«Схапілі і панеслі. Некалькі разоў паспелі ўдарыць». Беларус расказаў пра сваё затрыманне ў Грузіі
Яўген Муравіцкі расказаў Радыё Свабода, як яго затрымлівалі ў Тбілісі і як да яго ставіліся грузінскія сілавікі.
«Мяне схапілі і панеслі»
Яўген Муравіцкі паходзіць з Салігорска. Яму 25 гадоў. Пачынаў вучыцца ў БДУ, але адлічыўся і не атрымаў вышэйшай адукацыі. Працаваў праграмістам. Жыў у Расіі, потым у Грузіі, у Тбілісі. Апошні год не працаваў, бо не мог знайсці адпаведнай працы.
Паводле Яўгена, яго затрымалі ў 6:50 раніцай 30 лістапада. Ён тады знаходзіўся каля грузінскага парламента на праспекце Руставелі ў Тбілісі.
Паводле Яўгена, у нейкі момант на іх пабег спецназ. Пратэстоўцы хацелі ўцячы, але ўбачылі, што вуліцу з другога боку перакрываюць сілавікі, таму засталіся на месцы. Хлопец спрабаваў стаць у счэпку з паплечнікам. Больш ніхто не ведаў гэтага спосабу, таму счэпкі не выйшла. Сілавікі сталі паліваць іх слёзацечным газам. Некаторых білі нагамі.
Яўген адзначыў, што ён не моцна пацярпеў, у адрозненне ад іншых. Паводле яго, ніхто не супраціўляўся сілавікам, не абражалі. Аднак пазней Муравіцкага абвінавацілі ў «абразе паліцыянта».
«Мяне схапілі і панеслі. Некалькі разоў паспелі выцяць. Калі ўвесь твар заліты спрэем, не вельмі зразумела. Думаю, два або тры чалавекі мяне неслі», — успамінае Яўген.
Ён дадаў, што калі на яго распылілі слёзацечны спрэй, то ён быў дэзарыентаваны нейкі час. Моцна пякло вочы, твар. Цяжка было гаварыць. Маскі ці рэспіратара ў яго не было. Хлопец думае, што крыху выратавалі звычайныя акуляры для зроку.
«Я ім сказаў, што я «рускі»
Пакуль Яўгена неслі, ён зрабіў выгляд, што страціў прытомнасць, каб яго менш білі. Калі аднеслі далей ад месца пратэстаў, з ягоных словаў, яго яшчэ некалькі разоў далі нагой і палілі вадой. Ад вады апёкі сталі яшчэ больш пячы, таму ён «ачуняў».
«Калі запыталіся і я неяк здолеў разявіць рот і нешта сказаць, я ім сказаў, што я «рускі». Гэта было прасьцей сказаць, бо калі кажаш, што «я беларус», людзі адразу не разумеюць, што гэта такое», — кажа Яўген.
Грузінскія сілавікі распыталі, што ён рабіў на пратэстах. Пасля беларуса адвялі ў аўтазак. Паводле яго, у аўтазак пасадзілі столькі чалавек, колькі было месцаў, не больш. Дазвалялі затрыманым курыць. Нікога там ужо не білі. У некаторых забралі тэлефоны. Яўген згубіў тэлефон падчас затрымання.
Потым Муравіцкага завезлі ў паліцыю Тбілісі. Рукі падчас перавозкі сцягнулі сцяжкамі. Калі ў яго спала куртка, іншыя затрыманыя папрасілі сілавікоў паправіць яе хлопцу, бо было холадна, і тыя дапамаглі.
Пераймаліся праз тэмпературу 37 градусаў
Адтуль Муравіцкага даставілі ў КПЗ горада Сігнагі, які больш як за 100 кіламетраў ад Тбілісі. Везлі яго ўжо ў кайданках. Туды для беларуса прывезлі перакладчыка і адваката. У ізалятары ніхто з супрацоўнікаў не гаварыў ні па-расійску, ні па-англійску. Некалькі разоў яго аглядалі да сподняга мэдыкі, каб зафіксаваць пашкоджанні. Адна з мэдыкаў гаварыла па-руску і дапамагала паразумецца з паліцыянтамі.
Са словаў Яўгена, у камерах у ізалятары месціліся па двое чалавек. Выводзілі ў прыбіральню па першай просьбе. Дазвалялі курыць. Стан рамонту, паводле суразмоўцы, быў добры. У камеры быў стол.
Яўгену памералі тэмпеэратуру. Бескантактны тэрмометр паказаў 37 градусаў. Ён бачыў, што супрацоўнікі захваляваліся. Тэмпературу перамералі, новы вынік быў 36,8 градуса.
Праблема была ў тым, што Яўгену трэба рэгулярна прымаць пэўныя лекі. Аднак ён не здолеў іх атрымаць падчас знаходжаньня ў ізалятары. Складанасьці выйшлі ў тым ліку праз няведанне ім грузінскай мовы.
«Грузіны — людзі не чужыя»
Яўгена Муравіцкага вызвалілі з ізалятара каля 7 раніцы 2 снежня. Ніякіх папераў яму на рукі не выдалі. Завезці ў Тбілісі яго не змаглі. Грошай на дарогу ў беларуса не было. Яго з Сігнагі забраў сябар.
На 3 снежня Яўгена выклікалі ў міграцыйную службу Тбілісі. Ён пакуль ня ведае, пра што будзе размова.
«Відаць, што шанцы на добры вынік тут ёсць. Некаторыя краіны ўжо страцілі. У тых падзеях я не ўдзельнічаў зусім. Няхай бы нашым братам… Не ўсе назавуць грузінаў сваімі братамі, але ў нашым выпадку амаль усе мае сябры, усе, з кім я тут камунікаваў, — грузіны. То бок людзі не чужыя. Я бачу, як яны пераймаюцца за сваю краіну. Гэта банальная дапамога свайму блізкаму. Проста агульная ідэя. Я лічу, праўда за намі», — кажа Яўген.
Каментары