Чаго чакаць ад сёлетняга Viva Braslav: вось хто будзе выступаць
З 28 на 29 ліпеня адбудзецца вядомы беларускі оўпэн-эйр — Viva Braslav 2023. Фэст на Браслаўскіх азёрах традыцыйна збірае шмат увагі, а арганізатары ўвогуле называюць яго галоўным музычным уік-эндам краіны. «Наша Ніва» паглядзела, каго ў гэтым годзе прапануюць слухаць беларусам.
Спачатку трошкі пра тое, каго арганізатары прывозілі ў Браслаў раней. Сярод артыстаў, якія за гэтыя гады бывалі на фэсце, — украінец Іван Дорн, беларускія зоркі ЛСП, канадзец Apashe. У Браслаў прыязджалі і выканаўцы з Расіі, тая ж Zivert, але іх колькасць не была пераважнай, і гаворка заўсёды ішла пра топавых артыстаў для таго ці іншага года.
У гэты ж раз арганізатары Viva Braslav збольшага прапануюць слухаць менавіта спевакоў з Расіі і Беларусі. Напрыклад, абяцаюць ветэранаў расійскай поп-сцэны, гурты «Отпетые мошенники» і «Банд’эрос». Жадаеце паслухаць кагосьці навейшага? Вашай увазе Macan, якога арганізатары называюць прадстаўніком сучаснага рускага хіп-хопу, або поп-гурт HammAli & Navai. Ці Instasamka. Як выглядае яе творчасць, можаце бачыць ніжэй:
Што да беларускіх артыстаў, у гэты раз у Браславе не будзе зорак накшталт ЛСП. Прывязуць мінскі поп-рок калектыў saypink!, спевака SHARANKOU, які быў лаўрэатам «Славянскага базару —2017», мінскага хіп-хопера Бакея, панк-рокаўскі калектыў «ПараЛель» і спявачку «Просто Лера». Але не ўсё так змрочна: на фэст завітае танцавальны поп-гурт Parade of Planets са сваімі франкамоўнымі творамі.
Адзначым і іншых замежнікаў, якіх вязуць на сёлетні фэст:
- Martin Jensen — папулярны дацкі дыджэй;
- KAAZE — вядомы дыджэй і прадзюсар са Швецыі;
- AVAO — галандскі дуэт дыджэяў;
- ANG — дуэт мексіканскіх дыджэяў і прадзюсараў.
Украінскіх артыстаў на Viva Braslav у гэтым годзе не чакаюць, і гэта прадказальна, бо наўрад ці хто з іх паедзе выступаць у краіну-агрэсар. Калі б такія выканаўцы і былі, яны б моцна рызыкавалі атрымаць праблемы на радзіме.
Тое, якіх выканаўцаў прапануе сёлета фэст, выклікала ў сацыяльных сетках змешаную рэакцыю. Частка аматараў Viva Braslav успрыняла навіны з захапленнем: пра гэта сведчаць каментары накшталт «агонь», «дзеля іх варта прыехаць», «топ для РБ», «будзе весела». Але некаторыя прызнаваліся, што за сёлетні Viva Braslav ім сорамна, або пісалі «нездарма здаў білеты», «усё спадзяванне ў гэтым годзе толькі на тых хлопцаў з калонкамі ля дарогі» ці проста «дзякуй, але не».
Акрамя ўласна музыкі на фэсце чакаецца шмат іншых актыўнасцяў: фуд-корт, палёты на аэрастаце, розныя атракцыёны, ёга, цір, радэа на быку і гэтак далей. Кошт стандартнага білета складае 139,9 рубля, але ёсць і варыянты аўтобусных тураў ад 315 рублёў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Гэта зробіць нас толькі мацнейшымі». Беларускія выдаўцы прадавалі кнігі на кірмашы ў Беластоку
Беларускія спектаклі ў варшаўскай афішы. Расклад на ўсё лета
Каментары