Новая прадзюсарская ініцыятыва Inexkult запускае тэатральны фестываль для беларусаў і ўсіх тых, хто цікавіцца беларускай культурай. «Inex фэст» расцягнецца на тры летнія месяцы і пакажа дзесяць выдатных пастановак беларускіх каманд.
Агулам сваю працу гледачам прадставяць больш за пяцьдзясят творцаў — аўтараў і аўтарак, мастакоў і мастачак, рэжысёраў і рэжысёрак, акцёраў і актрыс. Усе спектаклі пройдуць на розных варшаўскіх пляцоўках, а купіць квіткі можна проста цяпер.
Асаблівасць тэатральнай афішы «Inex фэст» — магчымасць купіць абанемент на ўсе паказы адразу, гэта ўзважаная інвестыцыя ў развіццё беларускіх культурніцкіх праектаў за мяжой і проста выгаднае ўкладанне ва ўласны вольны час. Бонусам да набытага абанемента стануць запрашальнікі на летнія прэм’еры-неспадзяванкі — ад Юры Дзівакова ці ад Аляксанда Гарцуева. Што канкрэтна гэта будзе — мы пакуль не разгалошваем.
У раскладзе прадстаўленыя спектаклі самых розных жанраў для дзяцей і дарослых, аматараў сучаснай музыкі і найноўшай літаратуры:
5 чэрвеня — «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча». Рэжысёрка — Паліна Дабравольская (Беларусь)
Міжнародны праект з актрысамі з Беларусі, Польшчы і Украіны (на польскай мове), якія ствараюць жаночы спеў праз маналогі ў жывым музычным суправаджэнні. Спектакль пра эміграцыю, пошук сябе і захаванне ўнутранай хатняй хіміі. Пра пошук бяспечнай прасторы, яе будову і нараджэнне. Пра жанчыну, яе прыроду, жаданне схавацца і быць адкрытай, значнасць быцця разам.
12, 13 чэрвеня — «Шэпт». Рэжысёр — Раман Падаляка (Беларусь)
«Шэпт» (рэж. Раман Падаляка). Фотв: Zofia Ewsk
Гэта спроба даследаваць і адчуць традыцыю лекавання словам, што знікае ў Беларусі разам з апошнімі носьбіткамі. Спектакль паўстаў на аснове аднайменнай кнігі фатографа-дакументаліста Сяргея Лескеця, яго слядамі мы выпраўляемся ў падарожжа да «людзей прасторы міфа».
13, 14 ліпеня — «Камедыя Юдзіфі». Рэжысёр — Павел Пасіні (Польшча)
Новая інтэрпрэтацыя біблейскай гісторыі, якая цягам стагоддзяў неаднаразова прыцягвала ўвагу мастакоў, кампазітараў і паэтаў. Спроба асэнсаваць жыццё і ўчынкі Юдзіфі з сённяшняга пункту гледжання, зразумець не толькі рэлігійныя, але і псіхалагічныя матывы паводзін біблейскіх герояў, спроба вытлумачыць іх гісторыю як універсальную прытчу аб сутыкненні лёсаў чалавека з няўмольным рухавіком гісторыі.
28 ліпеня — «Мама Зоя, Беларусь». Аксана Гайко (Беларусь), Фiя Адлер Сандблад (Швецыя), Петэр Элмерс (Швецыя) і ансамбль
У аснове спектакля ляжыць рэальная гісторыя мамы рэжысёркі і кіраўніцы тэатра «Крылы Халопа» — Аксаны Гайко. Зоя нарадзілася ў беднасці і страху праз сем гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў Беларусі, якая стагоддзямі падвяргалася акупацыі і нападам. Праз асобу Зоі мы даследуем перажыванні жанчын у адным з самых дэспатычных грамадстваў Еўропы, імкненне людзей да свабоды, пяшчоты і, магчыма, да новай пары абутку.
29 ліпеня — «Беспрацоўнае дрэва». Рэжысёрка — Святлана Бень (Беларусь)
Гісторыя дрэва, якое вымушанае пакінуць парк, дзе ўсё сваё жыццё прапрацавала… дрэвам. Яго чакае дарога, поўная прыгод, цудоўных, небяспечных, а часам абсалютна нечаканых. Гэта гісторыя пра тое, што кожны можа дапамагчы іншым, знайсці сяброў і сваю важную справу. Нават калі ты пазбаўлены дома і звычайнага ладу жыцця.
18, 19 жніўня — «Гусі-людзі-лебедзі». Рэжысёр — Аляксандр Гарцуеў (Беларусь)
Гэта антыўтапічны і фантасмагарычны погляд на будучыню Беларусі на падставе адной з частак магутнага рамана Альгерда Бахарэвіча.
Як далей складзецца лёс краіны? Вымалёўваецца сумная карціна: поўнай дэградацыі падлягаюць мова, культура, мараль, тэхналогіі. Няма больш на гэтых землях такога паняцця як Беларусь.
19 жніўня — «рЭвалюцыя Зайца». Рэжысёр — Юра Дзівакоў (Беларусь)
«рЭвалюцыя Зайца» — гэта інтэрактыўны тэатральны праект мастачкі, сцэнографкі і педагога Таццяны Дзіваковай, які складаецца з выставы, тэатральнай пастаноўкі і майстар-класаў, дзе ўдзельнікі зробяць свайго казачнага персанажа. Прыгоды жывёл стануць падставай для размоў пра нашы эмоцыі, патрэбы і шчырае сяброўства.
25 жніўня — SarmaTY/JA. Рэжысёрка — Паліна Дабравольская (Беларусь)
Гэта музычны монаспектакль, які спалучае народную музыку з хіп-хопам. Трагічная гісторыя пра немагчымасць укараніцца на чужой зямлі паводле паэмы Марыі Мартысевіч. Гісторыя кахання і смерці. Цёмная, пульсуючая рытмам, пачуццёвая.
Спектаклі створаныя беларускімі і міжнароднымі камандамі з удзелам беларусаў. Гэта ўзоры творчай сілы, працоўнага імпэту, клопату і прафесійнай падтрымкі тэатральнай супольнасці. Запрашэнне пабыць разам у няпэўныя часы.
На сваіх старонках у сацыяльных сетках каманда Inexkult будзе падрабязна прадстаўляць фестывальныя спектаклі і расказваць пра пастановачныя каманды. Таму варта падпісацца.
Па ўсіх пытаннях можна звяртацца па адрасе: [email protected].
Квіткі на ўсе мерапрыемствы фестывалю даступныя па спасылцы
Каментары