Незвычайная рэклама ў лонданскай газеце навяла прыхільнікаў на думку пра новы альбом Rolling Stones
Рэклама новай крамы па рамонце шкла ў невялікай лонданскай газеце Hackney Gazette неабазнанаму чалавеку падасца даволі трывіяльнай.
Няўжо Rolling Stones толькі што абвясцілі пра выпуск новага альбома? Прадстаўнікі гурта кажуць «без каментароў», але прыхільнікі, якія чакаюць новага альбома, гатовыя ўгледзець прыкметы непазбежнага яго з'яўлення ў чым заўгодна, уключаючы газетныя аб'явы, піша Бі-бі-сі.
Рэклама новай крамы па рамонце шкла ў невялікай лонданскай газеце Hackney Gazette неабазнанаму чалавеку падасца даволі трывіяльнай.
«Hackney Diamonds, Specialists in Glass Repair, Opening September 2023» («Hackney Diamonds, спецыялісты па рамонце шкла, адкрыццё ў верасні 2023 года»), — напісана ў абвестцы на трэцяй старонцы газеты ад 17 жніўня.
Далей у рэкламе паведамляецца, што прадпрыемства было заснавана ў 1962 годзе — у год заснавання Rolling Stones.
«Наша дружная каманда абяцае вам задавальненне. Калі вы скажаце «Дай мне прытулак» — мы адрамантуем вашы разбітыя вокны», — гаворыцца ў аб'яве. Фанаты без цяжкасцяў расшыфравалі спасылкі на некаторыя з найбольш вядомых хітоў гурта і выказалі здагадку, што гэта прамоўшн 31-га студыйнага альбома гурта, які выйдзе ў верасні.
Прыхільнікі знайшлі шмат знаёмых спасылак на гісторыю, тэксты і іканаграфію групы.
На літары «i» ў слове Diamonds намаляваны лагатып групы ў выглядзе языка і вуснаў. Diamonds таксама адсылае да турнэ Rolling Stones, прысвечанага 60-годдзю гурта і распачатаму летась у Мадрыдзе.
У тэкст рэкламы ўключаны спасылкі як мінімум на тры найбольш вядомыя хіты групы: (I Can't Get No) Satisfaction, Gimme Shelter і Shattered.
Па даных выдання NME, для надпісу Hackney Diamonds выкарыстаны той жа шрыфт, што і на альбоме гурта 1978 года Some Girls.
Рэклама накіроўвае чытачоў на вэб-сайт, дзе карыстальнікам прапануецца зарэгістравацца, а ўмовы прыватнасці падпісаны лэйблам групы Universal Music Group, якая займаецца выпускам бэк-каталога Rolling Stones.
Летась Rolling Stones адзначылі сваё 60-годдзе еўрапейскім турнэ па 10 краінах, уключаючы Вялікабрытанію.
Іх альбом з новай арыгінальнай музыкай стане першым пасля альбома 2005 года «A Bigger Bang» і першым пасля смерці барабаншчыка Чарлі Уотса ў 2021 годзе (ва ўзросце 80 гадоў).
Нязменнаму франтмену групы Міку Джагеру сёлета таксама споўнілася 80, Роні Вуду — 76, Кіту Рычардсу — 79.
Каментары