«Пад галаву падкладаў туалетную паперу замест падушкі». Экс-палітвязні расказалі, як выжыць у карцары
«Пад галаву я падкладаў туалетную паперу замест падушкі. Гэтыя 48 дзён былі для мяне самымі цяжкімі з паўтара года адсідкі», — кажа адзін з былых палітвязняў пра дні ў ШІЗА. Карцарамі і штрафнымі ізалятарамі караюць многіх палітычных. Што адбываецца ўнутры — камеры і чалавека? Мы папрасілі трох былых палітвязняў падзяліцца сваімі ўспамінамі пра гэты час.
«Гэтыя 48 дзён былі для мяне самымі цяжкімі за паўтара года адсідкі»
Зміцер Фурманаў:
«Правёў 33 дні ў карцары ў турме і яшчэ 48 дзён у ШІЗА. Гэта амаль аднолькавыя месцы, толькі ў карцары яшчэ даюць матрац з пасцеллю, якія на дзень выносіш за дзверы, і кожны дзень ёсць прагулкі, не даўжэйшыя за гадзіну.
У калоніі правяралі рэчы, што былі ў мяне ў сумцы, каб даведацца, ці адпавядаюць яны вопісу. Кожны зняволены павінен мець вопіс усіх рэчаў, што знаходзяцца ў яго ў сумцы і ў тумбачцы каля ложка. Напрыклад, ты ўзяў нешта з сумкі і паклаў у тумбачку, а яно не павінна там быць, або проста нешта не супадае, гэта лічыцца парушэннем.
Іншы палітвязень няправільна мне паказаў, як запаўняць гэты вопіс. Падазраю, што ён мог гэта зрабіць спецыяльна, бо калі потым мы пачалі высвятляць адносіны з днявальным, ён абураўся, маўляў, што ж вы, змагары, не хочаце нармальна жыць. Дык вось, той вязень сказаў мне запісваць у вопіс усе рэчы, а трэба было пісаць толькі пра тыя, што ў мяне ў сумцы. Мяне праверылі, знайшлі парушэнне і адправілі на камісію. Я напісаў тлумачальную, і мне сказалі, што гэта вельмі грубае парушэнне, таму трэба ісці ў ШІЗА.
Так я трапіў туды на першыя дзесяць сутак, а потым стала зразумела, што ў іх ёсць устаноўка не выпускаць мяне адтуль. Яны пастаянна складалі нейкія рапарты, напрыклад, казалі, што ў памяшканні, дзе я быў, не прыбрана, хаця там усё было чыста.
Заходзілі неяк з ліхтарыкам і ледзьве не пальцам праводзілі, каб праверыць паверхні на наяўнасць пылу. Пылу там не было, затое яны знайшлі маленькага павучка ў вуглу. Кажуць: трэба пісаць, што ў камеры павуцінне, бо ў камеры ёсць павук. Так я атрымаў яшчэ дзесяць сутак у ШІЗА.
У памяшканні, дзе знаходзіўся, была відэакамера, і паміж санвузлом і камерай была перагародка. Я сядзеў ля перагародкі, мяне не было бачна. Сядзець у камеры можна, ляжаць нельга, і яны палічылі, што я ляжаў, хаця, калі б гэта было так, яны б мяне бачылі. І зноў новыя суткі.
Яшчэ склалі рапарт з-за таго, што нібыта не быў апрануты па форме. Там пастаянна было холадна, і я быў вымушаны часта рабіць фізічныя практыкаванні. Неяк я змакрэў, вырашыў памыцца і зняў верхнюю робу, і ўсё — прыбеглі і склалі на мяне рапарт.
Заўсёды прызнаваў віну, прасіў [у тлумачальных], каб строга не каралі. Потым перастаў пісаць тлумачальныя, бо зразумеў, што ў іх устаноўка трымаць мяне там да канца.
У маёй камеры ШІЗА былі два ложкі, якія на дзень прымацоўваліся да сцяны. Пакой у даўжыню недзе метраў пяць, у шырыню — метры два. Пад столлю акно, з якога нічога не бачна, на ім краты. Калі трэба, можна папрасіць і табе спецыяльным ключом адкрыюць акно.
Пад акном стаіць невялікі столік з лаўкай, усё гэта прыкручана, ніяк не пераставіць. Пад акном, ля стала, знаходзіцца вельмі слабенькая батарэя, якая амаль не грэе, нават калі ўключылі ацяпленне. Акрамя дзвярэй, каб трапіць у камеру, трэба адамкнуць краты: спачатку ідуць дзверы, а потым — краты.
Ложак мае ў складзе металічныя канструкцыі, ён вельмі цяжкі, кілаграмаў сто, і каб падняць яго ўверх, трэба было кожную раніцу прасіць дапамогі ў ахоўніка. Яшчэ была ракавіна і туалет-дзірка. У ШІЗА нельга мець пасцель і матрацы.
Пад галаву я падкладаў туалетную паперу замест падушкі — не тое ж самае, але лепш, чым нічога. Было вельмі холадна, таму прыходзілася кожныя дзве гадзіны ноччу прачынацца і рабіць фізічныя практыкаванні.
Можна ўзяць з сабой ручнік, зубную шчотку і пасту, мыла і, здаецца, тапачкі. Асобна, у калідоры ля камеры, ёсць паліца, дзе захоўваюцца іншыя твае рэчы, напрыклад, прыналежнасці для душу, дэзадарант, станок для галення.
Гэтыя 48 дзён былі для мяне самымі цяжкімі з паўтара года адсідкі. Чым там займаецца чалавек? Ходзіць з кута ў кут, больш там няма што рабіць. Можна нягучна спяваць песні, калі гэта нікому не перашкаджае, чытаць вершы на памяць, часам можна трохі пасядзець на падлозе і зрабіць нейкія фізічныя практыкаванні.
Напэўна, не кожны гэта вытрымае, мне было цяжка ўжо на трэці-чацвёрты тыдзень. Магчыма, чым даўжэй ты там знаходзішся, тым больш прывыкаеш, але я ўжо не ведаў, што там рабіць, усё здавалася нейкім бясконцым, нібыта няма выхаду, і я там застануся назаўсёды.
Паколькі няма чым заняцца, у ШІЗА ты пастаянна пракручваеш у галаве, што з табой было, як ты пражыў жыццё, і што можа быць далей. Думаеш пра тое, што цябе чакаюць родныя і блізкія людзі, што ты не адзін і трэба проста перажыць гэты момант, тады ўсё будзе добра. Гэта і дапамагло вытрымаць.
Думаю, гэтае месца можа паўплываць на псіхіку. Ты кожны дзень знаходзішся ў адной і той жа прасторы, цябе адтуль выводзяць, толькі калі прыходзіць адвакат, ці на нейкую медыцынскую праверку. А так сядзіш там цэлыя суткі, няма чым заняцца. Круціш у галаве адны і тыя ж думкі — ад гэтага, напэўна, можна звар’яцець.
Вядома, гэта катаванне».
«Для таго гэта і робіцца, каб максімальна зацкаваць чалавека псіхалагічна, знішчыць яго як асобу»
Ігар Банцар:
«Сядзеў у ШІЗА два разы, калі быў пад следствам у гродзенскай турме — пяць і дзесяць дзён. А потым трапіў туды, калі знаходзіўся на хіміі, і колькі я там сядзеў у ШІЗА, я ўжо не палічу, дакладна больш за месяц. За што атрымаў першы раз ШІЗА ў Гродне, я не памятаю, а другі раз мяне туды пасадзілі за перформанс. Парушыў унутраны парадак, згодна з якім трэба беражліва ставіцца да маёмасці турмы, выцарапаў на дне талерак чатыры англійскія літары — АСАВ. Мне хацелі прышыць экстрэмізм, але адправілі ў ШІЗА за парушэнне распарадку.
На хіміі ж былі чыста фармальныя дачэпкі: маўляў, быў непаголены, спаў у крэсле, калі гэта нельга было рабіць.
У гродзенскай турме ШІЗА выглядаў стандартна: са шконкай, што прышпіляецца да сцяны ўдзень, і лавачка. Гэта малое памяшканне, паўтара ці два на тры метры, разлічанае на аднаго чалавека, дзе ён цэлы дзень ходзіць і думае пра свой лёс. Калі ж я быў на хіміі, на тэрыторыі папраўчай установы не было камеры для ШІЗА, таму для адбывання яны вывозілі або ў віцебскае СІЗА, або ў гарадок за 25 кіламетраў ад Віцебска. Там было больш камфортна, чым калі б ты сядзеў у гродзенскай турме.
Зразумела, што ніякай пасцелі там няма, толькі ўвечары выдаюць вату, каб ты мог на ёй мякка паспаць, і зубную шчотку. Там нельга ні пісаць, ні чытаць, ні з кімсьці перапісвацца. Асноўнае пакаранне ў тым, што ты прачынаешся ў 6:00 і да 22:00 вечара, 16 гадзін, знаходзішся на нагах, і калі ты сядзіш адзін, то застаешся сам-насам са сваімі думкамі. Хаця калі сядзіш з людзьмі, у якіх вельмі вузкі светапогляд, то на трэці дзень з імі ўжо няма пра што размаўляць.
Умовы там вельмі цяжкія, у тым ліку цяжкія псіхалагічна. Калі сядзіш у турме, прызвычайваешся да ўнутранага распарадку, правілаў паводзін, і так і жывеш, а ў ШІЗА ўсё мяняецца. Ты застаешся сам-насам, і так праходзіць дзень за днём.
Заўжды ўсім прыводжу прыклад пра былога палітвязня Міхаіла Жамчужнага — здаецца, ён правёў у ШІЗА 275 дзён на працягу каляндарнага года. Трэба мець вельмі моцную псіхіку, каб не звар’яцець і не пачаць займацца нейкімі дзіўнымі рэчамі, бо ў такіх умовах нават здараюцца спробы самагубстваў. Калі я сядзеў у ШІЗА ў Віцебску, там быў хлопец, які з маленства ва ўсіх гэтых справах. Для яго не было б праблемай выкруціць нейкую шрубу ці знайсці кавалак сашчэпкі ў дакументах па справе, якія табе перадалі. Чалавек, які знаходзіцца ў роспачы, знойдзе варыянты.
Псіхалагічна гэта вельмі цяжка. Я і так сядзеў пад следствам адзін, таму прызвычаіўся да адзіноты, але магу сабе ўявіць, як адчуваюць сябе людзі, каго садзяць у ШІЗА з хіміі. Гуляеш там, напружваеш няшчасных супрацоўнікаў, хістаеш сістэму знутры, а потым цябе закрываюць у камеру — атрымліваецца ізаляцыя ад мікрасоцыума, якім бы ён ні быў. Калі ты сядзіш у турме, калоніі ці на хіміі, ты камунікуеш з людзьмі, ствараецца акружэнне, як кажуць, ты сямейнічаеш, з кімсьці п’еш каву ці снедаеш, а з кімсьці не кантактуеш. Усё як у нармальным жыцці. А калі цябе з гэтага вырываюць, тым больш не на дзень, а на доўгі тэрмін, гэта стрэс.
Хаця час ад часу сустракаўся з закаранелымі злачынцамі, і яны прызвычаіліся да таго, што ў іх пастаянныя праблемы з адміністрацыяй. Да 2020 года ў турмах было складана знайсці нармальных людзей, збольшага там былі тыя, хто свядома парушаў закон, і зразумела, што ў іх псіхіка завостраная пад усё гэта. А калі ж у ШІЗА трапляе палітычны вязень, які трапіў пад раздачу, яму, безумоўна, вельмі цяжка.
Магу казаць толькі за сябе, бо гэта вельмі асабістая справа. Мяне ратавала вялікая колькасць праектаў у галаве, а таксама канцэртаў, песень і ўспамінаў, я ўсё ж такі трошкі паездзіў па свеце. А калі ў цябе няма таго, за што можна зачапіцца, я нават не ведаю, як чалавек будзе сябе адчуваць. Я неяк выжыў, але момантамі было вельмі цяжка.
Для таго гэта і робіцца, каб максімальна зацкаваць чалавека псіхалагічна, знішчыць яго як асобу, бо да фізічнага дыскамфорту прызвычайваешся, а псіхалагічны для непадрыхтаванага чалавека вельмі цяжкі.
Думаў пра дзяцей, якіх вельмі люблю і якіх не бачыў, з якімі хацелася б трошкі больш часу правесці. Разумеў, як за мяне перажывалі бацькі, і хваляваўся, каб у іх нічога не здарылася са здароўем, таму што, напэўна, цяжка, калі адбываецца такая несправядлівасць. Маўляў, улазіш у палітыку, што ж ты робіш? Бацькі ў цябе старыя, і калі ў іх нешта здарыцца са здароўем, яшчэ будзеш сябе адчуваць вінаватым.
Здаецца, такія думкі там ва ўсіх. Ёсць такая турэмная прымаўка, з якой усе пагаджаюцца: усё пройдзе, галоўнае, каб родныя былі здаровыя. Чуў яе і ад крымінальнікаў, і ад супрацоўнікаў гэтых аб’ектаў. Думкамі ты там з роднымі і блізкімі, і ад гэтага няма куды дзецца, бо ўсе мы людзі.
Згодна з заканадаўствам, карцар — гэта пакаранне ў пакаранні, якое ты можаш абсалютна легальна атрымаць за парушэнне правіл унутранага распарадку. Фармальна гэта не катаванне, ды і фактычна я б гэта катаваннем не назваў. Калі ты сядзіш па нейкіх надуманых артыкулах, маеш несправядлівы вырак, калі ты пазбаўлены кантакту з воляй, то якая розніца, ці правядзеш ты пару лішніх дзён у карцары? Усё роўна твае правы парушаныя.
Напэўна, гэта не катаванне, а хутчэй стварэнне вельмі нязручных умоў, працяг усіх працэсаў, што адбываюцца ў краіне. Няма сэнсу чакаць ад гэтай дзяржавы, што яна будзе табе ствараць нейкія святочныя ўмовы. У нас жудасныя прысуды, шыюць крымінальныя справы на дзясяткі гадоў, і калі чалавека накіроўваюць у карцар, трэба да гэтага ставіцца як да часткі ціску на апазіцыю і праціўнікаў рэжыму.
Трэба памятаць, што ўсё гэта — выпрабаванне, і мы мусім яго прайсці, так што заклікаю ўсіх захоўваць аптымізм і пазітыў».
«Пару разоў супрацоўнікі ледзьве не падалі, і гэта была вялікая забава»
Дзяніс Дзёмух:
«Я прабыў 10 дзён у карцары ў Жодзіне [ў турме]. Двойчы мяне заўважылі, калі ладзіў міжкамерную сувязь, трэцяе парушэнне мне паставілі, калі ўбачылі, што ляжу на ложку днём, за ўсё гэта і накіравалі ў карцар. Пазней, калі трапіў у ШІЗА ў калоніі, у першае парушэнне мне запісалі тое, нібыта я быў непаголены, другое парушэнне — размовы ў строі, і трэцяе — пакіданне лакальнага ўчастку. У той дзень у калоніі быў турнір па валейболе, і я пайшоў у іншы атрад за мячом ды не знайшоў аператыўніка, і гэта палічылі парушэннем. Што да размоў у строі, гэта і так бывае, проста трэба было прыдрацца да мяне як да палітычнага. І ты не можаш сказаць, маўляў, іншыя размаўляюць, чаму ж у вас прэтэнзіі да мяне, бо інакш табе будзе горш.
Калі я трапіў у ШІЗА, у дзень, як мяне павінны былі выпускаць, прыйшла ранішняя праверка. Як адчынілі дзверы, на падлогу ўпаў маленькі кавалачак тынкоўкі. Аператыўнік прайшоўся, пылу не заўважыў, але ўбачыў гэтую тынкоўку — і мне працягнулі ШІЗА на восем дзён з выхадам на працу.
Працавалі мы ў камерах ШІЗА, дзе крышылі дранку. Дранка — гэта дрэва, і калі яе расколваеш, унутры парахня. То-бок, калі працуеш, пастаянна ідзе пыл, і ты гэтым дыхаеш. Сродкаў засцярогі там не было, табе проста давалі кіянку, каб расколваць дранку. А калі б ты не пагадзіўся выйсці на працу ці не выканаў бы працоўную норму, падоўжылі б ШІЗА яшчэ на дзесяць сутак.
Але пад канец мне яшчэ дакінулі дзесяць сутак, і чамусьці пасадзілі ў камеру з іншымі хлопцамі, хаця палітычныя звычайна сядзяць у ШІЗА адны.
Карцар у Жодзіне — тое, што мне больш за ўсё не зайшло. Так, у ШІЗА таксама было цяжка: ні матрацаў, ні падушак, ложкі драўляныя з жалезнымі ўстаўкамі. У карцары ж давалі падушку, коўдру і матрац, але ўмовы былі цяжкія. Быў канец мая, калі павінна быць цёпла, але там было дужа сыра і вільготна, падвальнае памяшканне. Часам выводзілі на прагулкі, і я стараўся гуляць як мага больш, бо цяжка знаходзіцца ў камеры без паветра. Там адчынялася акно, але зусім трохі, пра вентыляцыю ўвогуле маўчу: у ШІЗА, як мне расказаў потым кантралёр, вентыляцыі забітыя, і іх ніхто не чысціць, у карцары вентыляцыя таксама ні на што не ўплывае.
Наконт ежы — калі яе разносіў нармальны баландзёр, можна было папрасіць, і табе накінулі б яшчэ порцыю. У звычайных умовах гэтая дадатковая порцыя табе не трэба, бо можна есці прадукты з перадач, але ў ШІЗА без гэтага вельмі цяжка. У 6:30 атрымліваеш сняданак і потым сядзіш да 14:30, чакаеш, пакуль дадуць абед, то-бок разбежка была 6-8 гадзін.
Пра што думаў у ШІЗА? Збольшага пра пасылку ад сябра, бо там было шмат прадуктаў, баяўся, каб не сапсаваліся. Але ж мне падпісалі своечасова дазвол атрымаць пасылку, там нават каўбасы не сапсаваліся.
Не сказаў бы, што ў мяне з сабой у ШІЗА нічога не было, мог узяць зубную шчотку, пасту, мыла і ручнік, і гэта ўжо нямала. Чым мы там займаліся? Часам рабілі фізічныя практыкаванні: нехта — каб сагрэцца, нельга — каб трымаць сябе ў тонусе. То-бок можна нечым сябе заняць, трэба толькі жаданне і фантазія.
Напрыклад, калі трэба было мыць камеру, мы бралі па 2-3 кавалкі гаспадарчага мыла, каб падлога была чыстая. Калі мыеш падлогу вадой з мылам і заходзіць супрацоўнік, ён пачынае крыху коўзацца, і мне гэта больш за ўсё падабалася. Пару разоў яны ледзьве не падалі, і гэта была вялікая забава.
Галоўнае ў ШІЗА — не паехаць дахам, бо цэлымі днямі ты ў чатырох сценах. Затое там у цябе вельмі шмат часу падумаць і паразважаць, і ніхто табе не перашкаджае, хаця ШІЗА — гэта і не крута. У пачатку было вельмі шмат песімізму, бо да цябе могуць прычапіцца шмат за што: за маленькае павуцінне, за тое, што недзе не прыбрана.
Калі ў цябе моцная псіхіка, ты гэта вытрымаеш, але ёсць людзі, хто гэта не вывозіць. Яны не ведаюць, чым заняцца, пачынаюць крычаць, нехта ўскрываецца. ШІЗА — вялікае выпрабаванне, магчымасць загартаваць сябе яшчэ больш. Некаторыя пасля яго робяцца яшчэ больш агрэсіўнымі з персаналам, гатовымі на забастоўку ці галадоўку. Гэта робяць, каб дагрукацца да персаналу, каб выканалі просьбы — напрыклад, каб паклікалі медыка ці атрадніка.
Памятаю, як у снежні 2021 года ў ШІЗА пасадзілі блогера Сяргея Пятрухіна, я быў з ім у адным атрадзе. Тады [актывіст] Максім Вінярскі, які таксама там сядзіць, пачаў забастоўку: ён хадзіў з атрадам да сталовай, але не ўваходзіў у яе і не еў. Іншыя таксама пачалі баставаць, калі Пятрухіна пасадзілі ў ШІЗА, не выходзілі на працу.
Атрымліваецца ланцужок: пасадзілі ў ШІЗА аднаго палітычнага — яго знаёмы не выйшаў на працу. Яго таксама закінулі ў ШІЗА, але ў яго яшчэ тры знаёмыя, якія пачынаюць баставаць, а ў іх яшчэ дзесяць знаёмых і так далей. Прычым нам ставілі парушэнні за тое, за што непалітычным вязням проста далі б заўвагу, нам проста не давалі вольнага паветра. За парушэнне табе даюць дзесяць сутак ШІЗА, а непалітычнаму — пяць, то-бок усё залежыць ад таго, якога колеру ў цябе бірка, жоўтая ці не. Калі жоўтая — ты або палітычны, або схільны да суіцыду, і калі палітычны, дакладна атрымаеш больш жорсткае пакаранне».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары