«Арыштаваная кватэра не ў маёй уласнасці». Аляксандра Герасіменя — пра завочны прысуд і маёмасць, якую хочуць адабраць
Плыўчыха і былая кіраўніца Фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Герасіменя пракаментавала «Нашай Ніве» завочны прысуд у яе адрас. Акрамя 12 гадоў калоніі, у двухразовай алімпійскай прызёркі арыштавалі амаль 50 тысяч даляраў на рахунках, кватэру, машыну і іншую маёмасць.
«Наша Ніва»: Як вы ацэньваеце прысуд?
Аляксандра Герасіменя: Ніяк яго не ацэньваю, бо насамрэч гэтыя людзі для мяне не з’яўляюцца легітымнай уладай і ўсе іх рашэнні неправамоцныя.
«НН»: Вас увогуле неяк інфармавалі пра суд, акрамя як праз праўладныя тг-каналы?
АГ: Ніяк не інфармавалі. Пакуль ніякія рашэнні я не апратэстоўвала і нічога адвакату не дасылала, буду глядзець далей.
Арыштаваная кватэра не ў маёй уласнасці, як і гараж і ўсё, што ўнутры кватэры і гаража. Гэта кватэра майго блізкага сваяка, і там прапісаная, акрамя мяне і мужа, дачка, таму я не ведаю, як яны могуць яе забраць. Але ж у нашай краіне няма ніякіх законаў.
«НН»: Калі на кватэру наклалі арышт?
АГ: Кватэру арыштавалі яшчэ да прысуду, але ж яе толькі арыштавалі, не забіралі і нічога з ёй не рабілі. Таму мы маем яшчэ месяц, каб нешта з яе забраць і паспрабаваць нешта зрабіць.
«НН»: Гэты прысуд нешта мяняе ў вашым жыцці?
АГ: Ды нічога ён у ім не змяніў. Што мне тут зробяць гэтая кватэра і гэты прысуд? Нічога. Маё жыццё тут якім было, такім і засталося. Што кватэра ёсць, што яе няма, што зрабілі нейкі прысуд — ніяк жыццё не мяняецца.
«НН»: Вы кантактавалі з дзяржаўным адвакатам, які ў вас павінен быў быць падчас працэсу?
АГ: Я нават не ведаю, ці быў гэты адвакат на працэсе, ці не, ці рабіў ён нешта. Мне здаецца, калі ён быў, то толькі для галачкі. Але думаю, што буду нешта рабіць далей [з прысудам], бо ўсе іх рашэнні неправамоцныя, і я магу гэта апратэставаць.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары