціць энергію, бо тады яе губляе ўвесь аркестр і слухач нічога не адчувае.

Таму трэба заўсёды быць у добрай фізічнай форме. Я, напрыклад, бегаю. Гэта мне вельмі дапамагае.

У перапынках паміж рэпетыцыямі, спектаклямі і пералётамі знаходзіцца ў маладога чалавека час і на самаадукацыю: «Я шмат чытаю, слухаю, вучу мовы». Віталь свабодна валодае нямецкай і англійскай мовамі, вельмі любіць італьянскую, чытае па-французску. На гэтых мовах — і пераважная колькасць оперных шэдэўраў.

— Праз кожную мову я прыходжу да новай культуры, новых ведаў. Ну і таксама мне вельмі важна разумець, пра што спяваюць салісты. Адчуваць кожны нюанс.

«Мне патрэбныя чэленджы»

— Якой была ваша першая сустрэча з операй?

— Вельмі позняй. У Вілейцы, дзе я вырас, опернага тэатра не было. Паступіў у Мінск і ўпершыню пайшоў у Вялікі. Гэта была «Тоска». З таго часу мая любімая опера. І я вельмі рады, што праз месяц буду яе дырыжыраваць у Дзюсельдорфе. Пучыні… Неверагодна моцны кампазітар.

— Скажыце, а ў Беларусь вас запрашалі?

— Я ніколі не стаяў за пультам нашага тэатра оперы і балета. Больш за тое, у мяне ніколі не было канцэртаў у Беларусі. Хіба што толькі мой студэнцкі дырыжорскі дэбют. Ну і флэшмобы ў 2020 годзе з хорамі і аркестрамі. Цяпер ужо і не запросяць.

— Мінскі каледж імя Глінкі вы скончылі як трамбаніст. Дзе зараз ваш інструмент?

— Мне здаецца, у Берліне. Я шмат гадоў не займаўся на ім, іграю пераважна на фартэпіяна і клавесіне. Браў калісьці ўрокі віяланчэлі, ударных. Усё гэта вельмі важна для дырыжорскай адукацыі. Увогуле, я ўсё гэта вельмі люблю. Гэта не праца, а тое, чым мне проста падабаецца займацца. Бываюць тыдні, калі ў мяне па пяць пералётаў, розныя краіны, гарады. Але мне патрэбныя чэленджы. Інакш маё жыццё становіцца для мяне вельмі нудным.

Дарэчы, на момант нашай размовы Віталь Алексяёнак быў на Сіцыліі. У Тэатр Беліні яго запрасілі адкрыць новы сімфанічны сезон. «Тут прыемна проста жыць», — адказвае дырыжор на пытанне пра італьянска-нямецкія кантрасты.

— Усё так прыгожа, так смачна, нават сонца ярчэйшае! Мора побач, усё іншае. Мы тут яшчэ ў майках і шортах. У Нямеччыне ж іншы клімат, людзі іншыя, вельмі працавітыя. Мне здаецца, гэта вынікае яшчэ і з таго, што немцы ў большай сваёй частцы лютэране, у іх свая мараль. Яны ведаюць, што немагчыма на кагосьці спадзявацца, акрамя саміх сябе. Так што ў Італіі жыць, а ў Германіі — працаваць.

Каментары

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Грамадстваабноўлена

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Усе навіны →
Усе навіны

Качанава рассказала пра планы закальцаваць Мінск веладарожкамі5

Якім будзе надвор'е ў першы тыдзень снежня1

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу50

«Дональд, як малады палітык, не разумее…» Што Лукашэнка раней казаў пра Трампа10

Жонка футбаліста зборнай параўнала цэны ў Zara ў Беларусі і Венгрыі16

Башар Асад вярнуўся ў Дамаск і рыхтуецца даць адпор паўстанцам16

Пратэсты ў Грузіі радыкалізуюцца: на вадамёты адказваюць феерверкамі і кактэйлямі Молатава23

Апошні рывок. Што будзе гэтай зімой на полі бою ва Украіне?2

Сяргей Бульба вінаваціць у арэндных праблемах сваёй арганізацыі мінулае кіраўніцтва. Тое ўсё адмаўляе19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Грамадстваабноўлена

Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

Галоўнае
Усе навіны →