«Практычна ўсе свае заняткі ператвараў у тэатралізаваныя паказы, выклікаючы ў слухачоў пачуццё заглыблення ў праблему», — паведамляецца ў некралогу пра выкладчыка факультэта фізічнага выхавання Магілёўскага дзяржуніверсітэта.
17 кастрычніка пайшоў з жыцця ветэран факультэта фізічнага выхавання, дацэнт кафедры спартыўных і медыка-біялагічных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Алег Іванавіч Ульянаў, паведамляе сайт універсітэта.
Алег Ульянаў нарадзіўся 16 ліпеня 1947 года ў горадзе Усурыйск Прыморскага краю. У 1970 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры і быў накіраваны на працу ў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (1970—1972). Некаторы час працаваў у Магілёўскім тэхналагічным інстытуце (1973—1977).
З 1978 года — старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання Магілёўскага дзяржаўнага педінстытута імя Аркадзя Куляшова (1978—1986), пазней — намеснік дэкана факультэта фізічнага выхавання (1987—1994), загадчык кафедры методык выкладання спартыўных дысцыплін (2002—2013), дацэнт кафедры методык выкладання спартыўных дысцыплін (2014— 2017), дацэнт кафедры спартыўных і медыка-біялагічных дысцыплін (2018—2023).
«Выдатны педагог, Алег Іванавіч практычна ўсе свае заняткі ператвараў у тэатралізаваныя паказы, выклікаючы ў слухачоў пачуццё заглыблення ў праблему. Высокая эмацыйнасць, бездакорная логіка высноў, маляўнічыя прыклады рабілі яго лекцыі яркімі і запамінальнымі», — гаворыцца ў некралогу ВНУ.
Прыроджаная інтэлігентнасць і хвацкае пачуцце гумару дазвалялі Алегу Іванавічу згладжваць самыя вострыя вуглы і мірыць самых заўзятых апанентаў. Выключная працаздольнасць, уменне не проста зацікавіць, а захапіць і павесці за сабой зрабілі яго безумоўным лідарам у сваёй галіне навукі і ў педагагічнай дзейнасці.
Алег Ульянаў не абмяжоўваў кола сваіх інтарэсаў спортам, якому прысвяціў усё жыццё, выдатна разбіраўся ў мастацкай літаратуры, жывапісе, пакінуў пасля сябе велізарную колькасць вершаў.
Каментары