Здароўе33

Чарвякі пад скурай як у фільмах жахаў. Навуковец тлумачыць, што такое дырафілярыёз, які распаўсюджваецца на Гомельшчыне

Гэты паразіт нядаўна быў экзатычным для Беларусі. Першы выпадак захворвання на дырафілярыёз быў зарэгістраваны ў 1997 годзе. Цяпер фіксуецца ўжо да 20 выпадкаў за год, і гэта часцей за ўсё Гомельшчына.

Так выглядае дырафілярыёз. Фота: ppt-online.org

Днямі эпідэміёлагі паведамілі, што ў жыхаркі Рэчыцы з мяккіх тканак сцягна быў выдалены чарвяк даўжынёю ў 1,2 сантыметры. У 2021 годзе дактары дапамаглі пазбавіцца ад такога паразіта земляку жанчыны.

Дырафілярыёз выклікае чарвяк-паразіт роду Dirofilaria, які селіцца ў арганізме чалавека. Яго зародкі пранікаюць туды праз укусы насякомых-крывасмокаў, найчасцей заражаных камароў. Яны «разжываюцца» лічынкамі дырафілярый з крыві хворых жывёлаў.

Дырафілярыя даволі хутка, да 10—15 см за дзень, перасоўваецца з аднаго месца арганізма ў іншае. Характэрная прыкмета таго, што чалавек інфіцыраваны — гэта, акурат, міграцыя пухлінападобнага ўтварэння.

Найчасцей паразіт селіцца пад скураю канцавін, на вачах, жываце, грудной клетцы. Калі ад яго своечасова не пазбавіцца, то могуць пацярпець вочы, галаўны мозг, сардэчна-сасудзістая сістэма.

У арганізме чалавека чарвяк не развіваецца да полаваспелай асобіны, але можа расці да пяці месяцаў.

Інфікаваная дырафілярыёзам рука і чарвяк, які выклікаў хваробу. Фота: ddu303.minsk.edu.by

«Такія чарвякі часам затрымліваюцца ў лёгкіх і выклікаюць лёгачны дырафілярыёз, часам пад скурай, дзе ўтвараюць вузельчыкі, часам на вачах, што можа прывесці да слепаты», — расказвае хімік Сяргей Бесараб

Калі інфекцыя паражае вока, хворыя скардзяцца на тое, што ў ім нібы парушынка. Найцяжэйшы выпадак, калі інфікаваны вочны яблык. Пры лёгачнай форме можа быць боль у грудзях, кашаль, павышаная тэмпература.

Першасныя сімптомы немачы — сверб. Часта хворы не звяртае на яго асаблівай увагі, бо ён нагадвае рэакцыю на ўкус камара. Але якраз у месцы часання і селіцца чарвяк.

Пасля скаргаў на перамяшчэнне чарвяка дактары, якія не ведаюць пра дырафілярыёз, нярэдка накіроўваюць пацыентаў на кансультацыю да псіхіятра, хоць адчуванні самыя што ні ёсць дакладныя, адзначаюць эпідэміолагі.

Выдаляюць паразіта хірургічна.

«Палёгка хіба ў тым, што чарвякі есць розныя, і працяканне філярыятозаў, да якіх адносіцца дырафілярыёз, таксама рознае. Напрыклад, чарвякі (нематода), якія выклікаюць вочную слепату, знішчаюць рагавіцу вока, прытым імунітэт чалавека не рэагуе на паразіта, і калі не ведаць, дзе шукаць, то чалавек проста слепне», — расказвае навуковец.

«Нематода Банкрафта» выклікае слановую хваробу, працягвае ён. Пасля пападання ў арганізм чалавека селіцца ў лімфатычных вузлах, блакуе працэс выхаду вадкасці з арганізму. У выніку канцавіны пачынаюць назапашваць ваду, становяцца падобнымі да ног слана».

У Беларусі першы выпадак захворвання на дырафілярыёз быў зарэгістраваны ў 1997 годзе. Тады гэтая хвароба лічылася экзатычнай.

За апошняе дзесяцігоддзе сітуацыя змянілася. Арэал распаўсюджання хваробы пашырыўся. Штогод фіксуецца ад 3 да 20 выпадкаў заражэння дырафілярыёзам. 

Дырафілярыёз найчасцей дыягнастуюць у жыхароў Гомельшчыны, а таксама Магілёўшчыны і Мінску.

Інфекцыяністы звязваюць павелічэнне колькасці хворых з наступствамі глабальнага пацяплення і больш актыўнай міграцыяй людзей.

За гэты час паболела і камароў, якія пераносяць паразітаў. Эпідэміёлагі дапускаюць, што заедзь пладзіцца з-за павышэння сярэднясутачнай тэмпературы паветра. 

Сяргей Бесараб заўважае, што з паведамленняў эпідэміёлагаў не зразумела, як можа развівацца сітуацыя. На яго думку, пра двух хворых з Рэчыцы стала вядома з-за выпадковай уцечкі даных.

«Вядома ж, першая думка — гэта эфекты ад кліматычных зменаў, пацяплення.

Падвышэнне тэмпературы прывяло да нашэсця гнусу, камароў. Вакол Рэчыцы — балоты, Палессе, дзе проста рай для размнажэння крывасмокаў, якія пераносяць паразітаў. Але тут трэба не выключаць і магчымасці таго, што людзі ездзілі адпачываць у нейкую паўднёвую краіну і там заразіліся. Усё гэта мае высвятляць дасведчаны эпідэміёлаг», — мяркуе навуковец.

Праблема дырафілярыёзу ўзмацняецца, калі своечасова не выяўляюць і не дэгельмінтызуюць заражаных жывёлаў, адзначаюць спецыялісты.

Звычайна чалавек заражаецца дырафілярыёзам падчас сельскагаспадарчых работ, адпачынку на прыродзе, калі камары актыўныя. Найчасцей гэта май — верасень.

Раней арэалам распаўсюджання дырафілярыёзу былі паўднёвыя краіны — субтропікі Паўднёвай Азіі, Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі.

«З-за пацяплення новыя эндэмічныя раёны з’яўляюцца там, дзе іх ніхто не чакае. І гэта тэндэнцыя будзе толькі нарастаць. Магчыма, чалавецтву прыйдзецца ўспомніць яшчэ шмат якіх забытых хвароб», — адзначае Сяргей Бесараб.

Сяргей Бесараб дадае: задача эпідэміёлагаў — знайсці першакрыніцу заражэння. Калі выяўляюцца хворыя, спецыялісты санэпідэмстанцый мусяць быць «сапраўднымі расследавальнікамі».

«Гэта як у амерыканскіх фільмах, накшталт «Эпідэміі». Змаганне там ідзе з вірусамі часцей, але прынцыповай розніцы ў механізмах пошуку «нулявога пацыента» няма», — заўважае навуковец.

Беларуская медыцына мае неабходныя сродкі для барацьбы з захворваннем. Ёсць абсталяванне для дыягностыкі ды хірургічнага выдалення чарвякоў.

Паразіт, які «пасяліўся» ў воку. Скрын з дакументальнага фільму BBC: «Паразіты ўнутры нас»

Каб перад вачыма быў візуальны вобраз таго, што адбываецца з чалавекам, які падчапіў дырафілярыёз, навуковец раіць паглядзець дакументальны фільм кампаніі BBC «Паразіты ўнутры нас».

«Можна ўспомніць фільм для дарослых «Дамешак», у якім паказана перамяшчэнне паразіта (таксама круглага чарвяка) пад скурай чалавека. Вядома, тыя ж рэчыцкія дырафілярыі памерам меншыя, перамяшчаюцца павольней, але падыход аднолькавы, — гаворыць Бесараб. — Ну і, нарэшце, калі хто яшчэ памятае, у вядомым серыяле «Байкі са склепа» ў эпізодзе «Dead Wait» таксама паказаныя падскурныя нематоды».

Эпідэміёлагі нагадваюць пра меры асабістай прафілактыкі: бараніцца ад укусаў камароў. Едзеце на прыроду, працуеце ў агародзе, сярод жывёлы — выкарыстоўвайце рэпеленты. А пры падазрэнні на заражэнне дырафілярыёзам звяртайцеся да медыкаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Дзе ў Мінску найбольш кляшчоў. Паглядзіце карту

«Ціхі забойца». Як абараніць сябе ад трамбозу

Загадка Y-храмасомы

Каментары3

  • Žvir
    14.09.2023
    Aj, fu-u-u.
  • Bhagawan
    14.09.2023
    Tut nie chapaje novych bajek pra vampiraŭ, inšapłanietnikaŭ ĉi bijalagičnuju zbroju...
  • вось
    15.09.2023
    на жаль гэта не байкі...

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары12

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля затрыманняў у Смаргоні некалькі чалавек застаюцца пад арыштам

Назваць дачку Арэшніцай у гонар балістычнай ракеты хочуць бацькі з Татарстана7

На «Марафоне адзінства» ў Магілёве Марзалюк граміў ворагаў словамі Караткевіча31

Каардынацыйная рада заклікала Літву і Украіну памяняць Верамейчыка на беларускіх шпіёнаў13

Інтэрнэт-махляры перайшлі на зімовы асартымент

«У Беларусі было зразумела, што ўсе за адно» — новы ТОК з Ідракам Мірзалізадэ3

У калодзежы ў Смаргонскім раёне патанула 96-гадовая жанчына

Мінскі тэатр імя Горкага закрыўся на рамонт. Якім ён будзе пасля абнаўлення3

Страх пустой прасторы. Што яднае готыку і савецкі бабушатнік?13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары12

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →