10 ліпеня 1994 года адбыўся другі тур прэзідэнцкіх выбараў, а 20 ліпеня прайшла інаўгурацыя.
З таго часу ён афіцыйна перамагаў на выбарах яшчэ пяць разоў: у 2001-м, 2006-м, 2010-м, 2015-м і 2020-м гадах.
Прычым абвяшчэнне вынікаў у 2006-м, 2010-м і 2020-м прыводзіла да пратэстаў.
У 2006 годзе на Кастрычніцкай плошчы ўзнік намётавы гарадок, які быў знішчаны ў ноч на 24 сакавіка, праз адміністрацыйныя арышты прайшлі дзясяткі чалавек, а за краты трапіў кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін.
19 снежня 2010 года масавая дэманстрацыя была разагнаная на плошчы Незалежнасці, некалькі сотняў чалавек былі затрыманыя, у тым ліку і сем кандыдатаў у прэзідэнты. Андрэй Саннікаў і Мікола Статкевіч былі асуджаныя да рэальных тэрмінаў. Уладзімір Някляеў правёў месяц за кратамі, Алесь Міхалевіч — два месяцы ў турме. Віталь Рымашэўскі, Дзмітрый Ус і Рыгор Кастусёў былі затрыманыя на нейкі час, але потым выпушчаныя.
Фальсіфікацыя вынікаў выбараў у 2020 годзе прывяла да масавых пратэстаў, якія доўжыліся некалькі месяцаў.
Адначасова з пратэстамі пачаліся масавыя рэпрэсіі, дзясяткі тысяч людзей прайшлі праз адміністрацыйныя арышты і штрафы, тысячы — праз СІЗА і калоніі, дзясяткі тысяч, калі не сотні тысяч, былі вымушаныя эміграваць. Рэпрэсіі не спыняюцца і сёння.
Каментары