Выйшла кніга з гісторыямі землякоў Каліноўскага, якія свой край называюць «Чорнай Руссю»
Сакольшчына — гэта цікавы мікрарэгіён на паўночны ўсход ад Беластока. Этнаграфічна гэта самы захад беларускай тэрыторыі. На пачатку ХХ стагоддзя гэта быў суцэльна беларускамоўны раён, па-беларуску там гаварылі як каталікі, так і праваслаўныя. Сакольшчына дала шматлікіх беларускіх дзеячоў розных палітычных кірункаў: ад хрысціянскага дэмакрата доктара Баляслава Грабінскага да камуніста-тэрарыста Сяргея Прытыцкага, імем якога названыя вуліцы ў Мінску і Гродне.
А найбольш, відаць, вядомы ў свеце ўраджэнец гэтай мясцовасці — ксёндз-пакутнік Ежы Папялушка, сям'я якога таксама ў побыце карысталася беларускай мовай, а ў дзяцінстве на ёй размаўляў і ён сам.
У 1944 годзе раён адышоў Польшчы. У адрозненне ад ваколіц Бельска і Гайнаўкі, пад Саколкай у другой палове ХХ стагоддзя не працавалі беларускія школы, таму што большасць беларускамоўных тут былі каталікамі, а не праваслаўнымі, якія мацней адчувалі сваю адрознасць. Але дагэтуль некаторыя людзі там гавораць па-беларуску ці, хутчэй, на польска-беларускай трасянцы — асцярожна адзначаючы, што яны размаўляюць «папросту».
Вось пра гэты край, Сакольшчыну, выйшла незвычайная кніга — па-беларуску кірыліцай і лацінкай. Напісала яе Уршуля Шубзда, якая сама родам з-пад Саколкі. Сваю кнігу 19 красавіка яна прэзентавала ў Беластоку на пасяджэнні гістарычнага клуба Beer & History.
«Я не пыталася, кім яны сябе лічаць: палякамі, беларусамі ці чарнарусамі. Такой мэты ў мяне не было. Для іх саміх гэта не надта важна», — казала аўтарка кнігі на яе прэзентацыі.
Шубзда кажа, што мясцовае насельніцтва ўспрымае сябе, хутчэй, тутэйшымі і пазбягае ўласнай класіфікацыі з гледзішча цяперашніх нацыянальных катэгорый.
Сама Уршуля з тых жа мясцін, пра якія піша. Яна вырасла ў вялікай сям’і, але толькі яна і яе брат захавалі ўменне гаварыць на роднай мове.
«Мая беларуская мова не выдатная, але з маіх родных толькі мяне яна зацягнула. Брат, які застаўся на вёсцы, на гаспадарцы, ведае беларускую настолькі, наколькі яе ведаў бацька. Але, вядома, лексічны запас у яго абмежаваны. Дзед і бацька гаварылі па-свойму, па-простаму. Але яны ніколі не казалі, што іхная гаворка беларуская, і самі сябе не лічылі беларусамі, можа таму і лічылі сябе свабаднейшымі», — заўважыла Уршуля.
Журналістка спадзяецца, што гаворка жыхароў «Чорнай Русі» яшчэ працягне існаваць, бо тутэйшая пальшчызна не падобная да яе класічнага варыянту.
«Гэта як Чорная Русь — невядома, што гэта, але ўплывае на падсвядомасць. І тутэйшая гаворка прыцягвае маладое пакаленне, бо ёю яны адметныя. Гэта іх роднае, і ў іх няма патрэбы яго адракацца», — мяркуе Шубзда.
На Сакольшчыне праваслаўныя захавалі беларускую мову нашмат лепш, чым каталікі, між якіх працэс асіміляцыі пайшоў шпарчэй.
Чорнай Руссю некалькі стагоддзяў называлі паўночна-заходнюю Беларусь: раёны Горадні, Ваўкавыска, Супрасля. Такую назву прыдумалі географы, і спачатку яна была выключна кніжная, але з часам, праз краязнаўцаў і святароў, пайшла ў народ. Па беларускі бок мяжы яе ўжо забыліся: беларусы і беларусы. А на Сакольшчыне, як бачым, яна захавалася ў свядомасці, бо дазваляе людзям вытлумачыць сваю «іншасць».
Ад Саколкі да польска-беларускай мяжы 16 кіламетраў. У горадзе жыве больш за 22 тысячы чалавек.
У летапісах Саколка ўпершыню згадваецца ў 1524 годзе. 10 студзеня 1609 года яна атрымала Магдэбургскае права.
У даўнія часы гэта было балта-славянскае памежжа, беларуская мова стагоддзямі наступала, балты паступова славянізаваліся. У гэтым сэнсе цікавае прозвішча аўтаркі. Šiugždėti па-літоўску значыць шамацець, šiūbyti — трэсціся, дрыжаць. «Шубзда» можа паходзіць ад аднаго з гэтых слоў, у кожным разе гэта яўны балтызм.
У 1921 годзе, паводле Рыжскага мірнага дагавора, Саколка апынулася ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы. З лістапада 1939 года яна была ў складзе Беларускай ССР, з 1940 года год з'яўлялася цэнтрам Сакольскага раёна Беластоцкай вобласці. Па Другой сусветнай вайне, 16 жніўня 1945, улады СССР перадалі Саколку Польскай Народнай Рэспубліцы.
Героі гісторый з кнігі Уршулі Шубзды згадваюць Горадню як колішні цэнтр свайго былога жыццёвага сусвету. Тое было да Другой сусветнай вайны, калі мясцовых беларусаў яшчэ не падзяляла мяжа.
Адзін з мужчын расказаў журналістцы, як ягоны бацька, які выбраў жыць у Польшчы, а не ў СССР, на польскім баку пасяліўся ў вёсцы, з якой была відаць яго родная сяліба, што засталася за мяжой.
«Ëн штодня падыходзіў і глядзеў, як марнеюць будынкі, узведзеныя яшчэ ягоным бацькам. Хадзіў, пакуль на граніцы не паставілі агароджу», — расказвае Уршуля Шубзда.
Спакойнае жыццё Сакольшчыны трохі збаламуціў мігранцкі крызіс 2021 года, але нават гэтыя жарсці істотна не змянілі будзённасці.
«Жывучы там, яны акружаныя прыроднай прыгажосцю. Яны яе цэняць, і не развучыліся ёю захапляцца. Там нават тэлевізар не ўсе глядзяць. А хто глядзіць, той глядзіць і беларускія, і польскія каналы. Маюць дзве крыніцы інфармацыі і робяць высновы пра жыццё ў сябе і за мяжой», — расказвае Шубзда.
У кніжцы расказваецца таксама пра жанчыну, якая пераехала ў Польшчу з Латвіі, а ў Саколцы ўладкавалася кіраваць мясцовым домам культуры. Дык вось, тамтэйшы люд не ўспрымае яе як свайго, успрымае як чужога чалавека.
«Яна пажыла ў Варшаве, там ёй надакучыла. Пераехала на Падляшша. Падляшша цяпер як прытулак для збянтэжаных, стомленых жыццём, — разважае журналістка. — Але паколькі яна кіруе Домам культуры, то давер да яе ўсё ж ёсць».
Кніга Уршулі Шубзда напісана беларускай кірыліцай і лацінкай.
Аб існаванні беларускай лацінкі аўтарка даведалася з часопіса міжваеннай пары «Chryścijanskaja dumka». Яго падшыўку захаваў жыхар Саколкі і перадаў журналістцы.
Уршуля, акрамя журналістыкі, настаўнічае. Яна выпускніца Беластоцкага ўніверсітэта, дзе вывучала беларускую філалогію. У беластоцкім ліцэі №3 вучыць дзяцей польскай мове. Сярод вучняў дзеці — беларускіх эмігрантаў.
Уршуля кажа, што ў беларускасць яе ўцягнула Зоська Верас. Першай яе кніжкай на беларускай мове былі ўспаміны пісьменніцы, выдадзеныя ў адной з бібліятэк Падляшша. Прачытаўшы іх, яна зразумела, што «простая мова» насамрэч беларуская і яна заслугоўвае выкарыстання ў публічнай прасторы.
У кніжцы Уршулі расказваецца пра розных герояў, з рознымі перакананнямі, але якія не варагуюць паміж сабой.
У адной з гісторый журналістка апавядае пра мужчыну, які аднаўляе і габрэйскія могілкі, і пахаванні савецкіх салдат. А ў хаце ў яго на сцяне вісяць партрэты і Папы Францішка, і Пуціна.
«Гэта вельмі прыемны чалавек. А ў хаце ў яго не толькі Папа Францішак і Пуцін вісяць, якія, відаць, дапаўняюць адзін аднаго, — іранізуе Шубзда, — а таксама карціны з лебедзямі і прыгожымі жанчынамі з шэльмаўскімі ўсмешкамі. Ён у Супраслі [прыгожы гарадок на Падляшшы са старым манастыром] прадае квас, можаце пад’ехаць да яго і запытаць, як у яго ўсё гэта спалучаецца ў галаве…» — жартуе Уршуля.
Пабывала журналістка і ў родных мясцінах Кастуся Каліноўскага, у вёсцы Мастаўляны, што пры мяжы з Беларуссю. Там ведаюць, хто гэта такі, але дужа абачлівыя ў выказваннях.
«Яны дужа асцярожныя, хоць чытаюць інтэрнэт. Яны шмат ведаюць, але нічога не скажуць», — заўважала Уршуля пад смех аўдыторыі.
«Шмат ведаюць і нічога не скажуць — гэта нацыянальная ідэя Чорнай Русі», — адрэагаваў на выказванне журналісткі вядоўца сустрэчы і матор клуба Beer & History Алесь Кіркевіч.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Праваслаўны ў касцёле. Як разьбяр з Беларусі працуе ў каталіцкім храме ў Польшчы
«Нічога ў нас не будзе, калі не будзе беларускай мовы». Рэпартаж з Дня Волі ў Беластоку
Каментары
https://d2b0v286pbg9yh.cloudfront.net/314896
https://d2b0v286pbg9yh.cloudfront.net/314896
https://d2b0v286pbg9yh.cloudfront.net/314896
разам - чорна-белая... шэрая