Грамадства1313

«40% палітвязняў — моладзь да 25 гадоў». Дарадца Ціханоўскай пра дылему: з'язджаць ці заставацца

Як бачыць свае перспектывы беларуская моладзь у краіне і за мяжой і як ёй могуць дапамагчы дэмакратычныя сілы? Расказвае Марго Ворыхава, дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнтах, у размове з «Радыё Свабода», чым яна будзе займацца, пра 627 маладых палітвязняў, а таксама пра тое, у якія замежныя краіны і якія ВНУ ёсць шанец трапіць моладзі з беларускімі пашпартамі.

Марго Ворыхава. Фота: «Радыё Свабода»

«У Беларусі было даволі шмат эйджызму»

— Колькі моладзі сярод прызнаных палітвязьняў?

— 627 палітзьняволеных, або 40% ад усіх палітзьняволеных, — гэта маладыя людзі да 25 гадоў. Што да дапамогі і падтрымкі, то гэта аднолькава для ўсіх палітвязьняў — лісты, данаты, апякунства над палітвязьнямі.

— Як часта вы сутыкаліся з эйджызмам, калі вас недаацэньвалі альбо дыскрымінавалі з прычыны маладога ўзросту? У Беларусі, у эміграцыі?

— Так, у Беларусі было даволі шмат эйджызму. У тым ліку з боку адміністрацыі ва ўнівэрсытэце, у школе. Калі я спрабавала рабіць нейкія праекты, ініцыятывы, мне заўсёды казалі: «Вось ты спачатку скончы ўнівэрсытэт, а потым займайся, чым табе хочацца, у цябе адна мэта — вывучыцца, атрымаць як мага больш нашай цудоўнай савецкай адукацыі, а потым ужо займацца сур’ёзнымі справамі». І гэта можна толькі рабіць, калі табе 35, 40 гадоў.

Заўсёды было прынята ў краіне, што ў палітыку калі і ісьці, то не маладым, а хутчэй людзям, якія набраліся досьведу. Вельмі прыемна бачыць, як гэтае стаўленьне мяняецца пры ўезьдзе ў Эўразьвяз, калі ты кантактуеш з больш устойлівымі дэмакратычнымі структурамі, у якіх разумеюць, што моладзь — цудоўная група і яе трэба ўцягваць у розныя працэсы. У розных краінах ЭЗ ёсьць устойлівыя практыкі ўвядзеньня квот, уцягваньня моладзі ў працэс прыманьня рашэньняў. Абавязкова ў парлямэнце павінна быць пэўная колькасьць моладзі ў суадносінах.

Моладзь — самыя ідэйныя, самыя актыўныя, вельмі адукаваныя і разумныя людзі, якіх трэба ўцягваць ва ўсе працэсы. Хочацца, каб у нас да моладзі было такое ж стаўленьне. Бо гэтыя людзі будуць рухаць нашу краіну наперад, а ня тыя, каму трэба набрацца досьведу і толькі пасьля ўцягвацца ў розныя працэсы. Мы страчваем тады вялікі пласт энэргіі, рэсурсу і матывацыі.

— Як шмат маладых людзей у камандзе Ціханоўскай?

— Насамрэч вялікі адсотак каманды — маладыя людзі. Гэта радуе і паказвае, што моладзь, калі даць прастору і магчымасьць удзельнічаць, займае самую актыўную пазыцыю, ня толькі ў Офісе Ціханоўскай, але і ў Каардынацыйнай радзе (ёсьць моладзевая фракцыя і моладзевая кааліцыя).

«Была вымушаная выехаць зь Беларусі пасьля масавай ліквідацыі недзяржаўных арганізацый»

— Пра ваша прызначэньне стала вядома менш як месяц таму на канфэрэнцыі «Новая Беларусь — 2023». Колькі вам гадоў, дзе вы вучыліся, які ваш досьвед, кампэтэнцыі, актыўнасьць?

— Мне 22 гады. Я была і застаюся прэзыдэнткай Беларускага нацыянальнага моладзевага савету «Рада». У «Раду» ўваходзіць 38 арганізацый розных кірункаў (культурныя, ЛГБТ, экалягічныя, адукацыйныя ініцыятывы ды іншыя). Я займалася і займаюся прасоўваньнем моладзевых пытаньняў на розных узроўнях. Большую частку часу аддаю міжнароднай працы ў розных структурах — прадстаўляю «Раду» ў кантактнай групе Рады Эўропы і ў Каардынацыйнай радзе Эўразьвязу. Акрамя гэтага, мы прадстаўляем беларусаў на Эўрапейскім моладзевым форуме. Там я займаюся распрацоўкай рэзалюцый, дакумэнтаў, справаздачаў аб правах моладзі ў Беларусі. Сёлета ў лістападзе мы прадставім на разгляд рэзалюцыю па маладых палітвязьнях. Я таксама была ўдзельніцай Эўрапейскага моладзевага парлямэнту ў Беларусі і Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.

Гэта ўсё валянтэрская дзейнасьць. Акрамя гэтага, я працую ў IT-кампаніі, але цяпер завяршаю там працу і пераходжу цалкам у Офіс Сьвятланы Ціханоўскай. Два гады я вучылася ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце на факультэце эканомікі і мэнэджмэнту, год адвучылася ў ЭГУ на міжнароднай эканоміцы і палітыцы. Была вымушаная выехаць зь Беларусі пасьля масавай ліквідацыі недзяржаўных арганізацый у 2021 годзе.

— Да вас прадстаўніцай Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў была Алана Гебрэмарыям (да таго, як трапіла за краты), далей гэтая пазыцыя была вакантная, і цяпер яе занялі вы. Маглі б расказаць, чым вы будзеце займацца?

— Я бачу маю пазыцыю як абʼяднальную для ўсяго моладзевага сэктару, каб сфармаваць у моладзевых арганізацый, маладых людзей у цэлым разуменьне таго, якая праца вядзецца на розных узроўнях у моладзевым сэктары і як яны могуць стаць часткай усеагульнага моладзевага руху. Адпаведна, каб сфармаваць ва ўсёй грамадзянскай супольнасьці разуменьне таго, як моладзь Беларусі прасоўвае беларускі парадак дня, колькі рэсурсаў мы ўкладаем у гэты рух, якія ёсьць структуры ў рамках гэтага руху, як яны ўсе аб’ядноўваюцца і ўзаемадзейнічаюць.

Я буду займацца распрацоўкай моладзевай палітыкі — дакумэнта, які быў бы ўмоўна тэхнічнай візіяй беларускай моладзі пра тое, як павінен выглядаць наш сэктар у Беларусі, калі яна будзе дэмакратычнай і прававой. Будзе праца па кірунках — дапамога маладым палітвязьням, даваньне магчымасьці адукацыі для беларускай моладзі, а таксама каб беларуская моладзь была ўключаная ў працэс прыняцьця рашэньняў на розных узроўнях у розных краінах і ў розных структурах.

— Лукашэнка шмат гадоў мае БРСМ, даволі шмат людзей робяць карʼеру праз гэтую арганізацыю. Ці патрэбная ўвогуле моладзевая арганізацыя?

— Я думаю, што патрэбная. Але я субʼектыўная, бо я прэзыдэнтка «Рады», якая аб’ядноўвае многія моладзевыя арганізацыі ў адзіную структуру і рух. Яна не ахоплівае ўвесь пул арганізацый, якія існуюць у Беларусі, але хацелася б абʼядноўваць як мага болей моладзевых арганізацый пад адну структуру… У мяне ёсьць досьвед камунікацыі як з арганізацыямі ўнутры Беларусі, так і па-за Беларусьсю. Мая пасада прадугледжвае аб’яднаньне і зьмяншэньне разрыву паміж гэтымі групамі.

Зьяжджаць ці заставацца моладзі?

— Многія людзі ў Беларусі рыхтуюцца да ад’езду ў іншыя краіны, і іх матывацыя найперш тычыцца дзяцей, якія ў Беларусі трапляюць у вельмі ідэалягізаванае асяродзьдзе, унівэрсытэты становяцца не ўстановамі адукацыі, а палітычнымі і прапагандысцкімі ўстановамі. Які ваш адказ у гэтым няпростым выбары — заставацца ці ехаць?

— Абодва выбары ня самыя простыя. Памятаю свае сумневы, калі я пакідала Беларусь. Я разумею, што краіна мяняецца. І я са сваёй пазыцыяй чалавека, які знаходзіцца два гады не ў Беларусі, не магу даваць прамых парадаў. У кожнай пазыцыі ёсьць умовы, пры якіх зьяжджаюць і ў якія пераяжджаюць. Зь сямʼёй зьяжджаць значна больш складана, чым аднаму. Вывучэньне мовы, легалізацыя — праз гэта цяжка праходзіць. Я не хачу раіць, але калі застаяцеся ў Беларусі, то важна засьцерагаць дзяцей ад ідэалягічнага ўплыву і даваць нейкую альтэрнатыву. Важна ўплываць і адукоўваць унутры сямʼі, расказваць падчас кухонных размоваў, што насамрэч адбываецца ў краіне, што адбывалася некалькі гадоў таму на вуліцах нашых гарадоў. Хаця б такія малыя крокі дапамогуць, каб моладзь разумела, што адбываецца, і была ў кантакце ў тым ліку і з дэмакратычнымі сіламі. А калі наважыцеся выяжджаць, то гэта запатрабуе вялікіх сілаў. Гэта складаны працэс, але заўсёды ёсьць арганізацыі, якія могуць дапамагчы ў ім.

— Вядома, наколькі складана моладзі зь беларускімі пашпартамі трапіць у ЭЗ, стаць студэнтамі. У той жа Чэхіі Сьвятлана Ціханоўская зь вялікай цяжкасьцю змагла паспрыяць, каб беларускія студэнты мелі магчымасьць атрымліваць візы, вучыцца і нават мець стыпэндыі. Але гэта вельмі невялікая колькасьць людзей, літаральна некалькі дзясяткаў. Як бы вы параілі, у якія краіны, у якія ВНУ ёсьць шанец трапіць моладзі зь беларускімі пашпартамі?

— Ёсьць розныя праграмы ў розных унівэрсытэтах, трэба вывучаць патрабаваньні. Ёсьць спэцыялізаваныя праграмы для маладых беларусаў. Самая простая опцыя, на мой погляд, — ЭГУ, куды даволі проста паступіць без высокага ўзроўню ангельскай мовы. Можна напісаць у офіс Сьвятланы Ціханоўскай дарадцы ў адукацыі і атрымаць кансультацыю аб праграмах, адкрытых для беларусаў. Такім чынам можна падабраць ВНУ, якая можа прапанаваць больш інклюзіўныя ўмовы для таго, хто жыве ў Беларусі.

Каментары13

  • Беларусы за мяжой, будзьце беларусамі
    09.09.2023
    Не забывайце хто вы, дапамагайце беларусам
  • mikola
    09.09.2023
    *Prezydentka* ? smeh u bely dzen....
  • Васіль
    09.09.2023
    Беларусы за мяжой, будзьце беларусамі, калі мяне звальнялі з працы за подпісы, ніхто мяне не падтрымаў. Ніхто! Якія гэта беларусы? Натоўп біясмецця. Я не буду дапамагаць.

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром3

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →