Украінскія спецслужбы сцвярджаюць, што ўдарылі ўчора па вайсковай часці ў Крыме, дзе былі расійскія генералы
Крыніцы выдання «Украінская праўда» ў Службе бяспекі Украіны сцвярджаюць, што ў выніку атакі на камандны пункт Чарнаморскага флоту РФ у раёне Севастопаля раніцай 20 верасня была ліквідавана жывая сіла і знішчаны дарагія вайсковыя сістэмы.
Паведамляецца, што спецаперацыю правялі супольна СБУ, Паветраныя сілы і ВМС УСУ. Ракетны ўдар быў здзейснены пасля таго, як СБУ пацвердзіла, што ў вайсковай часці знаходзяцца камандзіры расійскага флоту, якія вызначылі базу запасным камандным пунктам.
Днём 20 верасня стала вядома пра выбухі ў акупаваным Крыме. Прызначаныя Расіяй улады заявілі пра адбітую ракетную атаку, а ўкраінская разведка — пра паспяховую.
Пацвярджэння ні першай, ні другой версіі на гэты момант няма.
Сёння ранкам Мінабароны РФ паведаміла пра маштабную атаку дронаў на Крым. Паводле расійскага боку, сілы іх СПА знішчылі над акваторыяй Чорнага мора і Крымам 19 украінскіх беспілотнікаў самалётнага тыпу. Таксама БПЛА былі збітыя ў Курскай, Белгародскай і Арлоўскай абласцях.
Каментары