Песні Last Christmas ад Джорджа Майкла і Happy New Year ад ABBA — сапраўдныя святочныя хіты. А ці ведаеце вы гісторыю іх стварэння? Пра нечаканыя павароты піша медыя «Слых».
Гісторыя няшчаснага кахання
Песню Last Christmas прыдумалі ў жніўні 1984 года, а выпусцілі ў снежні. Джордж Майкл самастойна выканаў і запісаў усе партыі і інструменты.
Эндру Рыджлі, калега Майкла па дуэце Wham!, успамінае момант стварэння кампазіцыі:
«Мы паелі і адпачывалі перад тэлевізарам, калі Джордж амаль незаўважна знік прыкладна на гадзіну. Калі вярнуўся, то хваляваўся так, быццам знайшоў золата, якое, у пэўным сэнсе, у яго сапраўды было.
Мы пайшлі ў яго стары пакой, дзе ён трымаў сінтэзатар, і ён сыграў мне вабную, задуменную мелодыю прыпеву Last Christmas і праспяваў першыя словы. Гэта быў дзіўны момант.
Джордж стварыў музычную алхімію, паклаў сутнасць Калядаў на музыку. Лірыка, у якой распавядалася гісторыя няшчаснага кахання, стала майстэрскім ударам і, як Джордж гэта часта рабіў, зачапіла за жывое».
Last Christmas заняла другое месца ў брытанскіх чартах. Гэта была самая прадаваная песня ў гісторыі брытанскай поп-музыкі, якая ніколі не займала першае месца ў чартах.
Лёс склаўся так, што яе выканаўца Джордж Майкл памёр ад сардэчнай недастатковасці на Каляды — 25 снежня 2016 года.
«Шампанскага больш няма»
Святочная песня Happy New Year ад ABBA не такая вясёлая, як падаецца.
«Шампанскага больш няма,
І феерверкі скончыліся.
А мы тут — ты і я,
Прыгнечаныя і сумныя.
Гэта канец вечарынкі,
І раніца здаецца такой шэрай,
Такой не падобнай на ўчорашні дзень»,
— спяваецца ў хіце.
У прыпеве ж гучыць радок, што без надзеі «застаецца толькі легчы і памерці».
Гітарыст ABBA Б'ёрн Ульвеус і клавішнік Бэні Андэрсан хацелі напісаць невясёлую песню пра святы. Першапачатковы варыянт Happy New Year называўся Daddy Don't Get Drunk On Christmas Day («Тата, не напівайся на Каляды»).
Аднак з часам песня трансфармавалася. Такі настрой быў абумоўлены пагаршэннем адносін Б'ёрна Ульвеуса і яго жонкі Агнеты Фельтскуг (бландзінкі з ABBA). Песню выпусцілі ў якасці сінгла ў 1980 годзе. У тым жа годзе пара афіцыйна скасавала шлюб.
Happy New Year — гэта гісторыя няшчаснага кахання, якое разбураецца пад Новы год. І хоць героі песні чакаюць і моляцца, каб у новым годзе знайсці сілы сябе пераадолець і адшукаць выхад, дзесьці ў глыбіні душы яны разумеюць, што проста адцягваюць непазбежнае.
Каментары