«У яе быў штучны клапан сэрца». Падрабязнасці здарэння ў гомельскай калоніі, дзе памерла асуджаная
У канцы 2022-га праваабаронцы паведамілі, што ў гомельскай папраўчай калоніі №4 памерла асуджаная. Як распавёў «Люстэрку» знаёмы з сітуацыяй, жанчыну звалі Вольга і ў лістападзе ёй споўнілася 40 гадоў. У калонію Вольга трапіла за дачу хабару: суд прызначыў ёй 2,5 года агульнага рэжыму. Яшчэ на судзе жанчына і адвакат прасілі не адпраўляць яе ў калонію: Вольга жыла са штучным клапанам у сэрцы, і калонія магла моцна пагоршыць яе здароўе. «Але да іх ніхто не прыслухаўся», — кажа знаёмы загінулай жанчыны.
Вольгу пахавалі 23 снежня ў Салігорскім раёне, дзе яна жыла да калоніі. На пахаванні была яе дачка-студэнтка, родныя, сябры… Яе мужа, які знаходзіцца ў СІЗА Магілёва, развітацца з жонкай не адпусцілі.
— Ведаю, што сяброўкі тэлефанавалі ў ДВП (Дэпартамент выканання пакаранняў), прасілі дазволіць яму пабыць на развітанні, але дзяжурны адказаў: «Вы ж разумееце, яго ніхто не адпусціць». Ён прапанаваў асабіста прыехаць да начальніка на прыём, — распавядае той самы знаёмы Аляксей. — Але зразумела, што, калі трэба рыхтавацца да пахавання, ніхто не паедзе 200 кіламетраў, каб, хутчэй за ўсё, зноў пачуць адмову.
Па словах знаёмага, праблемы са здароўем, а дакладней з сэрцам, у Вольгі з дзяцінства. Гадоў дзесяць таму яе прааперавалі і замянілі сардэчны клапан. Нягледзячы на гэта, жанчына была вельмі жыццярадасным чалавекам.
— Ёй далі групу інваліднасці, і яна ўвесь час ездзіла на кансультацыі да кардыяхірурга, — апісвае сітуацыю суразмоўца. — Акрамя таго, ёй трэба было пастаянна прымаць прэпарат для разрэджвання крыві і сачыць за МНА — гэты паказчык адказвае за згушчальнасць крыві. Калі ён высокі, то можа здарыцца крывацёк. Калі нізкі — у крыві ўтвараюцца тромбы.
Аляксей кажа, што раз, а часам і двойчы на тыдзень Вольга здавала аналізы, каб сачыць, у якім стане яе кроў:
— Аналіз яна звычайна рабіла раніцай, а гадзіны да 12:00 ужо быў гатовы вынік. Зыходзячы з гэтага, яна разумела, колькі таблетак трэба прымаць. Дарэчы, пасля аперацыі Вольга настолькі часта бывала ў паліклініцы, што ў нейкі момант, каб яна не траціла час, медсястра з участка сама стала ёй тэлефанаваць і паведамляць вынікі. Калі Вольга трапіла ў СІЗА ў Жодзіна, рэзультаты аналізаў ёй часам паведамлялі тыдні праз два, калі ў іх ужо не было ніякага сэнсу.
«З'явіўся знаёмы і прапанаваў дапамагчы з закрыццём справы»
Вольга і яе сям'я жыла ва ўласным доме ў адной з вёсак Салігорскага раёна. Вольга працавала выхавацелькай у дзіцячым садзе, а яе муж Юрый узначальваў эксперыментальную базу ў мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі.
— Увосень 2021-га ён прывёз сабе на ўчастак куб або два бетону, які нібыта быў выпісаны на базу. Як распавядала мне Вольга, ён хацеў нешта зрабіць каля куратніка, — успамінае знаёмы. — Праз нейкі час Юрыю прапанавалі пасаду ў адным з СВК. Ён пагадзіўся, але яго прызначэнне спадабалася не ўсім, і пачаліся ганенні. Тады ж і выйшла на свет сітуацыя з бетонам. Юра сказаў, што гатовы ўсё аплаціць, гэта было 1200 рублёў, але справу ўжо завялі.
Ішоў час, справа заставалася адкрытай, але гісторыя заціхла. Аляксей кажа, што ў нейкі момант з'явіўся былы калега Юрыя і прапанаваў дапамогу з закрыццём справы.
— За дапамогу ён папрасіў дзве тысячы даляраў. Вольга яму дала гэтыя грошы. Час ішоў, але нічога не мянялася, — тлумачыць наш суразмоўца. — Потым ён прыехаў да Вольгі яшчэ раз і паведаміў, што трэба яшчэ пяць тысяч. Яна патэлефанавала мужу, ён сказаў нічога не даваць, але знаёмы настолькі пераканаў Вольгу, што яна набрала маме і папрасіла прывезці ёй гэтую суму. Затым Вольга з гэтым мужчынам паехалі ў Мінск па нейкім адрасе. Вольга засталася ў машыне, а знаёмы кудысьці пайшоў, нібыта перадаваць грошы. Пазней на судзе гэты чалавек заявіў, што нікому нічога не даваў, а проста падманваў, каб выцягнуць у сям'і грошы.
Пасля той паездкі, кажа Аляксей, знаёмы знік, а сітуацыя з крымінальнай справай Юрыя так і не змянілася. У снежні 2021-га мужа і жонку забралі ў ДФР.
— Вольгу дапытвалі некалькі гадзін. Не выпускалі ні ў туалет, ні лекі выпіць, хоць яна сардэчніца, і прымаць таблеткі ёй трэба па раскладзе, — не хавае эмоцый мужчына. — Той дзень скончыўся тым, што Вольгу адпусцілі, а Юру павезлі ў ІЧУ. Яна паспела толькі з'ездзіць дадому, каб прывезці яму таблеткі, таму што ў яго праблемы з ціскам. З той пары ён за кратамі. У канцы восені яго судзілі і далі тры з паловай гады.
«Калі яе родныя патэлефанавалі ў абласную бальніцу, ім паведамілі, што Вольгу прывезлі ў цяжкім стане»
Апеляцыя па справе Вольгі прайшла ў канцы верасня. Доктар, якая аперыравала яе, у суд прыехаць не змагла.
— Але яна напісала ліст, у якім адзначыла, што з такім дыягназам, як у Вольгі, ёй нельга знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Гэта можа пацягнуць за сабой лятальны вынік, — адзначае Аляксей. — Яе мама і адвакат таксама пра гэта казалі. Вольга гатовая была панесці пакаранне, але не тое, якое б спрыяла пагаршэнню яе здароўя.
Аднак Мінскі абласны суд не змяніў рашэння Салігорскага раённага суда. У сярэдзіне кастрычніка 2022-га жанчыну этапавалі ў Магілёў, а потым у Гомель.
— Лекі, якія Вольга прымала, ёсць беларускай і заходняй вытворчасці. Нашы не падыходзілі, таму сваякі перадавалі ёй імпартныя. Па прыездзе ў Гомель яе адправілі на каранцін і забралі лекі. Сталі выдаваць айчынны аналаг і свой мачагонны сродак. Гэта доўжылася пяць дзён, — распавядае знаёмы. — Мабыць, праз гэта, а яшчэ праз цяжкую дарогу і перажыванні ў яе моцна ацяклі ногі. Яна пісала: «У мяне такое пачуццё, што хутка разарвецца скура». Пазней яна сустрэлася з мясцовым доктарам, прэпараты вярнулі, і ёй палягчэла.
Свае 40 гадоў Вольга адсвяткавала ў калоніі. Паволі яна адаптавалася да ўмоў. Жыццё, здавалася, пайшло сваёй чарадой, але ў канцы лістапада ад яе перасталі прыходзіць лісты. Родныя захваляваліся.
— Затым яна напісала, што ў яе адкрыўся моцны крывацёк і яе шпіталізавалі ў рэанімацыю Гомельскай гарадской бальніцы, — успамінае суразмоўца. — Там яна прабыла з 23 па 28 лістапада. За ўвесь гэты час, наколькі мне вядома, нікому з родных нават не паведамілі, што Вольга ў бальніцы. Пасля выпіскі яе перавялі ў санчастку калоніі. Наколькі я ведаю, гомельскія дактары не хацелі выпісваць яе так хутка, але на гэтым настаяла калонія. Нібыта яны тлумачылі гэта тым, што ў іх няма магчымасці ажыццяўляць у бальніцы належны нагляд.
Са слоў суразмоўцы, у санчастцы Вользе стала лепш. У лістах гэтага перыяду яна распавядала, што «справы больш-менш нармальна, здароўе як звычайна». Ёй далі працу па сілах — яна вязала вяхоткі.
— Доктар, які яе вёў, распавядаў блізкім, што тады Вольга выглядала вельмі пазітыўнай, і дзён праз пяць-дзесяць яе б выпісалі, — распавядае знаёмы. — Наколькі ведаю, у калоніі аналізы ў яе бралі, але як часта, я не ў курсе. Чуў, у апошнім лісце яна напісала, што МНА ў крыві быў амаль у два разы вышэй за норму.
Па словах знаёмага, у ноч на 17 снежня Вольгу даставілі ў рэанімацыю Гомельскай абласной бальніцы. Што здарылася, «родным пра гэта ніхто не кажа».
— Доктар, які яе лячыў, тады не працаваў. Ужо потым ён паглядзеў па картцы, што ў той дзень ёй прызначылі нейкую кропельніцу. Мабыць, медыкі калоніі спрабавалі дапамагчы сваімі сіламі, але не справіліся, — працягвае Аляксей. — Калі пазней родныя патэлефанавалі ў абласную бальніцу, ім паведамілі, што Вольгу прывезлі ў цяжкім стане, быў страчаны час. Памерла яна 21 снежня. Наколькі мне вядома, здарыўся інсульт. Да гэтага званка калонія зноў жа не паведаміла родным, што Вольга ў бальніцы ў цяжкім стане.
Аляксей кажа, што цяпер родныя памерлай хочуць, каб кампетэнтныя органы разабраліся ў сітуацыі:
— Яны ўпэўненыя, што пакаранне Вользе вынеслі няправільнае. Калі б далі «хатнюю хімію» або ўмоўны тэрмін, яна была б жывая. Але ніхто не прыслухаўся да рэкамендацый доктара. Доктар з калоніі сказаў родным, што яны з калегамі здзівіліся дыягназу. Сказаў, што такіх людзей да іх дастаўлялі адзінкі. Ды і артыкулы ў іх былі больш сур'ёзныя. У іх, казаў, няма дастатковых медыцынскіх умоў, каб назіраць за такімі зняволенымі.
Каментары