Выставілі на абмеркаванне план развіцця ўчастка Аўгустоўскага канала
У жыхароў Гродзеншчыны, якія жывуць у непасрэднай блізкасці ад Аўгустоўскага канала, вырашылі даведацца меркаванне адносна плана развіцця ўчастка «Дамброўка-Чарток» турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал», піша партал newgrodno.by.
Выстаўлены на абмеркаванне ўчастак уключае ў сябе населеныя пункты Тартак, Навасёлкі і Чарток, а таксама ландшафтныя тэрыторыі. Чакаецца, што асноўнымі месцамі прыцягнення стануць ваколіцы шлюзаў Дамброўка і Чарток.
Як пішуць мясцовыя СМІ, Дамброўка ўжо цяпер — цэнтр культурнага і турыстычнага жыцця канала. Там ёсць некалькі зон, дзе можна стварыць аб'екты сэрвісу і гандлю. У той жа час раён вёскі Чарток — месца больш перспектыўнае. Але і там плануюць выдзеліць зоны для развіцця сэрвісу, гандлю і турызму.
Прэзентацыя праекта адбудзецца 23 лютага ў фае будынка Гродзенскага райвыканкама. Азнаёміцца з дакументам можна на сайце выканкама, дзе прадстаўленая дадатковая інфармацыя па гэтай тэме.
Аўгустоўскі канал — суднаходны канал, размешчаны на тэрыторыі дзвюх краін — Польшчы і Беларусі. Ён злучае рэкі Віслу і Нёман, знаходзіцца ў асабліва ахоўнай зоне ЮНЕСКА і лічыцца помнікам гідратэхнічнага дойлідства. Даўжыня Аўгустоўскага канала — 101,2 км, 22 з якіх праходзяць па тэрыторыі Беларусі.
Каментары