У Мінску пачалі прадаваць новыя карты госця горада. Што гэта такое, колькі каштуе і навошта трэба?
У Мінску пачалі прадаваць новыя карты госця горада. Дакладней — карты госця II гульняў краін СНД (але функцыя засталася амаль той жа, што і раней). Выданне Blizko.by тэрмінова выехала ў краму і высветліла, якія плюсы дае маленькая картка ў вялікай драўлянай скрынцы.
Што прыдумалі?
Яшчэ на пачатку ліпеня ў Мінску прэзентавалі атрыбутыку II гульняў краін СНД. Лісяняці Лёсіку з II Еўрапейскіх гульняў кампанію цяпер складзе рысяня Рысік. Лёсік і Рысік — гэта магла б быць назва стэндап-шоу, але гэта афіцыйныя маскоты міжнародных спаборніцтваў
Разам з рознай сувеніркай у мінскай ратушы прадставілі і карту госця гульняў. Начальнік Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Максім Варапай распавёў, што ўладальнікі пластыкавай карткі атрымаюць зніжку ў пяцістах розных устаноў: музеях, гасцініцах, крамах і ўстановах, дзе можна перакусіць. Уладальнікі карты атрымаюць таксама прывабныя прапановы па перамяшчэнні паміж гарадамі, абяцалі на прэзентацыі.
У сярэдзіне ліпеня дырэктар Інфармацыйна-турысцкага цэнтра «Мінск» Аляксей Русакевіч расказваў:
«Гэта не новы праект. «Карта госця» ўяўляе сабой пластыкавую картку, якая дае яе ўладальніку права наведаць аб'екты турыстычнай індустрыі Мінска і Беларусі са зніжкамі.
Цяпер у праграму ўключаныя больш за 300 аб'ектаў. Плануем, што да жніўня іх колькасць складзе каля 500. Гэта кавярні і рэстараны, музеі і гасцініцы, паркі забаў і іншыя аб'екты. Зніжкі на іх наведванне па «карце госця» складаюць ад 5 да 50 працэнтаў».
Тэрмін дзеяння «карты госця», распрацаванай да II гульняў краін СНД, — з 1 жніўня 2023 года па 15 жніўня 2024-га. Ёй змогуць скарыстацца не толькі ўдзельнікі гульняў, але і ўсе заўзятары (і нават тыя, хто да гульняў абыякавы). А сёння пачаліся продажы.
Раней жа ўжо была нейкая карта госця?
Так, яшчэ ў студзені 2018 года ў Мінску з'явілася карта госця Мінска MinskCard. За некалькі месяцаў выпусцілі пяць фарматаў картаў у агульным ліку на 16 відаў, якія давалі розныя ўзроўні доступу і розныя «плюшкі» ў залежнасці ад цаны і статусу.
Тыя карткі дзейнічалі ад 1 дня да 12 месяцаў і давалі зніжку ў 10-50% на наведванне да 200 музеяў, а таксама зніжкі ў 5-30% на наведванне аграсядзіб і іншых аб'ектаў турыстычнага сэрвісу, — усяго каля 700 аб'ектаў па ўсёй краіне. А таксама карта дазваляла ездзіць без абмежаванняў у наземным транспарце і давала некаторую колькасць паездак на метро. Пры гэтым на частку паслуг карта дзейнічала на працягу 3 гадоў пасля набыцця.
Для трымальнікаў карты запусцілі спецыяльны сайт MinskPass.by з падрабязным апісаннем паслуг, пры замове якіх дзейнічае карта.
У інфармацыйна-турысцкім цэнтры «Мінск» Blizko.by расказалі, што тыя старыя карты больш нідзе не прадаюцца і не дзейнічаюць, выпрацаваўшы свой тэрмін прыдатнасці. Спецыяльна створаны сайт таксама не працуе.
Што абяцаюць цяпер?
З мінулай версіяй «карты госця Мінска» пакупнік атрымліваў буклет, дзе былі пазначаныя асноўныя месцы, у якіх можна было разлічваць на зніжку. Цяпер буклет таксама ёсць, але ён змяшчае толькі расклад саміх гульняў.
Асобнага сайта таксама ствараць не сталі — замест гэтага ўсе «плюшкі» звялі разам на абноўленым сайце самога інфармацыйна-турысцкага цэнтра «Мінск» па адрасе Minsktourism.by.
Выбраўшы ў фільтры «Мінск», можна паглядзець, што там прапануюць. Пакуль што ў спісе даступныя 66 устаноў. Гэта музеі, крамы, кавярні-рэстараны, гатэлі-хостэлы.
Самая маленькая зніжка — 2% у краму будаўнічых тавараў «Зрабі сам», самыя вялікія — 64% на наведванне музея архітэктурных мініяцюр «Краіна міні» і 100% на наведванне музея-цэнтра акіянаграфіі «Адкрыты акіян».
Акрамя таго, на наведванне некаторых музеяў прадугледжаная зніжка не ў працэнтах, а ў рублях.
Напрыклад, у Музей гісторыі беларускага кіно можна прайсці са зніжкай 2 рублі. Калі ўлічыць, што квіток для школьнікаў і птушнікаў там каштуе 2,5 рубля, — то зніжка выходзіць у 80%. Ва ўнівермагу «Беларусь» можна атрымаць зніжку да 7%, у ЦУМе — да 10%, у ГУМе — да 15%; у некаторых гатэлях — да 20%.
Сартавання ўстаноў па іх тыпу няма: можна выбудаваць пошук ці па навізне, ці паводле алфавіту, ці па адлегласці ад вас.
У рэгіёнах роскід зніжак яшчэ большы: скажам, на музеі часцяком пабачыш зніжку ў 50%, затое ў Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча можна трапіць са зніжкай аж у 20 капеек (на сайце напісана з памылкай: «0,20 капеек»).
Дзесьці зніжка ёсць, але выглядае вельмі ўжо дзіўнай, такую і патрабаваць неяк няёмка.
Скажам, у аграсядзібе «Утульны куток» у аграгарадку Клейнікі вам дадуць зніжку ў 10% на карыстанне дровамі, вугалем і шампурамі, а ў музеі «Бездзежскі фартушок» (вёска Бездзеж) вам дазволяць бясплатна сфатаграфаваць экспанаты.
Абяцаных «прывабных прапаноў па перамяшчэнні паміж гарадамі» знайсці не ўдалося — калі толькі не лічыць за такія паслугі турагенцтва.
Колькі каштуе карта, ці варта яна сваіх грошай і дзе яе купіць?
Карта госця II гульняў краін СНД каштуе 10 рублёў. Прадаецца яна пакуль толькі ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» (верхні ўзровень, справа ад галоўнага ўваходу, у пункце інфармацыйна-турысцкага цэнтра «Мінск» насупраць крамы бялізны).
Праўда, акурат сёння, у першы дзень, прадаць яе не маглі, бо нешта здарылася з тэрміналам. У інфацэнтры сказалі, што плануюць пашыраць спіс месцаў, дзе яе можна будзе купіць.
Не хвалюйцеся, што гульні скончацца і карты вам не дастанецца: як было сказана вышэй, яна прыдатная цягам года і нават крышачку даўжэй, а менавіта з 1 жніўня 2023 па 15 жніўня 2024-га.
Разам з пластыкавай карткай вы атрымліваеце немаленькіх памераў пляскатую драўляную шкатулку, пафарбаваную залатой фарбай, у якой таксама ляжыць буклет з раскладам гульняў. Шкатулцы можна знайсці нямала спосабаў выкарыстання — напрыклад, дарыць у ёй грошы на вяселле.
Ці вартая карта выдаткаваных на яе грошай? Залежыць ад таго, ці плануеце вы актыўна карыстацца паслугамі, на якія яна распаўсюджваецца. Але ўвогуле акупіць яе можна нават за адзін паход у музей. Скажам, у згаданы музей мініяцюр «Краіна міні» квіток для іншаземцаў каштуе 19 рублёў, і зніжка ў 64% азначае, што ўваход абыдзецца ў 6 рублёў 84 капейкі. Разам з самой картай выдаткі складуць 16,84 рубля, што на 2 з лішкам рублі менш, чым паўнавартасны ўваходны квіток.
І не забывайцеся, што карта каштуе 10 рублёў, а дзейнічае год — за год у розных месцах можна набраць зніжак у 10-15% на сотні рублёў.
Каментары