«У камфортных умовах». Урад расказаў, як будзе расплачвацца па даўгах
«Без шоку» і «ў камфортных умовах» — так Беларусь у гэтым годзе будзе выплачваць дзярждоўг. На яго абслугоўванне ў рэспубліканскім бюджэце выдзелена каля 4 млрд беларускіх рублёў. Пра гэта першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко распавёў у эфіры тэлеканала СТБ, піша Office life.
Па яго словах, каля 75% сумы прыпадае на даступныя нам валюты «сяброўскіх» краін: расійскі рубель і кітайскі юань.
З пагашэннем асноўнага доўгу ёсць пытанні з-за санкцый у дачыненні да Нацыянальнага банка — плацежнага агента ўрада. Таму з мінулага года вырашана выплачваць сумы ў беларускіх рублях.
Так, у лютым трэба будзе пагашаць еўрааблігацыі на суму каля $800 млн. Але выплаты інвестары атрымаюць у беларускай нацыянальнай валюце і толькі ў тым выпадку, калі «змогуць пацвердзіць, што менавіта яны з'яўляюцца ўладальнікамі еўрааблігацый».
Рэсурсы на гэта прадугледжаныя, гэты плацеж мы пройдзем без усялякага шоку», — заявіў Кійко.
Ён дадаў, што з іншымі крэдыторамі, сярод якіх асноўныя — Расія і еўразійскія фінансавыя інстытуты, сфарміраваны свае механізмы працы.
«Плануем пагашаць плацяжы па тых графіках, якія ў нас ёсць. Тым не менш вядзём перамовы, каб гэтыя плацяжы ажыццяўляліся ў камфортных для нас умовах. І нашы партнёры нас чуюць, праца ідзе канструктыўна», — сказаў Кійко.
Каментары