Прыгожын і Уткін загінулі, іх самалёт разбіўся над Валдаем. Што вядома на гэты момант
У адным матэрыяле сабралі інфармацыю пра катастрофу самалёта кіраўніка «Вагнера» і першыя рэакцыі. «Смерць Прыгожына паказала, чаго вартыя «гарантыі бяспекі», выдадзеныя Лукашэнкам», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Вечарам Міністэрства надзвычайных сітуацый Расіі паведаміла, што ў Цвярской вобласці разбіўся бізнэс-джэт, які належаў Яўгену Прыгожыну. Гэта здарылася прыкладна за 50 кіламетраў ад валдайскай рэзідэнцыі Уладзіміра Пуціна, якую ахоўваюць комплексы супрацьпаветранай абароны.
У 17:54 Embraer ERJ-135BJ Legacy 600 вылецеў з маскоўскага аэрапорта «Шарамеццева» ў санкт-пецярбургскае «Пулкава». Па даных «112», бізнэс-джэт знік з радараў праз 26 хвілін пасля вылету, а на шматразовыя выклікі дыспетчара экіпаж не рэагаваў.
Самалёт упаў у раёне населенага пункта Кужанкіна і загарэўся.
Відавочцы з навакольных вёсак знялі гэты момант на відэа. Мяркуючы па запісах, у самалёт або трапіла ракета, або на яго борце адбыўся выбух. Абломкі самалёта разляцеліся ў радыусе некалькіх кіламетраў, што пацвярджае версію пра выбух.
На борце знаходзілася 10 чалавек, з іх 3 члены экіпажа. Усе, хто знаходзіўся на борце, загінулі.
Экіпаж з трох чалавек і ўсе сем пасажыраў памерлі да прыезду медыкаў.
Пасля кароткага перыяду няпэўнасці расійскія медыя, а таксама тэлеграм-каналы, звязаныя з вагнераўцамі, паведамілі, што Прыгожын быў на борце самалёта.
Таксама, паводле даных Расавіяцыі, пры крушэнні бізнэс-джэта загінуў камандзір ПВК «Вагнер» Дзмітрый Уткін. Ад яго пазыўнога — «Вагнер» — вайсковая кампанія і атрымала сваю назву.
Як паведамляла спачатку ТАСС са спасылкай на адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу Балагоўскага раёна, ратавальнікі, якія прыбылі на месца крушэння самалёта ў Цвярской вобласці, дасталі з-пад абломкаў целы сямі чалавек.
Напрыканцы дня 23 жніўня агенцтва «Інтэрфакс» паведаміла, што пошукавая аперацыя на месцы крушэння бізнэс-джэта Прыгожына завершаная.
«На месцы катастрофы знойдзеныя парэшткі 10 чалавек: сямі пасажыраў і трох членаў экіпажа», — заявіў суразмоўца агенцтва.
Прычына крушэння самалёта Прыгожына дакладна невядомая. Звязаны з ПВК «Вагнер» тэлеграм-канал Grey Zone паведаміў, што самалёт быў збіты ракетай СПА, падведамнай Міністэрству абароны Расіі.
Па словах вайсковага эксперта Юрыя Фёдарава, на борце бізнэс-джэта адбыўся выбух.
Следчы камітэт Расіі завёў па факце катастрофы крымінальную справу аб парушэнні правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту.
Канал РБК паведаміў, што следства разглядае ўсе версіі крушэння самалёта Прыгожына, у тым ліку памылку пілота і «знешняе ўздзеянне».
Крыніца ў расійскай уладзе паведаміла The Moscow Times, што побач з месцам падзення самалёта Яўгена Прыгожына, непадалёк ад рэзідэнцыі Уладзіміра Пуціна на Валдаі, стаяць чатыры дывізіёны С-300, якія ахоўваюць рэзідэнцыю. Паводле слоў крыніцы, тое, што адбылося з самалётам Прыгожына, і месца падзення — не выпадковасць, а, хутчэй за ўсё, пакаранне за мяцеж.
Тэлерам-канал «Царьград» са спасылкай на сваю крыніцу паведаміў, што целы Яўгена Прыгожына і Дзмітрыя Уткіна «папярэдне апазналі». Таксама канал паведамляе са спасылкай на крыніцу ў камісіі Расавіяцыі, што самалёт Прыгожына нібыта быў падарваны. Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.
Тэлеграм-канал Grey Zone, набліжаны да «Вагнера», пацвердзіў гібель Прыгожына. Раней гэты самы канал заклікаў чакаць правераную інфармацыю.
Іншы расійскі тэлеграм-канал Readovka са спасылкай на крыніцы заявіў, што нібыта адбываецца нарада камандзіраў ПВК «Вагнер», і па яе выніках будзе апублікаваная заява.
Між тым каля «ПВК Вагнер Цэнтра» ў Санкт-Пецярбургу з’явіўся стыхійны мемарыял — людзі нясуць туды кветкі і запальваюць лампадкі.
Увечары былі таксама фота, што вокны ў былым офісе «Вагнера» свяціліся ў форме крыжа, але паведамляецца, што такое назіралася апошнія месяцы.
Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што ў раёне вёскі Цэль Асіповіцкага раёна, дзе знаходзіцца палявы лагер вагнераўцаў, ёсць праблемы з мабільнай сувяззю.
Калі вы назіраеце важнае і цікавае, асабліва ў раёнах размяшчэння вагнераўцаў у Беларусі, дасылайце інфармацыю рэдактару «Нашай Нівы» ў тэлеграм ці на [email protected].
Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).
Смерць Прыгожына ставіць у тонкую сітуацыю і Аляксандра Лукашэнку. Менавіта пад гарантыі Лукашэнкі, паводле афіцыйнай версіі, Прыгожын спыніў рух на Маскву, а яго сілы выехалі ў Беларусь. Выходзіць, слова Лукашэнкі нічога не значыць.
У кулуарах жа ходзяць іншыя чуткі: што Аляксандра Лукашэнку ў пытанні Прыгожына паставілі перад фактам.
Смерць Прыгожына пракаментавала і беларуская нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская.
«Па Прыгожыне ў Беларусі не будуць сумаваць. Ён быў забойцам, і яго трэба памятаць такім. Чакаем ліквідацыі групоўкі «Вагнера» ў Беларусі, што знізіць пагрозу нашай краіне і суседзям. Смерць Прыгожына паказала, чаго вартыя «гарантыі бяспекі», выдадзеныя Лукашэнкам», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Чытайце яшчэ:
Тэлеграм-канал Grey Zone, набліжаны да «Вагнера», пацвердзіў гібель Прыгожына
Белы дом адрэагаваў на падзенне борта Прыгожына
Побач з месцам падзення самалёта Прыгожына стаяла чатыры дывізіёны С-300 — The Moscow Times
У самалёце, апрача Прыгожына, мог быць і Уткін-Вагнер — медыя
Следчыя разглядаюць некалькі версій крушэння самалёта Прыгожына — РБК
Ратавальнікі дасталі з-пад абломкаў «Эмбраера» целы сямі чалавек
Каментары