Як развесціся з партнёрам і не нашкодзіць дзіцяці і ці варта захоўваць шлюб дзеля малога?
Якім бы ні быў развод бацькоў — з высвятленнем адносін ці без, — ён усё роўна ў той ці іншай ступені ўплывае на дзіця. Як яму дапамагчы перажыць расстанне бацькоў? Чаму часта дарослыя ў такой сітуацыі пачынаюць маніпуляваць малым? І як гэтага пазбегнуць? Пра гэта «Нашай Ніве» расказала псіхолаг Ірына Кожух.
Як развод уплывае на дзіця?
Калі казаць пра сем'і, дзе бацькі працяглы час лаяліся, скандалілі, дзе меў месца фізічны гвалт, дзе было злоўжыванне алкаголем адным або абаімі бацькамі, не было пачуцця бяспекі, то развод — гэта, хутчэй, палёгка і выратаванне.
«І зусім іншая гісторыя і перажыванні, калі развод здараецца ва ўмоўна шчаслівай сям'і, — расказвае Ірына Кожух. —
Тое, як развод паўплывае на псіхіку дзіцяці, залежыць ад таго, як была ўладкавана сям'я, як чальцы сям'і камунікавалі паміж сабой, а таксама ад узросту і развіцця дзіцяці, ці быў побач з ім устойлівы дарослы, якія дзеянні дарослых суправаджалі працэс разводу і шмат што яшчэ. Не такі страшны сам факт разводу, як перажыванні, што ўзнікаюць у сувязі з гэтай падзеяй».
Напрыклад, у дзіцяці ад нараджэння да 1,5 года фарміруецца давер да свету. У гэтым узросце яно вучыцца давяраць свайму атачэнню, якое верыць у важнасць яго патрэб, адчуваць, што яго любяць і яно заслугоўвае клопату, вучыцца ўсталёўваць сувязь з чалавекам, які пра яго клапоціцца, адкрываць для сябе свет.
«Калі ў гэты перыяд здараецца развод і маці засяроджваецца на сваіх перажываннях, адхіляецца ад дзіцяці, не падыходзіць, калі яно плача, не абдымае яго, мала ўсміхаецца, можа быць, нават б'е яго, калі яна эмацыйна няўстойлівая, то тут наступствам будзе недавер да свету і як вынік — далейшыя цяжкасці ў станаўленні асобы.
Такому дзіцяці будзе складана імкнуцца да самастойнасці, яно будзе адчуваць сорам, будзе сумнявацца ў кожным сваім учынку, не зможа праяўляць ініцыятыву, авалодваць ведамі і ўменнямі, магчыма, з'явіцца павышанае пачуццё кантролю, зліццё з аб'ектам кахання і прыхільнасці, узнікнуць складанасці з пабудовай адносін і многае іншае.
Але агулам калі казаць пра такі маленькі ўзрост, то тут, мусіць, прасцей за ўсё для дзіцяці праходзіць разрыў», — расказвае псіхолаг.
У бацькоў у гэты перыяд шмат асабістых перажыванняў, сярод якіх віна, сорам, бездапаможнасць, разгубленасць, роспач, злосць. Ім гэта цяжка перажываць самім і адначасова разумець перажыванні дзіцяці.
Бацькі чакаюць, што малое будзе паводзіць сябе, як дарослы чалавек, будзе гаварыць пра свае пачуцці. Калі дзіця маўчыць, ігнаруе якую-небудзь тэму, то гэта не значыць, што яно нічога не адчувае.
«Часта дзіця не можа злавацца на бацькоў, і тады агрэсія выліваецца на аднагодкаў у школе ці садку, — тлумачыць Ірына. — Дзіця можа сумаваць, ізалюючыся ад людзей. Каб не перажываць, можа павялічыць актыўнасць ці, наадварот, яму ўсё становіцца нецікавым. Каб утрымаць бацькоў, дзіця можа пачаць хварэць, становіцца плаксівым.
Часцяком дзіцяці адмаўляецца ў праве на перажыванні. Дарослыя хаваюць ад дзяцей важную інфармацыю, праўду пра сітуацыю ў сям'і. Вось гэта страшна. Дзіця — такі ж член сям'і, як мама і тата. Яно тонка адчувае любую змену, што адбываецца ў сям'і.
Дзіця ўсё роўна жыве ў трывожным эмацыйным фоне, а тлумачэнняў не знаходзіць. Калі няма тлумачэнняў, з'яўляецца пустата, якая запаўняецца фантазіямі. У дзіцяці губляецца сувязь з рэальнасцю. Таксама дзеці эгацэнтрычныя, таму яны пачынаюць лічыць, што прычынай таго, што адбываецца, з'яўляюцца яны самі. І менавіта гэта будзе выклікаць сур'ёзныя наступствы».
Што ў першую чаргу траўмуецца ў дарослых, а што ў дзіцяці? Якія наступствы могуць быць?
Не заўсёды перажытыя намі негатыўныя падзеі перарастаюць у траўму.
«Але яны павінныя быць перажытыя, — удакладняе псіхолаг. —
Развод — гэта «маленькая смерць», «смерць» той часткі мозга, якая адказвае за звычкі, так ці інакш звязаныя з партнёрам. Калі раней партнёры ведалі, як пройдзе іх найбліжэйшы выхадны, як будзе праходзіць дзень народзінаў, Новы год, то цяпер усяго гэтага раптам не стала. Так як часта выкрываецца шмат падману і хлусні, усе сказаныя словы любові, усе дзеянні не ўкладваюцца ў нашым мозгу і не супастаўляюцца з тым, што адбываецца. І тады ты стаіш на руінах разбуранага замка, азіраешся вакол, а там пустэча. Мінулага няма, будучыню скралі, і сучаснасці таксама быццам бы няма. Няма цябе ранейшага, ёсць толькі вялізная чорная дзірка, якая поўная болю, і пустата ўнутры. Тут парушаецца ўяўленне пра сябе, зніжаецца самаацэнка, страта ідэнтычнасці».
Траўма — гэта боль. Адчуваючы яго, мы спрабуем абараняцца, таму і з'яўляецца агрэсія, разбуральная сіла самаабароны.
Яна можа быць накіраваная ўнутр, і тады чалавек думае пра тое, каб прычыніць сабе шкоду.
Яна можа быць накіраваная і на акружэнне, тады мозг аўтаматычна стварае вобраз ворага — таго, на каго гэтая агрэсія будзе накіравана — на палюбоўніцу, сябра, свёкра, цешчу і г.д.
«Свет, вядома, не такі ўжо добры, але гнеў, які раз'ядае чалавека знутры, ператварае яго ў монстра.
Развод — парушэнне бяспекі. Могуць актывавацца страхі і фобіі як у дарослага, так і ў дзіцяці.
Дзіця можа адчуваць, што яго кінулі, ад змяншэння колькасці ўвагі і будзе спрабаваць любым спосабам яе прыцягнуць.
Калі пачуцці застаюцца непражытымі, запатрабаванні незадаволенымі, вельмі часта могуць узнікаць розныя псіхасаматычныя сімптомы.
Калі сям'я была шчаслівая, то самым галоўным запатрабаваннем у дзіцяці будзе тое, каб мама і тата зноў былі разам. Ды і ў дарослых часта ўзнікае жаданне вярнуць усё, як было, няхай не вельмі гладка, але затое зразумела. Так нашай псіхіцы становіцца спакайней», — тлумачыць псіхолаг.
Ці варта заставацца разам толькі дзеля дзіцяці?
«На мой погляд, гэта безадказна, ёсць падазрэнне, што не «дзеля дзяцей», а «дзеля сябе».
Дзіцяці патрэбныя шчаслівыя маці або бацька, якія навучаць яго радавацца жыццю, выбудоўваць здаровыя адносіны і спыняць тое, што ўжо такім не ёсць. Быць сям'ёй, а не здавацца.
А то ведаеце, не-не ды і прыляціць потым: «Я дзеля цябе, а ты!..» Неаплатны доўг, а хто прасіў?
Так што маё асабістае меркаванне — не. Разам трэба заставацца, калі гэта напаўняе вас і робіць шчаслівым, а не наадварот.
Шчыра кажучы, я не бачыла яшчэ ніводнага дарослага, які б сказаў, што рады таму, што мама ці тата пражылі сваё няшчаснае жыццё дзеля іх.
У маёй практыцы і ў працэсе навучання я бачыла нямала дарослых людзей, якія плакалі і казалі, што ў дзяцінстве, жывучы ў дэструктыўнай сям'і, больш за ўсё ў жыцці яны хацелі, каб мама пакінула тату і ўсе кашмары скончыліся. Яны не маглі дараваць бацькам сапсаванага дзяцінства і горка плакалі ад таго, што ім давялося пражыць. На тэрапіі мы працавалі з наступствамі жыцця ў такой сям'і, а не з наступствамі пасля разводу», — разважае Ірына.
Разводзіцца або заставацца разам — гэта рашэнне двух дарослых. Толькі яны прымаюць рашэнне і паведамляюць пра гэта дзіцяці.
«Ніякіх «а як ты думаеш, ці можна мне выйсці замуж?», «ці даць тату яшчэ адзін шанец?», «ты хацеў бы, каб мама і тата былі разам?».
Пры разводзе сувязі маці — дзіця, бацька — дзіця ў любым выпадку застаюцца, а хто якім з бацькоў захоча быць — гэта зноў жа адказнасць кожнага дарослага чалавека. І развод сам па сабе не разрывае гэтых сувязяў, гэта важна даносіць да дзяцей пры разводзе», — кажа яна.
Як развесціся, каб не нашкодзіць дзіцяці?
Для зусім маленькіх дзяцей ёсць мульцікі і кнігі, якія можна глядзець і чытаць разам з дзіцем, яны дапамогуць перажыць тыя складаныя пачуцці, што ўзнікаюць пры разводзе бацькоў, раіць псіхолаг.
«Адзін з мультфільмаў — «Хлопчык і Пачвара». Гэта вельмі дакладна расказаная гісторыя пра перажыванні дзіцяці падчас разводу маці і таты. Бацькі, такія знаёмыя і родныя, становяцца маўклівымі, агрэсіўнымі жахамі, якія палохаюць і якія цяжка зразумець, бо яны перапоўненыя сваімі ўласнымі перажываннямі. З імі немагчыма мець справу звыклымі спосабамі, але да іх можна прыстасавацца. І нават атрымліваць невялікія бонусы ад жыцця з імі. Галоўнае — верыць, што ўсярэдзіне хаваюцца рэальныя мама і тата, якія цябе любяць.
Гэты мультфільм — дапаможнік па тым, што адбываецца з дзіцем у цяжкі для сям'і час. І гэта можа быць не толькі развод», — тлумачыць Ірына.
Псіхолаг дае рэкамендацыі, як узаемадзейнічаць з дзіцем падчас разводу.
Трэба паведаміць дзіцяці пра развод да таго, як вы сапраўды разыдзецеся з вашым партнёрам. Гэта дасць яму магчымасць абдумаць горкую навіну, часткова пераадолець першапачатковы шок і прагаварыць з кожным дарослым аб тым, што гэта значыць для яго.
Аднаго разу будзе недастаткова.
Тлумачэнні трэба даваць адпаведна ўзросту дзіцяці, не трэба адкрываць дзіцяці падрабязнасці, напрыклад, пра здраду таты ці мамы.
Прызнаць, што перыяд складаны і так, як раней, ужо ніколі не будзе.
Трэба супакоіць дзіця, запэўніць, што яго не кінуць.
«Гэта варта паўтараць не адзін раз, бо парушана бяспека і стабільнасць. Такія звычайныя сітуацыі, як пакіданне дзіцяці пад наглядам няні ці бабулі, могуць выклікаць боязь, што бацька не вернецца, і моцную трывогу. Трэба паведаміць дзіцяці, куды вы ідзяце, праз колькі прыйдзеце, пакінуць нумар тэлефона і набрацца цярпення, бо яно можа тэлефанаваць часта», — кажа псіхолаг.
Нельга казаць дзіцяці, што яно вінавата ў вашым разводзе. «Ты дрэнна сябе паводзіў, таму тата сышоў!»
«Калі гаворыце з дзіцем пра разрыў, важна сказаць, што яно тут ні пры чым, што яно не зрабіла нічога, каб так адбылося, і не магло нічога зрабіць, каб прадухіліць развод, таму не можа ўз'яднаць бацькоў», — расказвае Ірына.
Наступная парада — не скажаць рэчаіснасць. Можа быць страшна, але, калі вы пачняце размову, стане лягчэй. Пераканайцеся ў тым, што ваша дзіця разумее тое, што вы яму тлумачыце.
Важна даць дзіцяці магчымасць заставацца ў шчыльным кантакце з абаімі бацькамі. Гэтыя зносіны маюць вялікую каштоўнасць для дзяцей і адыгрываюць важную ролю ў іх эмацыйнай рэабілітацыі.
«Вашаму сыну або дачцэ можа дапамагчы, калі вы скажаце, што ён ці яна мае права добра правесці час з татам, што гэта зусім не пакрыўдзіць маму і не засмуціць яе», — раіць псіхолаг.
Бывае так, што бацькі не спраўляюцца са сваімі пачуццямі, і дзіця становіцца закладнікам эмоцый дарослых, пляцоўкай для адыгрывання іх.
«Бацькі свае эмоцыі павінны зліваць не на дзіця. Тэрапеўт, сябар, сяброўка, сабака, выпадковы мінак — усё туды.
Важна ўмець сутыкнуцца са злосцю дзіцяці на аднаго з бацькоў і прыняць яго эмоцыі. Сказаць так: «Я разумею, ты цяпер злуешся на мяне, ты маеш на гэта права. Я ўсё роўна цябе люблю!» А не так: «Я дрэнная маці, ты мяне ненавідзіш, тады ідзі да свайго бацькі».
Пастарацца максімальна захаваць стабільнасць традыцый і правілаў, якія датычаць дзіцяці, спакойны, размераны і прадказальны хатні рэжым», — кажа Ірына.
Забараняць зносіны дзіцяці з адным з бацькоў можна толькі ў выпадку, калі ёсць пагроза псіхалагічнага ці фізічнага гвалту з боку партнёра.
«Як паўплывае маніпуляцыя на дзіця і наратыў, напрыклад, «ты любіш тату больш, чым мяне»? Напружанне, стрэс, неўроз, дэпрэсія, злосць, аўтаагрэсія, псіхасаматычныя сімптомы, цік, заіканне, энурэз, а таксама парушэнне паводзін, розныя дэвіяцыі і многае іншае.
Дзіця і так можа адчуваць віну за зносіны з іншым з бацькоў, а такі пасыл выкліча стрэс прыкладна такі ж, як калі б вам сказалі выбраць, якое вока вы гатовыя выкалаць, а якое пакінуць.
Кожны дарослы, у якога праскочыла такая думка, проста абавязаны ісці на тэрапію і разбіраць сваіх прусакоў у галаве.
Тут важна наладзіць камунікацыю паміж тымі, хто разводзіцца. Мужчыну звяртацца да былой жонкі не як да жанчыны, якая здрадзіла, а як да маці агульнага дзіцяці. І наадварот», — тлумачыць Ірына.
У Беларусі калі разводзяцца праз суд, часцей за ўсё дзіця застаецца з маці (калі яно яшчэ не можа прымаць рашэнне). Наколькі гэта правільна?
Ірына пяць гадоў працавала з праблемнымі сем’ямі. Яна кажа, што кожны выпадак унікальны, бо ёсць таксічныя маці і адказныя таты і наадварот.
«У маёй практыцы былі выпадкі, калі дзіця забіралі ў маці і аддавалі бацьку. І ўсё складвалася добра.
Ёсць выпрацаваныя алгарытмы ацэнкі рызыкі знаходжання дзіцяці ў сям'і, і самы галоўны крытэр — бяспека.
Немаўляці патрэбна маці, але не халодная, якая адштурхоўвае і п'е. Але гэта крайнасць, вядома.
Асабіста мне сімпатычная заходняя мадэль, калі бацькі дамаўляюцца і дзіця можа жыць тыдзень у мамы, тыдзень у таты. Але зноў жа, галоўнае — дамовіцца аб адной стратэгіі выхавання на карысць дзіцяці.
А яшчэ больш за ўсё мне падабаецца, калі можна абгаварыць свой унікальны выпадак і знайсці кампраміс, зручны і прымальны для ўсіх чальцоў сям'і. Калі самі не спраўляецеся, цяпер ёсць выдатная прафесія — медыятар. Гэтыя спецыяльна навучаныя людзі дапамогуць, калі да іх звярнуцца», — расказвае Ірына.
Калі дзіця можа абіраць, з кім заставацца пасля разводу, то як гэта на яго ўплывае?
Выбар — гэта адказнасць. У гэтым выпадку важна паразмаўляць з дзiцем i даведацца, як яно ўяўляе сваё жыццё ў тым цi iншым месцы, i скарэктаваць, калi нешта не супадае з рэчаіснасцю.
«Абавязкова паведаміць, што выбар дзіцяці ніяк не паўплывае на адносіны з бацькам, — тлумачыць псіхолаг. — Можна спытаць, ці гатова яно выбіраць, ці яму лепш, каб гэта зрабілі дарослыя? Але калі вы ўжо далі права выбару, то вельмі важна абысціся без маніпуляцый і паспрабаваць прыняць любое рашэнне без санкцый.
Не павінна быць такіх фраз: «Калі ты пойдзеш жыць да таты, маё жыццё будзе скончана», «Калі пойдзеш жыць да мамы — не тэлефануй мне».
Думаю, што будзе слушным, калі будзе магчымасць пажыць у адным месцы, у другім і вырашыць пазней».
Важна зрабіць акцэнт на тым, з кім хоча жыць дзіця, дзе яму будзе больш камфортна, спакайней, дзе яно будзе адчуваць сябе ў бяспецы.
«Калі ўзяць сям'ю, дзе «ўсё было добра», дык я думаю, што гэта вельмі складаны выбар. Памятаю, у сваім дзяцінстве аднойчы мяне паставілі перад такім выбарам і я не змагла, я сказала, што тады ні з кім.
Выбіраючы аднаго, здаецца, што здраджваеш другому, шмат страху, што калі абраў, то ўсё, шлях да іншага зачынены. Моцнае пачуццё віны. Калі прымушаюць выбіраць, тут можа быць моцная злосць, бездапаможнасць і роспач, ад якіх хочацца памерці, каб не выбіраць.
Камусьці гэта даецца лёгка: з маці блізкія адносіны, а тата, напрыклад, заўсёды на працы быў, выхоўваў увечары па пяць хвілін, у жыцці не ўдзельнічаў — тады прасцей. Ну, ці маці, якая п'е, а бацька не», — расказвае псіхолаг.
Ірына згадвае выпадак у сваёй практыцы: дзяўчынка-падлетак хацела жыць з бацькам пасля разводу, таму што ён не прымушаў яе рабіць урокі і дазваляў гуляць у камп’ютарныя гульні.
«Яна не адчувала ніякіх пакут выбару, думала павярхоўна і не хацела паглыбляцца ў філасофію. Калі тата перастаў спраўляцца і пачаў выхоўваць, то дзяўчынка захацела да мамы. Вось так яе псіхіка адаптавалася пад сітуацыю.
Псіхіка мае ў запасе шмат механізмаў, каб справіцца з любой сітуацыяй. Мы, як дарослыя людзі, павінны вучыцца несці адказнасць за любое наша дзеянне, любое рашэнне, а калі не спраўляемся, то трэба не заставацца аднаму і прасіць дапамогі», — падсумоўвае псіхолаг.
Чытайце таксама:
«Правіла пяці хвілін». Беларусы расказалі, як зліваюцца са спаткання, калі яно не падабаецца
Студэнтка прааналізавала, як пратэсты паўплывалі на сэксуальнае жыццё беларусаў
У мінскіх парках з'явіліся спецыяльныя «сталоўкі» для вавёрачак. Як гэта працуе?
Каментары
Калі ж паводзіны аднаго з пары неадэкватныя - медыятар цуда ня зробіць, выкінутыя грошы, і не малыя. Каб хоць неяк прывесьці бакі да нечага агульнага (бо зацікаўленыя) больш адэкватнаму проста кажуць - ну ты ж бачыш што размаўляць няма ніякага сэнсу, зрабі і дай ёй усё што яна хоча і пакуль яна хоча))) Прасьцей адразу праз суд, менш згубіш, суддзі маюць хоць нейкую ўладу і зьбіваюць амбіцыі.