Раман Галоўчанка падпісаў распараджэнне «Аб арганізацыі пахавання міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Макея У.У.», паведамляе БелТА.
Згодна з дакументам, створаная камісія, куды ўвайшлі прадстаўнікі розных ведамстваў. Арганізацыя пахавання даручаная Мінгарвыканкаму. На Мінабароны ўскладзены абавязак забяспечыць цырымонію развітання ў Цэнтральным Доме афіцэраў.
Развітвацца з Макеем будуць у аўторак, 29 лістапада. Пачатак цырымоніі ў мінскім Доме афіцэраў — у 10.00. А пахаваны Макей будзе на Усходніх могілках у Мінску.
Пра нечаканую смерць 64-гадовага Уладзіміра Макея паведамілі ўчора. Яе прычынай, як мяркуецца, стаў інфаркт, хоць раптоўныя смерці чыноўнікаў такога ўзроўню і ў такіх палітычных абставінах, якія ёсць цяпер у Беларусі, не абыходзяцца без канспіралагічных падазрэнняў. Якія дадаткова ўмацоўваюцца на дзіва стрыманай рэакцыяй на смерць адной з ключавых постацей беларускай палітычнай сістэмы цягам апошніх паўтара дзясятка гадоў з боку дзяржаўных СМІ і прапагандыстаў.
Так, галоўнае прапагандысцкае выданне нават не змясціла інфармацыі пра смерць Макея сярод галоўных навін, іншыя СМІ таксама пісалі пра яе няшмат і агульнымі словамі.
Каментары