Палітвязень Віктар Сядоў выйшаў на волю. Яго вінавацілі ва ўзвядзенні барыкад каля «Рыгі»
Віктар быў затрыманы 16 кастрычніка 2020 года ў Мінску.
Палітвязня абвінавацілі ва «ўзвядзенні барыкад і кіданні двух прадметаў на праезную частку». Сядоў віну прызнаў часткова: сказаў, што паклаў адзін камень на праезную частку і іншы — кінуў на дарогу.
30 сакавіка 2021 года палітвязню прысудзілі 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На судзе ён сказаў, што не змог у такой палітычнай сітуацыі стрымаць свае эмоцыі. Папрасіў прабачэння ў сваёй сям’і: «Спадзяюся з Божай дапамогай вы зможаце выжыць», — эмацыйна выказаўся ён. Пра гэта піша «Вясна».
Сядоў папрасіў не наказваць яго строга. Але Анастасія Ляйкоўская прысудзіла яму 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Тэрмін Віктар адбываў у бабруйскай калоніі №2. Сёння, 30 мая, Сядоў выйшаў на волю, адбыўшы ў няволі 2 гады, 7 месяцаў і 14 дзён.
Каментары